Выбраныя творы ў двух тамах
- Автор: Карпюк Аляксей
- Год: 1980
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах». Краткое содержание книги:
«Вершалінскі рай» — твор на антырэлігійную тэму. Пісьменнік расказвае цра авантуру саматужнага прарока Альяша Клімовіча, пра цемрашальства сектантаў.
У апавяданнях раскрываюцца лепшыя рысы нашага чалавека, высмейваюцца мяшчанства і перажыткі мінулага ў свядомасці асобных людзей.
Праз хвіліну батарэец валокся ўздоўж эшалона з палоннымі. Немцаў таксама везлі на Усход, але там іх чакала работка.
«Кожнаму паводле заслуг!» — разважаў батарэец і наткнуўся на нямецкага фельдфебеля ды нашага сержанта. Дэмабілізаваны за каўбасу выменьваў коўдру. Ён даваў адзін вянок, а фельдфебель за новую ваўняную рэч хацеў два. Батарэец памог ім дамовіцца, пастаяў з немцам, покуль сержант бегаў па каўбасу. Здаралася, што ў гарач-цы бою ён браў немцаў у палон, вадзіў на зборныя пункты, але першы раз тварам у твар сутыкнуўся з палонным пасля вайны.
На цёмна-русым трыццацігадовым мужчыне з банцікам рыжаватых вусікаў пад носам мундзір з усімі адзнакамі быў ахайны, бытта немец толькі што выйшаў з казармы на пабыўку. Ён трымаў сябе незалежна, стараўся не сустракацца з батарэйцам вачыма і, што было ў яго на душы,— нічым сябе не выдаваў. Нічога не дабіўся салдат і пытаннямі: немец адказваў — так альбо — не. Батарэец не курыў, але вёз падарунак бацьку. Каб падбіць немца на размову, выняў з кішэні партсігар з папяросамі:
Біттэ!
Што?! — немец нібы прачнуўся.— Ах, зо! Данке! Не куру! — адказаў ён так же коратка ды зноў перанёсся душой кудысьці далёка.
Больш батарэец не прыставаў.
Вярнуўся салдат з каўбасою, адбыўся абмен. Сержант батарэйца пахваліў:
Але ты здорава лапочаш па-іхняму, як фрыц!.. Малайчына, што патрымаў мне яго, а то ўраз перахапілі б! Маім старым будзе падарунак! — памацаў ён пакунак з любасцю.— На Арлоўшчыне ў нас не хутка купіш такое!.. Таксама дамоў? Айда разам! — браўся новы сябар ужо за парэнчу, каб лезці ў вагон,— Зараз адпраўляемся!
Я лепш на свежым паветры! — Салдат палез на тармазную пляцоўку.
4
Яшчэ ўзрушаны размовай з сержантам, салдат адхіліў палічку на тугой спружыне пад ручкай тормаза і сеў. Перад вачыма ў яго ўсё стаяў немец.
«З'еў локшыну і яшчэ фанабэрыцца!»
Батарэец з гонарам за сваіх хлопцаў падумаў: «Плаціў бы гэтак фельдфебель нашаму палоннаму за коўдру, а як жа!.. А бачыш, і сержант які сур'ёзны — ужо цяпер думае, з чым прыедзе да сваіх на Арлоўшчыну!..»
I салдат нахіліўся над рэчавым мяшком, развязаў яго зноў. Пад сухім пайком ляжалі на самым дне ў скураных пераплётах тамы Шылера і Гётэ з залатым цісненнем гатычных літар. Батарэец зусім не быў аматарам паэзіі, кніжкі захапіў з пашаны да аўтараў, а яшчэ таму, што былі прыгожа выдадзены, ды і дасталіся яму дарма. На кніжках ляжаў наркомаўскі падарунак дэмабілізаванага: шэсць метраў палатніны — маці на сукенку, па два кілаграмы цукру і белай мукі ды пачак грошай на абсталяванне (яго гадавы аклад, плюс — палявыя!). Навёўшы ў мяшку парадак, ён завязаў яго зноў ды адчуў, што таксама мае з чым ісці да бацькоў — яшчэ ніколі не быў такі багаты.
Поезд ужо ішоў, і салдат з сумам пазіраў на чужыя прысады, вастраверхія дахі з чарапіцай маркоўнага колеру. Былымі мазалямі, тым потам, які затраціў, капаючы па Германіі агнявыя для гарматы, пасыпаючы брустверы, поўзаючы на жываце з ровіка ў ровік, ды тымі магіламі ад Кюстрына да Берліна, дзе яшчэ ў свежанькіх гімнасцёрках ды галіфэ ляжалі яго сябры-батарэйцы,— ён быў так прывязаны да гэтай чужой зямлі, што раптам расхацелася ад'язджаць.
Тым часам поезд вынес яго ўжо на поле сярод хутароў. Усюды мірна і спакойна. Пасвіліся пярэстыя каровы. Ганяліся на веласіпедах падлеткі. Час ад часу мільгалі машыпы. Эшалон набіраў хуткасць, пачало прадзімаць, і салдат, спахапіўшыся, накінуў на сябе шынель, затым падсунуў пад яго руку і пацёр параненае месца, каб не застыла.
«Будзеш цяпер мець цацку!..» — пакпіў ён, не могучы сабе дараваць, што так недарэчы падставіў тады бок пад асколак.
5
У той дзень ён, наводчык, быў і за камандзіра гарматы. Рыхтаваліся да штурму, чакалі падвозу снарадаў. Грунт трапіўся цвёрды, яго не брала ні кірка, ні рыдлёўка, і салдаты ляжалі амаль навідавоку ў немцаў. Плошчу перасякаў супрацьтанкавы роў — самае лепшае сховішча ад куль. Наводчык клікнуў нумароў, і яны ўсе разам адным махам апынуліся ў рове. На дне доўгай яміны перад атакай драмалі пехацінцы. Шчаслівы, што ўдалося нарэшце выскачыць з-пад абстрэлу, батарэец кулём скаціўся за хлопцамі і апынуўся супроць камандзіра батарэі, капітана Кучэрына.
Самі пахаваліся, а там нямецкія хлапчукі гарматы пакра-дуць! — з'едліва сказаў камбат, пачакаўшы, покуль яго артылерысты аддыхаюцца.