Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 150 151 152 153 154 155 156 157 158 ... 192
Перейти на страницу:

Загорскі, калі Стафан апрытомнеў, пытаў у яго, ці не пазнаў ён каго-небудзь з тых, хто напалі.

– Што вы, – сказаў Стафан. – Я і зразумець не паспеў, што здарылася…

Алесь пакутліва думаў, як жа адшукаць, як адпомсціць. І раптам пачуў дзіўнае:

– Ты не турбуйся, браце, – сказаў Стафан. – Што ўжо табе. Кінь. Усе хрысціяне.

Гэта было так нечакана, што Алесь зразумеў: Стафан ні на хвіліну не сумняваецца ў тым, што яго чакае.

Алесь не ведаў толькі аднаго. Якраз калі ён ездзіў у Магілёў, па лекара, Стафан глядзеў на Рагнеду, якая тупала па падлозе ўсё ў тых самых поршніках. І раптам паклікаў Кандрата.

– Зачыні дзверы, – сказаў ён.

Стафан ляжаў у чыстым пакоі, на тым ложку, дзе слалі гасцям. Звычайна да госця, які пасля вячэры ўжо засыпаў, прыходзіла спачатку Марта, а потым Яня і прыносілі апошнюю чарку крупніку:

– Выпі, госцейка, апошнюю дый спі! Пакрыўдзь сябе, каб дому не крыўдзіць.

Госць усміхаўся, выпіваў, цалаваў пані дому ў шчаку і засынаў з думкай, што дом трымаецца звычаю, што гэта харошы дом.

Цяпер нехта павінен быў паднесці чарку і яму. Стафан адчуваў набліжэнне гэтай пані. Ці стане сілы ў

адказ на яе пацалунак усміхнуцца? Трэба, каб хапіла.

– Што ты, браце? – спытаў Кандрат.

– Абяцай, што ёй заўсёды будуць і поршні і чаравікі. Што іншым дзецям, тое і ёй.

– Крыўдзіш, Стафан, – сказаў Кандрат. – На тым стаім… Ды ты кінь. Ачуняеш.

– То ты, Кандратка, слухай. Пабажыся, што ўсё забудзеш, калі ачуняю.

– У імя бога, – неахвотна сказаў Кандрат.

– Калі ачуняю – я дарую ім, – сказаў Стафан. – Бацька ў яе будзе, а гэта галоўнае. Мы – хрысціяне.

Малая тупала па падлозе. Поршні на ножках былі як вясёлка.

– Але як памру – няма ім майго даравання.

Рахманыя вочы Стафана сталі раптам такія, што Кандрат спалохаўся.

– Таму што дзе ж праўда? Я нікога не зачапіў. Я ніколі не шчаміўся ў іхнія справы, трымаўся звычаю, а звычай забараняе забіваць упяцёх аднаго. І атрымалася так, што для мяне адзін звычай, а для іх – другі. І яны забілі мяне, хоць я нікуды не лез і ведаў, што мы людзі маленькія і павінны араць зямлю, і ў нас дзеці… Дык вось, калі памру – забі.

– Хто? – спакойна спытаў Кандрат.

– Таркайла Тодар, – сказаў Стафан.

– Скуль ведаеш?

– Голас быў падобны. І Юллян сказаў: “Тарка…ла”. А потым стрэлы.

– Добра, – буркнуў Кандрат. – Зраблю. Яшчэ хто?

– Мне здалося, што я пазнаў вочы другога. Але гэта проста каб ведаў і сцярогся. Абяцай, што не будзеш забіваць, пакуль не ўпэўнішся.

– У імя бога… Хто?

– Здаецца, Кроер Канстанцін…

– Чаму Алесю не сказаў?

– Кінь, браце. І так у яго ворагаў многа.

– Я ўсё зраблю, браце, – сказаў Кандрат.

– А цяпер забудзь, – Стафан заплюшчыў вочы.

Няшчасці пачалі сыпацца як з мяха. За некалькі месяцаў бацька, маці, сварка з Ярашам, ліст ад Кастуся, што ў Віктара рэзка пагоршылася здароўе, дзейнасць “Ку-гі”, смерць Юлляна Лапаты і зверскае збіццё Стафана.

І, урэшце, як апошняе – новае здарэнне ў Раўбічах: папрок Іллі Хаданскага, што пан Яраш не трымае слова.

Разгневаны Раўбіч паклікаў дачку. Міхаліна сказала, што хоча вярнуць Хаданскаму слова.

– Не будзе гэтага, – сказаў пан Яраш. – Ніколі. Нізашто.

– Я кахаю Загорскага, – сказала Майка.

– Ён вораг.

– Вам – магчыма. Ды і тое не вам, а дурному гонару. Ён сябра вам, каханы – мне, брат – Франсу. Ён ніколі не думаў шкодзіць вам, нягледзячы на незлічоныя абразы. Бо ён чалавек, а вы… вы… вы – дваране, і не больш. Даю слова: ніколі не буду нічыёй жонкай, акрамя як яго. Усё аддам за яго. Ніколі не буду з ім жорсткая. Хай пакора, хай нават рабства, абы пакарацца яму. І ўсё. І на гэтым маё апошняе слова…

Кароткая шыя пана Яраша набрыняла крывёю.

– Убачым, – ціха сказаў ён. – Сілком пад вянец павяду. Гэта і маё апошняе слова…

– Вы можаце, вядома, зрабіць са мною ўсё. Але і я з сабою магу зрабіць усё. Я ведаю, поп згодзіцца вянчаць, нават калі вы прывядзеце мяне ў ланцугах. Ён усім абавязаны вам. Усім, і нават тым, што дваццаць год не служыць па новаму абраду, прыкрываючыся словам “хвароба”. Ён ведае, каму ён павінен дзякаваць за тое, што за ім сто разоў не прыйшлі і ён не здох у Салаўках на саломе. Ён “не зрабіў граху”, а вы “не паддаліся, не паступіліся гонарам”. І таму ён абвянчае. А сведкі, якія будуць бажыцца, што я ішла па сваёй ахвоце, таксама знойдуцца.

Голас яе зазвінеў:

– Я не буду ганьбіць вас і крычаць у храме. І гэта будзе апошняя падзяка за тое, што вы мяне нарадзілі

і з гэтай прычыны цяпер забіваеце… Апошняя. Таму што адразу пасля вяселля я заб'ю гэтага вылюдка. Сына вылюдка і шалёнай сцервы. А потым заб'ю сябе…

– Як хочаш, – сказаў пан Яраш.

Адразу пасля размовы ён загадаў прыставіць да пакояў Міхаліны верных людзей і сказаў Іллі Хаданскаму, што вяселле будзе праз два месяцы, у канцы кастрычніка, каб асталося тыдні тры да піліпаўкі. Да таго часу ён просіць графа Хаданскага не з’яўляцца.

Пан Яраш усё ж шкадаваў дачку, хоць яна сама была вінавата, даўшы слова. Ён спадзяваўся, што за два месяцы яе возьме одум, і разумеў, што прысутнасць Іллі прымусіць Міхаліну ўпарціцца. Дый новы член сям’і раздражняў Раўбіча сваёй самаўпэўненай мордай.

…Запіску аб усім гэтым перадаў Алесю пляменнік нянькі Тэклі. Яны часам сустракаліся ў тым самым бярозавым гаі.

Беды, крыўда і гнеў, несправядлівасць лёсу літаральна шматавалі яго.

Вечар быў цёплы. Вогнішчы гарэлі за ракою, а ў рацэ адбівалася вячэрняя заранка, куды больш яркая і барвяная, чым на небе. Ля вогнішчаў – там, відаць, начавалі жнеі – гучаў ціхі смех. Потым даляцела ціхая сумная песня.

За рэчанькай за быстраю ў цымбалы б’юць, А там маю каханую за ручкі вядуць, Адзін вядзе за ручачку, другі за рукаў, Трэцi стаiць – сэрца балiць: кахаў ды не ўзяў.

І гэтая заранка, і безназдейная глыбіня ракі, і, галоўнае, словы песні раптоўна ўразілі яго вострай адпаведнасцю з тым, што рабілася ў ягоным сэрцы.

Алесь ведаў цяпер, што яму рабіць. Дарэмна ён дараваў. Заўтра ж ён пойдзе да Хаданскага і дасць яму поўху. Потым у зборні трэба дачакацца, пакуль пан Яраш і Франс будуць паасобку, і зрабіць тое самае з імі. На адзін дзень прызначыць усе тры двабоі. Будзе вельмі добра, калі Ілля загіне, а Франс зваліць яго. Тады Майка атрымае вызваленне, а крыўды ў яе на Алеся не будзе. І, магчыма, Раўбіч пашкадуе.

Нашто ж мы кахаліся, нашто сады цвілі, Нашто ж нашы пуціначкі травой зараслі? Другі з табой вянчаецца ў царкве залатой, А мне адно вянчанейка – з сырою зямлёй…

Раніцай, аднак, здарылася незразумелае і неверагоднае. Ён толькі на золку заснуў на якую гадзіну цяжкім кашмарным сном. Потым прачнуўся, успомніў учарашнія думкі, хацеў устаць і адчуў, што не можа. Гэта не была баязлівасць. Гэта было горшае: абыякавасць.

Успомніў Раўбіча і падумаў: усё роўна… Франса: усё роўна… Паспрабаваў уявіць гуллівыя, нібы ў кацяняці, вочы і рудаватыя валасы Іллі і адчуў: і гэта – усё роўна.

Твар Майкі ўсплыў перад вачыма. Краёчак вуснаў, ясныя, як марская вада, вочы. Зноў не адчуў нічога, акрамя абыякавасці.

Добра ведаў, што ён у спальні. Бачыў нават калоны і завесу, што калыхалася ад ветрыку. Але здавалася, што ён зноў бачыць гэта ў сне, дрэмлючы на нагах.

… Ён стаяў між узброеных людзей. Хто ў латах, кранутых іржою ад шматдзённай крыві, хто ў кальчугах, ад якіх тапырылася шырокая, тканая кветкамі і лістамі чартапалоху вопратка. Шугаў агонь. Фарбы былі такія яркія, якія яны ніколі не бываюць у жыцці: чырвань плашчоў аж гарыць, жаўцізна шчытоў – як золата і сонца.

Алесь і ўсе, хто побач з ім, бачылі вілы, доўбні і баявыя цапы натоўпу, што абкружаў іх. Зблытаныя валасы, магутныя, нецяперашнія сківіцы, жоўтыя, як мёд, і белыя, значна святлейшыя, чым цяпер, валасы, люты агонь у сініх вачах.

1 ... 150 151 152 153 154 155 156 157 158 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)