Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 151 152 153 154 155 156 157 158 159 ... 192
Перейти на страницу:

Замак палаў перад ім зыркім шалёным агнём. Ляцелі іскры.

А ён, Алесь, – а можа, і не ён, а нехта іншы, – драмаў, стоячы на нагах, бо чатыры дні ён і ўсе гэтыя людзі не спалі і чатырох хвілін.

Яму было бадай што ўсё адно, што з ім і іншымі зробіць натоўп.

Ён бачыў чалавека з разбітай галавой. Чалавек ляжаў наперадзе, сажні за чатыры перад імі.

– Патрусіце іхнія нівы сваім ячменем! – крычаў нехта.

– Смерць-смерць-смерць! – роў натоўп.

“Ды гэта ж Юр’ева ноч, – падумаў ён. – Як я там апынуўся? Чаму ўспамінаю нейкую невядомую мне дзяўчыну?

Які ён цьмяны, гэты сон, што я сасніў! Нейкая Загоршчына, якой не павінна яшчэ быць, нейкі чалавек супраць мядзведзя, нейкая дзяўчына!

І вось яшчэ нехта схіляецца ў сне нада мною, – страшэнна баліць галава! – высокі, стары, з хваляй карункаў на грудзях.

– Унуча. Любы, што з табою?

Які яшчэ ўнуча, калі ён мой прапраўнук?! Якое права мае на мяне гэты стары?!”

Зноў яркія колеры. Больш жыццёвыя, чым жыццё. Невялікі строй людзей, сярод якіх ён. Клінам стаяць перад імі людзі ў беласнежных плашчах з крыжамі. Іх многа. Трохі меней, чым людзей на ягоным баку, але на самай справе куды болей. Адзін з крыжастых варты пяці на ягоным баку. Так было і так будзе. Таму што на ягоных людзях раменныя шаломы, а на тых – сталь, за якую нельга нават учапіцца. Воіны з ягонага боку спяваюць, і ён заўважае, як святлеюць іхнія вочы і дрыжаць ноздры.

– Га-ай! – крычыць нехта, нібы спявае, і яго падтрымлівае хор.

І вось ён, невядомы сабе, але больш блізкі, чым ён сам, ляціць на кані насустрач кліну. А за ім са згэлкам, лямантам, рыканнем ляціць конная лава.

Чырвоны туман у вачах. Галава працуе ясна і разлічана. Удар знізу, злева, справа. Зваліць канём таго… Стралу ў бабку беламу каню – хай падае. Гаспадар не ўстане.

Удзерліся ў строй. Сэрца захлынаецца ад халоднай ярасці. Сячы. Нават прыемна, калі кроў свішча са шматлікіх ран на целе: робіцца прыемна і прахалодна, як у дождж. Гэтаму, і таму, і яшчэ вунь таму. Але чаму ў варожых вачах пад забралам – жах?

– Пaна! Пaна! – лямантуе клін.

Яны варочаюць коней. Яны ўцякаюць.

– Алесь, хлопчык! Ну што? Што?

– Мроя, – кажа нехта. – Ява.

Невядомая жанчына, якую ён ніколі не бачыў, але якую кахае, белая, з залацістымі валасамі, кажа:

– Пакуль яны ходзяць па гэтай зямлі – я сплю з адным каханым. У той дзень, калі разаб’еш ты – з табою. У той дзень, калі яны – з крыгай лёду.

І ўначы над шчапянымі стрэхамі вісіць ірваная камета. На хвіліну ён успамінае сябе, а потым наплывае змрок, млоснасць і адчай… Бацька, маці, Віктар, Стафан, людзі “Ку-гі”. “Які подлы свет! Я не хачу рабіць на яго. Я не хачу нават жыць для яго. Не хачу. Не хачу”.

– Алесь! Алесь! Хлопчык!

Ён ляжаў, нічога не разумеючы, акрамя жывых сноў. Не ў змозе паварушыць рукою ці нагою, не ў змозе не аддавацца гэтым снам, дзе, як жывыя, хадзілі крыжакі і вялізныя мядзведзі з кордамі-зубамі, дзе людзі жылі ў сырых васьмігранных пакоях з вялікімі равучымі камінамі і ржавымі пожагамі, дзе на частаколах, як на лазні ў кагосьці, каго ён непрыемна сасніў, стырчалі конскія чарапы, – ён ляжаў і сніў і хацеў толькі аднаго: заснуць так, каб не бачыць гэтых акон і заслоны і старэчага аблічча, што схілялася часам над ім. Праз два месяцы ў гэтым сне павінна было здарыцца нешта нясцерпна цяжкае. Алесь хацеў заснуць да таго часу так, каб ужо ніколі не ведаць, не даведацца, што гэта будзе.

У дзікай зале, дзе на сценах бязгучна шалахцелі крылы і рукі ўздымаліся ў жэстах бласлаўлення і пагрозы, сядзела за вялізным дубовым сталом групка людзей. У галаве стала сядзеў, паклаўшы перад сабою шастапёр, стары Вежа. Насупраць драмаў сівы Вінцук Рамінскі, старэйшы брат таго Рамінскага, што пры Напалеоне кіраваў народнай вартай.

Ля яго змрочна маўчалі стогадовыя Стах Барысевіч-Кальчуга і Лук’ян Сіпайла. Пахмура піпчыў люльку Янка Камар, брат павятовага маршалка ў тым самым дванаццатым годзе і сябра Вежы па славутаму “сядзенню ў камяніцы над порахам”, адзін з тых нямногіх, што асталіся. Далей крэсліў нешта на паперы, трос белай галавою прадзед маладога Яноўскага з-пад Радугі, які, на пасяджэнні ў Раўбічах, хацеў памерці, баронячы скрыжаванне шляхоў на Гуту, Чарнігаў і Рэчыцу. Думаў, ашчаперыўшы галаву пальцамі, стары Вітахмовіч, самы стары з усіх прысутных, стодваццацігадовы чалавек тысяча семсот трыццаць дзевятага года нараджэння.

І, урэшце, між ім і Вежам сядзеў самы малады член зборні, супраць усіх правіл і па намаганню Вежы ўзяты ў гэта кола сакратаром і архівістам Юллян Раткевіч. Вежа патрабаваў і дабіўся свайго. Патрэбен быў малодшы, бо ў большасці не хапала ўжо фізічных сіл, а Раткевіч быў бадай што адзін з найлепшых знаўцаў традыцый.

Ішло пасяджэнне падспуднай рады старэйшых, славутай “сівой рады” Прыдняпроўя. Тых, што хавалі патрэбныя веды, таямніцы, зберагалі ў памяці звычаі і сачылі за генеалогіяй мясцовых людзей. Вежа здаўна быў галавою “сівой рады”, хоць і строіў з яе кепікі.

– Шчаўкунчыкі замшэлыя… Своеасаблівы “гоцкі альманах”[125] Дэбрэ з Дзебраў. Рыцары маннай кашы і таркаванай морквы.

Гэта былі яшчэ самыя мяккія з ягоных эпітэтаў. Але сёння Вежа, страшэнна схуднелы, глядзеў на “рыцараў маннай кашы” з трывогай.

Маўчанне рабілася цяжкім.

– Мроя[126], – глуха сказаў Янка Камар.

Маўчанне.

– Ява, – сказаў сівы аж да прозелені стары Вітахмовіч. – Памяць продкаў. Ён памрэ.

Жоўчнае аблічча Юлляна Раткевіча было непарушнае.

– Бадай, сапраўды, усё, – сказаў Раткевіч Юллян. – Ён не хоча жыць… Колькі часу яе ў нас не было?

Вінцук Рамінскі думаў:

– Нешта не памятаю. Ці не ў польскі раздзел, пане Вітахмовіч?

– Тады, – сказаў той. – Я чаму памятаю, мне тады было трыццаць чатыры, і я збіраўся другі раз ажаніцца. Розных нявест прапанавалі. Адна была сястра пана Юрася Жукоўскага. Пан Юрась захварэў у семдзесят трэцім. Пры Кацярыне. Пачаў сніць нанава жыццё. Але не кавалкамі з розных часоў, а нібы… адной… плынню. Сніў, як рабілі запасы ў пушчы, як білі аленяў і зуброў, як салілі. Як потым ішла раць на Крутыя горы біць татар. Дасніў да сярэдзіны бою – і памёр… Нічога нельга было зрабіць…

Падумаў.

– Яшчэ раней, гады за чатыры- пяць, захварэлі Аляхновіч-Спіса і Янук Корста, стрыечны брат прапрадзеда гэтага шчанюка Юлляна.

Вітахмовіч помніў спрэчку аб тым, ці прымаць Раткевіча, але начыста забыў, – а можа, зрабіў выгляд? – што “гэты шчанюк” сяздіць зараз між іх.

Юллян усміхнуўся сам сабе.

– Спіса памёр, – сказаў Вітахмовіч. – А Корста выжыў. Хоць, па прозвішчу мяркуючы, памерці б Корсце…[127] Але тут ужо як хто, так што ты, Данііл, не думай занадта.

Забубнеў:

– Хвароба… хвароба… хвароба… Такая ўжо хвароба.

Нешта не чуў я, каб гэтай хваробай нехта, акрамя нас, хварэў.

Лук’ян Сіпайла сказаў:

– Рада, памятаеце, меркавала, што і ў Акіма, вашага бацькі, былі зачаткі.

– Рада адмовілася ад гэтай думкі, – сказаў Барысевіч-Кальчуга.

Вежа сплёў пальцы.

– Чорт, – сказаў ён. – Уражлівасць дурная. Ідыёцкая дурная ўражлівасць. І такія страшныя для маладога падзеі.

– Сілы саслабелі, – сказаў Камар. – Абыякавасць.

– Несвядома спрабуе адысці ад нясцерпнага свету, – сказаў Раткевіч Юллян.

– Што ж рабіць? – спытаў дзед. – Я ведаю: калісьці пры першых адзнаках у манастыр ішлі. Спакой. Праца. Але тады манастыр быў крэпасцю… Манахі межы баранілі, подступы да гарадоў. А цяпер?… Загорскі ды ў манастыр! Да божых пацукоў!… Што ж рабіць, сівая рада?

– Царкву кінь, – сказаў Юллян. – Хіба яна справілася хоць з адной справаю, што ёй даручылі: з дабром, любоўю, мараллю?…

– Ды, можа, абыдзецца, – сказаў Вінцук Рамінскі.

вернуться

125

Дыпламатычны штогоднік (пачатак выдання – 1763г.), які сачыў за генеалагіяй вышэйшай еўрапейскай арыстакратыі. Акрамя друкавання звестак аб ёй займаўся генеалагічнымі даследаваннямі, пошукамі і геральдыкай, раней разбойніцкае ўрочышча.

Дзебры – мяшчанскі раён пад Магілёвам, раней разбойніцкае ўрочышча.

Дэбрэ – кніга англійскага пэрства. 

вернуться

126

Ява, або мроя, апісана ў “Здароўя шляху верным” (1715). Але няпрўда тое, што выпадкі яе былі толькі на Прыдняпроўі. Як каўтун разы два быў зафіксаваны ў Ламбардыі, так выпадкі хваробы, падобнай на яву, апісаны, кажуць, у Тыбеце. 

вернуться

127

Корста – труна з суцэльнай калоды. 

1 ... 151 152 153 154 155 156 157 158 159 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)