Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Вёска. Нічые. Рэвізія - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Вёска. Нічые. Рэвізія

Электронная книга - «Вёска. Нічые. Рэвізія». Краткое содержание книги:

Аповесці Нічые, Вёска і раман Рэвізія, што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
1 ... 167 168 169 170 171 172 173 174 175 ... 198
Перейти на страницу:

Яна глядзела не на яго, а ў цёмнае акно. У руцэ яе зусім не грацыёзна, заціснутая паміж указальным і вялікім пальцамі, дымілася цыгарэта. Трухан таксама за кампанію паглядзеў у акно. І ўбачыў, як у люстэрку: дзяўчына сядзіць, ён стаіць, медзведзявата над ёю нагнуўшыся, абапіраючыся кулакамі на стол … Але ў цэлым — нічога, сімпатычная карцінка. Такое адчуванне, што нібыта не на кухні яны зараз, а ў купэ цягніка, пазіраюць разам у цёмнае люстра акна, і ехаць ім яшчэ доўга­доўга, аб усім хопіць часу нагаварыца…

«Перастань, — няўпэўнена сказаў ён, чамусьці не да жывой Нэлі звяртаючыся, а да адбітку яе ў акне. — Я ж усё разумею, ведаю сваё месца».

«Адкуль ты яго ведаеш? Хто табе на яго паказаў пальцам? Ці табе прадалі на яго білет?» — у яе, відаць, таксама ўзнікла асацыяцыя з чыгункаю, цягніком, купэ.

«Ты ж ведаеш, пра што я».

«Нічога не ведаю. Хіба ты мне расказваў калі­небудзь? Ці хоць бы спрабаваў? Ты ж якімісьці сваімі, нам, звычайным, недаступнымі праблемамі заняты…»

«Дык і ты нібыта не дужа цікавілася. Раскажу як­небудзь… Можна мне цыгарэту?» — не вытрымаў ён.

«Калі ласка, — яна пасунула да яго пачак. — Толькі навошта чакаць?»

«У сэнсе?»

«Каб пагаварыць нам нармальна. Запрасі мяне ў кіно, у кавярню, у парк пагуляць…»

Якая салодка­ліпкая павуціна слоў, як лёгка ў яе ўблытацца!.. У яго зноў зашумела ў галаве.

«Моцная цыгарэта, — сказаў ён, — а я думаў, так — дамская…»

«Цыгарэта як цыгарэта. Дык запросіш? Ці ўсе вы аднолькавыя — толькі на словах малайцы?»

З выклікам, нібы пацьвельваючы яго, яна гаварыла. Але ён быў удзячны ёй і згодны нават на такое: хай розыгрыш, хай проста пасмяецца яна з яго. Абы яшчэ крыху працягнуць гэты момант — яны ўдвух, ціхія галасы, іхнія адбіткі у ваконным шкле…

«У мяне ёсць іншы варыянт. Паехалі да мяне ў вёску? На наступныя выхадныя. Цягнік цэлую ноч едзе. Нагаворымся… Дзень там пабудзем, а ўвечары назад. Ад цябе нічога не патрабуецца, толькі ты сама. Ну, як?» — Нарэшце ўдалося яму перахапіць ініцыятыву. У яго словах быў выклік.

«А што, — сказала яна пасля паўзы. — Я згодная».

(«Выходзь за мяне замуж». — «Я згодная», — таксама зляціць некалі з гэтых жа вуснаў. Грудкі сукенку напінаюць, варушацца, як жывыя. Вочкі­шчочкі, эх, ты, Церашкоў!..)

«Цікава нават. Дарогу я люблю. Як і вёску… А хто там у цябе? Я думала, ты круглы сірата».

«Дзед з бабаю. І яшчэ… гэта крыху іншая вёска, — сказаў ён. — Не такая, як ты, відаць, уяўляеш. Не дачны пасёлак. Наша — цёмная, чарнобыльская, спітая, напаўразбураная, акрамя прыроды нічым больш не цікавая… У хаце — сажа, бруд, падлога не мытая. Прыбіральня, выбачай, на дварэ».

«Напалохаў. На бульбе я не была, ці што? І дождж, і холад… Асабліва нам, дзеўкам: ні памыцца, ні, пардон, падмыцца… Амаль два месяцы так. І нічога страшнага. А ў цябе ўсяго адзін дзень. Дарэчы, што мы там рабіць будзем?»

«Ды ёсць адна справа…»

Трухану патрэбна была гэтая паездка яшчэ і вось для чаго: нарэшце ўпэўніцца, што ён сапраўды быў некалі Трухановічам і жыў у тым часе. Трэба было праверыць знак, які зрабіў ён некалі, будучы Трухановічам: менавіта — у снараднай гільзе ён прыхаваў частку сваіх запісаў. Цяпер ён хацеў адшукаць гільзу, і тады ўсё стала б ясна.

Ён узяўся другую цыгарэту ад першай прыкурваць. Але Нэлі адабрала яе і зламала ў попелцы.

«Хадзем, — сказала па­змоўніцку, паказваючы тым, што ўжо ўзнікла нешта паміж імі, што з’явіліся ўжо ў іх сакрэты, якія звязваюць іх і якія іншым ведаць зусім неабавязкова. — А то ўдваіх столькі часу… Падумаюць, чым мы тут займаемся?»

Далей ўсё было як у тумане.

Трухан еў штосьці, піў штосьці. І звінела ў галаве, і шумела ў вушах — але зусім не сімптомамі хваробы… У яго нешта пыталіся: Ведрыч з аднаго боку, Церашкоў — з другога, Ілья Ільіч — цераз стол… Ён нешта адказваў. А на Нэлі і глядзець баяўся. Яму здавалася, што яна зараз пачне ўсіх па чарзе выклікаць на кухню. Ведрыча, Церашкова, нават пажылога юрыста — і ўсім ім у сімпатыях прызнавацца. Але яна ні разу больш не выйшла.

Пазней — у бальніцы, а потым у турме, часта згадваўся яму гэты вечар. Многае ўспаміналася: смак ежы, пахі, шахматы, твары гасцей, падобная на манашку Нэлі, «сабачы» пакой… Успамінаўся шум у вушах і ружовы туман у вачах… Словам, шмат чаго.

Але назву кнігі, якую падараваў тады Нэлі, ён не мог успомніць, хоць забі. Ні назвы, ні аўтара, ні вокладкі. Правал памяці. Карнэгі? Дзюма? Марыс Друон?

Ён апамятаўся, стоячы ў пярэдняй. Знаёмы ўжо шчанючок, падрослы крыху, неяк выграбся са свайго пакоя і цяпер церабіў Трухана за шнурок чаравіка. Альберт Казіміравіч памагаў Трухану апрануць куртку. Церашкоў і Ведрыч адзетыя ўжо былі і чакалі яго. Моцна падпіты Ілья Ільіч чапляўся да Ведрыча, той адпіхваў яго, і юрыста насіла ад сцяны да сцяны па ўсёй пярэдняй. Нарэшце развіталіся, падзякавалі, выйшлі на вуліцу.

1 ... 167 168 169 170 171 172 173 174 175 ... 198
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)