Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
А ў Маскве, мiж тым, на авансцэну палiтычнае барацьбы выходзiў Б. Ельцын, якога абралi старшынёй ВС Расеi. Гэтага кiраўнiка я мала ведаў, хаця на зьездах i па тэле ён фiгураваў дастаткова часта. Вiзуальна то была ўнушальная фiгура, стандартны партыйны лiдэр з прыгожым сiваватым чубам i нязлым упэўненым позiркам. Але яго папярэдняя дзейнасьць мала чым адрозьнiвалася ад падобных да яго — той жа намэнклятуршчык абласнога маштабу. Наўрад цi ён мог сур’ёзна пайсьцi супраць партыi, у якой зрабiў немалую кар’еру. Наступныя падзеi, аднак, паказалi, што такiя думкi былi часткова памылковыя, падзеi ў Маскве, як i належала для гiсторыi, разьвiвалiся непрадказальна. Ельцын выступiў супраць партыi, але на паўдарозе спынiўся, мяркуючы па ўсiм — спалохаўся. За сябе, за сям’ю ці за партыю — цяпер ужо ня мае значэньня. Як нярэдка бывае ў палiтычнай гiсторыi, палiятывы загубiлi немалыя магчымасьцi. А што да Расеi, дык i ўсё паблыталi: камунiзм з капiталiзмам, свабоду зь няволяй, тыранiю з дэмакратыяй. Як бы цяпер сказалi — палiтыка Ельцына праявiла свой поўны непрафэсiяналiзм.
Алесь Адамовiч, якi апошнiм часам адасобiўся ад Гарбачова, сказаў, што трэба падтрымлiваць Ельцына. Што той павядзе краiну далей, чым вёў Гарбачоў. Далей, але куды? Зрэшты, вельмi магчыма, што ў тым становiшчы, у якiм апынулася краiна СССР, не было альтэрнатывы, тупiк аказаўся такi безвыходны, што ўсе спосабы выбавiцца зь яго апынулiся няспраўджанымi. Належала хiба павярнуць назад. Ды гiсторыя, на жаль цi на шчасьце, ня мае задняга ходу.
Дык тое — у Расеi. А ў нас?
У нас па-ранейшаму буяла засiльле камунiстаў, сядзелi на сваiх месцах Дземянцей, партбос Сакалоў i ягоны двайнiк Малафееў. Зьнiзу iх нецярплiва падпiралi маладзейшыя, — яшчэ болей агрэсiўныя i цынiчныя. На каго было спадзявацца? Мяне па-ранейшаму тузалi мэдыi, з Масквы i тутэйшыя, быццам болей ня ведалi, да каго зьвярнуцца. Дзе-колечы паявiлiся невыразныя намёкi пра мяне як магчымага лiдэра нацыi — тое належала прыпынiць. У «Народнай газэце»428 надрукаваў артыкул, у якiм выразна i недвухсэнсоўна паказаў, хто ў Беларусi ёсьць сапраўдны лiдэр. Тым таксама вызначыў маё стаўленьне да Пазьняка i спынiў пэўныя закiды ў бок Быкава. Я ня лiдэр i не «сумленьне нацыi», я просты, біты жыцьцём беларус, якi мае толькi адну мэту — застацца сумленным. Хацелася яшчэ дажыць да свабоды, ды тое, вiдаць, марнае памкненьне. Майму пакаленьню, як i шмат якiм папярэднiкам, свабоды ня бачыць. Хiба наступным…
У наступных падзеях бурна чаргавалася надзея з паняверкай, спадзяванкi з расчараваньнем. Былi моманты, калi здавалася, што наша доўгачаканая iсьцiна — ужо побач, трэба яшчэ адно-два намаганьнi, i мы будзем мець тое, пра што беларусы марылi доўгiя стагодзьдзi. Але назаўтра высьвятлялася, што ўсё перамянiлася за адну ноч, i наша надзея апыналася адкiнутай у пазаўчарашнi дзень. Усё трэба было пачынаць спачатку. Але хто вiнаваты? Адны казалi — Масква, яна не дае дыхнуць залежным народам i, апантаная iмпэрскай iдэяй, нiколi не пагодзiцца з незалежнасьцю Беларусi. Iншыя думалi, што ўся справа ў стаўленьнi да нас Захаду. Захаду даражэй адносiны зь iмпэрскай Масквой, чым зь няпэўнай Беларусьсю. Цi ня ўсе пры тым сьцьвярджалi, што ў нашай бядзе найболей вiнаваты мы самi, бо яшчэ не ўсьвядомiлi боскай каштоўнасьцi свабоды i незалежнасьцi.
Мабыць, горш за ўсё было тое, што ўсе гэтыя меркаваньнi мелi рацыю.
Нацыяналiзм, гэтая грамадзка-палiтычная зьява, стаўся дужа разнастайным у нашым часе, у пэўнай ступенi пагарджаным i адпрэчаным грамадзкай сьвядомасьцю. Безумоўна, да таго прычынiлася практыка, увасабленьне яго ў жыцьцё, праз што прайшло заходняе грамадзтва i выйшла да iншага. Iдэi нацыяналiзму апынулiся дыскрэдытаваныя нямецкiм нацызмам, iтальянскiм фашызмам, шмат якiмi драбнейшымi радыкальнымi рухамi. А мiж тым цi ня ўсiмi дзяржаўнiцкiмi здабыткамi ў нядаўнiм мiнулым Эўропа (i ня толькi Эўропа) абавязана менавiта нацыяналiзму сваiх вялiкiх i дробных краiнаў. Нацыяналiзм стварыў неабходную форму арганiзацыi грамадзтва — дзяржаву, якая iснуе «не для таго, каб ператварыць зямное жыцьцё ў рай, а для таго, каб ня даць яму канчаткова ператварыцца ў пекла», — як пiсаў М. Бярдзяеў. У аснове нацыяналiзму — прыроджаны эгаiзм, рыса, уласьцiвая кожнай жывой iстоце. Гора таму арганiзму, у якiм гэтая рыса выяўлена недастаткова, таксама як i кепска, калi тая рыса выяўлена празьмерна. Нацыяналiзм, скiраваны на ўнутраны ўжытак грамадзтва, здаўна мае найменьне патрыятызму, а скiраваны ў iншы сьвет — ёсьць шавiнiзм або iмпэрыялiзм. Знакамiты фiлёзаф Рычард Пайпс падзяляе сучасны нацыяналiзм на два яго варыянты: эксплюзiўны (агрэсiўны) i iнклюзiўны (памяркоўны); расейскi ён адносiць да першага варыянту, а беларускi проста не заўважае. Мабыць, характар кожнага нацыяналiзму вызначаецца мэнтальнасьцю нацыi, яе палiтычнымi памкненьнямi ў дадзены гiстарычны момант. Расейскi нацыяналiзм знайшоў сваё найбольшае ўвасабленьне ў бальшавiцкiм iмпэрыялiзме, нямецкi — у агрэсiўным нацызме. Але што такое беларускi нацыяналiзм? Агульнапрынятая дэфiнiцыя нацыяналiзму кепска дастасуецца да гэтае беларускай зьявы, якая ёсьць iншая, зь iншым нацыянальна-палiтычным зьмесьцiвам. У сучаснасьцi яна праяўлена слаба i, на мой пагляд, недастатковая нават у сэньсе ўнутранага грамадзкага эгаiзму, неабходнага для элемэнтарнай самаiдэнтыфiкацыi нацыi. Можна гаварыць толькi пра нацыянальныя зародкi, спазьнелыя i малавынiковыя, якiя ня толькi не пагражаюць iншым народам i нацыянальнасьцям, але i не забясьпечваюць нацыянальных патрэбаў самiх беларусаў.