Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Так сталася мая першая i апошняя гутарка з гэтым чалавекам. Ноччу Сахараў памёр у сваёй кватэры, а праз два днi дэпутаты ехалi на аўтобусах яго хаваць. Я трапiў у аўтобус, куды пасьля села група генэралаў i зь iмi маршал Ахрамееў. Не зважаючы на сумную нагоду, генэралы паводзiлi сябе даволi ажыўлена, маршал жартаваў. Цяжка было тады меркаваць, што мiнецца трохi часу, i той Ахрамееў павесiцца ва ўласным кабiнэце. Такiя во дзьве сьмерцi. Цi ўраўняюць яны нябожчыкаў? У залi паседжаньняў сярод беларускай дэлегацыi насьпеў канфлiкт, да якога прычынiўся i я. Спатрэбiлася даабраць дэпутатаў у Вярхоўны Савет. Дэмакратычна настроеная частка дэпутатаў памкнулася вылучыць сваiх — Шушкевiча цi Дабравольскага. Але тою справай заклапоцiўся Сакалоў, ён правёў галасаваньне па «спрошчанай» схеме — у залi, са сваiх месцаў. Падлiчваць галасы даручыў кадэбiсту Балуеву, якi сядзеў насупраць мяне. Я адразу падняў руку супраць усiх iхнiх кандыдатаў, ды, вядома ж, застаўся ў пройгрышы, абралi камунiстаў. Тады я не стрымаўся i, мабыць, празьмерна рэзка, а то i зьняважлiва вымавiў Сакалову. Ленiнградзкi сьледчы Iваноў, што сядзеў недалёка i назiраў тую сцэну, сказаў мне: «Сьмела вы, аднак». Можа, i сьмела, але па-дурному i бескарысна, бо нiчога тым не дамогся. А галоўнае, сабе на шкоду, — пасьля паглытаў таблетак.
На паседжаньнi камiсii, у якую быў залiчаны, я ня езьдзiў. Прысылалi позвы, якiя прывозiў адмыс ловы кур’ер — стукаўся ноччу гадзiны ў чатыры, прымушаў расьпiсацца, пасьля чаго я тую паперку выкiдваў у сьметнiк. Але аднойчы на чарговым зьезьдзе ў канцы дзённага паседжаньня мяне паклiкалi. Камiсiя засядала ў шыкоўнай залi старога Крамлёўскага палацу. Я прыйшоў, спазьнiўшыся, але лепш бы не iшоў зусiм. Гэта быў жах, якi не здараўся нават у вялiкай залi паседжаньняў зьезду. Iшло нейкае абмеркаваньне, кiраваў усiм старшыня камiсii, чалавек у цывiльным, але, як значылася ў паперах, у чыне генэрал-палкоўнiка. Астатнiя таксама былi генэралы — узброеных сiлаў i КДБ, цэкоўцы i рэспублiканскiя лiдэры. Жарсьцi тут былi распаленыя, ва ўсiх чырвоныя твары. Чарговы выступоўца даводзiў, што палiтыка Гарбачова — здраднiцкая, што ён не дае магчымасьцi дабудаваць «авианесущие крейсера, позарез необходимые армии и флоту». Iншыя рэплiкамi зь месцаў падтрымлiвалi яго. Пасьля выступалi самi — усе супраць здраднiцкай палiтыкi Гарбачова, якi «продал Россию и гробит партию». Затым узялiся абмяркоўваць «гнюсны паклёп» журналiста Кароцiча, якi ў сваiм часопiсе «Огонёк» напiсаў, быццам у Савецкай армii мае месца «выдуманная им дедовщина». Адзiн сталага веку палкоўнiк ледзьве не заплакаў ад тае зьнявагi, бо наша «рабоче-крестьянская армия, победившая злейшего врага — немецкий фашизм…» i г. д. Яго дружна падтрымалi астатнiя. Прагучала прапанова выклiкаць на сэсiю рэдактара Кароцiча i «пропесочить его, чтобы десятому заказал, как клеветать на доблестную рабоче-крестьянскую…». Далей я не стрываў i выйшаў.
Болей у той камiсii я не зьявiўся. Я не хацеў мець нiчога агульнага са злачыннай палiтыкай вiдавочнага рэваншу, якi задоўга да вядомага путчу насьпяваў, рыхтаваўся тымi, хто апынуўся перад рэальнай пагрозай страцiць шматгадовую ўладу. Я разумеў Адамовiча, якi разам зь iншымi iнтэлiгентамi асуджаў Гарбачова, але i ня мог не паспачуваць апошняму.
Гарбачоў апынуўся ў зьвярынцы, якi незнарок цi наўмысна сам разварушыў i, мабыць, ужо ня ведаў, як зь iм справiцца.
Рыгор Барадулiн, як заўжды поўнячыся рознымi (ня толькi паэтычнымi) iдэямi, надумаў зьняць фiльм пра маю «малую радзiму». Як усё было ўлагоджана, на мiкрабусе «Беларусьфiльму» паехалi ў Вушачу.
Тая дарога праз Плешчанiцы i Бягомлю была мне даўно знаёмая, я любiў яе навакольныя бары i пагоркi, цянiсты лесавы шлях празь Бярэзiнскi запаведнiк. Мабыць, дарога i была самым прыемным з таго падарожжа, бо астатняе… Астатняе было надта жыва зьвязана з труднымi ўспамiнамi пары дзяцiнства, сумам адмiраньня i запусткаў у некалi знаёмых ваколiцах. Toe вярэдзiла душэўныя сiлы, самотай дацiнала нэрвы. Усё, што для iншых, староньнiх, было дэтальлю iхняй цiкавасьцi, для мяне — болем. I я, можа, не пагадзiўся б, калi б хiтраваты Рыгор, ведаючы адну маю слабасьць, не падмануў мяне любым маiм азярком. Заплянавалi здымкi на возеры, i я паехаў.
Па дарозе заехалi ў Воўчу па сястру Валю, якая ўжо ведала пра прыезд кiношнiкаў i чакала нас. Валя выйшла замуж у Воўчу за калгаснага мэханiзатара Шурку, увогуле добрага i майстравiтага чалавека, якi, аднак, меў адзiн недахоп — усё той жа. Дзяцей у iх не было, i сястрычка даволi адпакутавала за Шуркам-Сашкам, якi праз сваё хiба i памёр яшчэ не старым. Удавiца засталася адна ў няновай хаце, з катом, пры агародзе, якiм адно i клапацiлася ад раньняй вясны да позьняй восенi. З таго i жыла.