Год беларуса: Вершы. Вершав. апавяданні. Публіцыстыка
- Автор: Сівы-Сівіцкі Уладзіслаў Пятровіч
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА
- ISBN: 5-340-00529-1
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Год беларуса: Вершы. Вершав. апавяданні. Публіцыстыка». Краткое содержание книги:
Гэта кніга-першае выданне твораў Старога Уласа (Уладзіслава Пятровіча Сівога-Сівіцкага (1865–1939), беларускага паэта, пра якога М. Гарэцкі сказаў, што такія паэты «…маюць у нашан паэзіі літаратурна-маральнае значэнне як паэты з мазолістай рукою, што не толькі „з народа“, але і „сам народ“». Большасць вершаў — мастацкая апрацоўка народных легенд і паданняў.
Перейти на страницу:
Сам не галодны, пад’еўшы дзеці,
Хоць ўстае рана і пры лучынцы,
Але й сабе ёсць, ёсць і скацінцы.
А як надойдзе ужо Пакрова [18],
Ужо не наесца ў полі карова,
Тады халодны ветрык павее,
Трава пажоўкне і пачарнее.
Часам, як з коньмі ў полі начуеш,
Пяючых «восень» дзяўчат пачуеш:
«Ой, каліна, маліна, да не стой над
вадою,
Не ківай галіною, не раўнуйся
са мною…»
…«Чаму не прыйшоў, ані прыехаў,
Як я цябе прасіла?
Ці каня не меў, ці сам не хацеў,
Ці матка не пусціла?..»
I, сказаць праўду, дык, мой ты браце,
Ад гэтай песні за сэрца хваце,
Бо яе тая працяжна нота,
Хоць слёзы гоніць — слухаць ахвота;
Не то жалосна, не то праціўна,
Так неяк лёгка і неяк дзіўна…
Бо ў гэтай ноце як бы, здаецца,
Чалавек плача, то рад, смяецца,
Вясны шкадуе, маладых летак,
Зімы баіцца, старасці гэтак.
Як стане з дрэва ліст абсыпацца,
Птушкі у вырай пачнуць збірацца:
Жураў і бусел, пігаўка, пліска;
А калі гусі — ды лятуць нізка.
Тады гавораць старыя людзі,
Што ужо скора зіма к нам будзе.
Пойдуць ў край цёплы птушак грамады,
Варон і галіц лётаюць стады,
На дварэ стане сцюжа і слота
I па калені гразі ды балота.
Пачне памалу восень канчацца,
Стане паволі зямля сцінацца,
Наступіць холад, птушка не пісне,
Зіма настане, мароз прыцісне,
Ды па калені наваліць снегу.
Даставай сані, хавай цялегу,
Цягні суконкі цёплы з паліцы,
Трэба кажух, апрані рукавіцы.
Трэба ўстаць рана, не агіляцца,
Але ахвоча да цэпа брацца,
Бо тут гультайства не дапаможа,
Малаціць трэба і веяць збожжа,
Зярно да клеці трэба знасіці,
Саломай з сенам быдла карміці.
Хто каля дому корміць каровы,
А хто да лесу едзе па дровы,
А той па сена, хоць дзень кароткі,
Гэны з жыдамі у заработкі,
Хоць там не відна многа выгоды,
А хто дык часам едзе ў калоды,
Калі не мае ў хаце работы.
Так зарабляюць на соль, на боты,
На мерку газы ці на фунт мазі,
Стопчуць многа снегу і гразі.
I нашы бабы такжа ў рабоце:
Прадуць кудзелю на калаўроце
I ў клубкі ніці звіваюць з шпулі,
А после выткуць нам на кашулі.
Не спіць другая і слепіць вочы
Дымнай лучынкай, устаўшы з паночы,
А тут работа ідзе не гладка,
А у калысцы плача дзіцятка:
Ці то урокі, ці злыдні, можа,
Ці хто спалохаў, барані Божа!
За што хваціцца, чым тут ганяці,
Што скажа знахар, трэба спытаці.
Спіць яно мала, а плача болей,
Ці вады з рота, ці зносіць соляй,
Ці паіць макам з гарачым млекам,
Курыць бы хіба ды лавандрэкам? [19]
Знахар парадзіў (як жа ж не верыць),
Што яму трэба прычча памераць.
I цягнуць так, каб не ведаў ён конца,
Праз тры парогі, да ўсходу сонца.
Дык у клапоце бедна кабета:
Робіць і тое, робіць і гэта,
I ёй трудоў то больш, як мужчыне,
Ні з’есць парою, ні адпачыне…
Гэтак гаруе не адна хіба
Матка і б’ецца, як аб лёд рыба.
Трудна і горка не раз мужчыне,
Але не лепей ёсць і жанчыне…
Мусіць, ад Бога гэтак патрэба
Гараваць цяжка на кусок хлеба!
Перейти на страницу: