Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Але гэты раз чакаць давялося нядоўга, воддаль затрашчала аўтаматная чарга, над балотам разгоніста, з віскам панесліся кулі. Ляўчук не зразумеў — куды гэта яны? Здаецца, апроч яго, тут не было нікога, але ж яго яны быццам не ўбачылі. Ды і стралялі не ў яго, а недзе ўбаку, куды пабеглі тыя, з сабакамі. А можа, там яшчэ хто, можа, там партызаны? Гэтыя два немцы таксама пабеглі на стрэлы; задні таропка, на бягу надзяваў кіцель, перахопліваючы з рукі ў руку аўтамат.
Ляўчук рашыў уцякаць далей у балота і толькі падхапіў на рукі малога, як зноў чарга адтуль распырскала паблізу ваду, дробная галінка з алешыны ўпала на яго плячо. Ён стаіўся, аблёгся на купіну, падабраў пад сябе малога. Але хутка ён зразумеў, што гэта выпадковыя кулі — білі ўсё ж наўгад. Тады ён зноў апусціўся па самыя плечы ў твань і праз крушынавае голле ўтаропіўся на край берага.
Неўзабаве яму стала відаць, што адбывалася — яны зноў выстраіліся на беразе воўчаю зграяй і, паволі ідучы ля балота, расстрэльвалі яго з аўтаматаў.
Трошкі ўжо абнадзеены, Ляўчук зноў апанурыўся — не адно, дык другое. Не ўзялі сабакамі, ацалеў ад немца, дык расстраляюць за купінай сляпою чаргой, і ён ціха апусціцца пад ваду, згіне ў твані. Не самая лепшая доля з усіх магчымых, вызначаных яму вайной. Добра, калі разам заб’юць малога, а раптам застанецца?..
Мабыць, растрывожаны стралянінай, малы зусім ужо занепакоіўся і пачаў ціхенька скуголіць у пінжаку. Ляўчук тужэй захінуў полы пінжака — што будзе, калі яны ўчуюць плач? Асабліва сабакі, якія адразу ж, як толькі пачалася страляніна, таксама падалі свае пагрозлівыя галасы і брахалі, скавыталі, аж захліпаліся, — мусіць, ірваліся ў балота. Але гэтае траскоцце дзесятка аўтаматаў, вядома, найперш аглушыла саміх стралкоў, і тыя пакуль што не маглі чуць далёкага слабенькага плачу малога.
Страціўшы ўсе надзеі, Ляўчук самотна глядзеў, як тонкія трасірныя струмені куль набліжаліся да яго купіны. Немцы не шкадавалі патронаў і расстрэльвалі кожную купіну, кожны бугорчык моху, кожны куст і кожнае дрэўца ў балоце. Тысячамі пырскаў кіпела, вірыла, перамешвалася з гразёй вада, ляцела ў паветра лісце, галлё, асака, паднятая з пырскамі вады зялёная раска. Абабітыя кулямі вольхі то тут, то там засвяціліся белымі плямамі на чорнай кары. Агонь быў такі, якога Ляўчук не чуў ужо даўно, хіба што на фронце, у сорак першым пад Кобрынам; уцалець у ім было, відаць, марнай надзеяй.
Ён скурчыўся за купінай, як можна глыбей асеў у ваду. Шкада, нельга было пад ваду схаваць малога, які ўвесь быў наверсе, трохі захінуты імшарынай. Мусіць, яму дастанецца першаму. Але тая чарга, што прыкончыць яго, не міне і самога Леўчука, так што аднолькава дастанецца абодвум.
— Ах, гады, гады!..
Усё на тым жа голым краёчку берага ён зноў убачыў таго самага даўганогага немца з ліхтарыкам на жываце, які, выйшаўшы з зарасніку, упёр адкідны прыклад аўтамата ў плячо і запусціў у балота чаргу. Дзесятак куль, сярод якіх былі і трасірныя, паднялі ў паветра мох з бліжэйшай ад берага купіны, затым паляцела альховае лісце з суседняй. Чарга няўхільна набліжалася да яго. Малы пад рукамі, нібы прадчуваючы хуткі канец, заплакаў мацней, але ў траскоцці і водгуллі чэргаў Ляўчук ужо сам не надта чуў гэты плач. Ён сачыў за кулямі, каб у час адзначыць для сябе апошняе сваё імгненне і датрываць да яго. Далей трываць ужо не давядзецца.
Тым часам на беразе іх стала ўжо трое. Пярэдні перабег далей, затое два іншых разам прыклаліся да аўтаматаў, і струмень куляў са свістам пранёсся каля ягонай алешыны. Аднекуль зверху плюхнулася ў ваду збітае кулямі маленькае травяное гняздзечка; у паветры паплыў белы пух, і некалькі пер’яў асела на яго купіну. Ляўчук затуліў малога рукой, уціскаючы яго як мага ніжэй у мох, другой накіраваў пісталет на бераг. Ён збіраўся стрэліць у таго, што, змяніўшы магазін, прымерваўся для трэцяй чаргі. Праўда, для пісталетнага стрэлу было далекавата, ад напружання і дрыготкі яму было цяжка зладзіць з рукой. Усё ж ён прыцэліўся. Але нечакана новая думка з’явілася ў яго галаве, калі ён адчуў, што б’юць яны чамусь па-над купінай, быццам паверсе; іхнія чэргі ідуць па-над яго галавой і далей. Ён асцярожна азірнуўся і ўбачыў, як густа ляцела ў паветра лістота з лазовага куста, у які ён нядаўна яшчэ хацеў улезці. I тады ён сцяміў, што яны, пэўна, бачаць там найбольш падазронае месца і таму так старанна абстрэльваюць яго.