Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Ён хутка ішоў ускрайкам парослага алешнікам балота і не мог рашыць, абыходзіць яго вакол ці лезці ў багну. Без крайняй патрэбы лезці ў сцюдзёную ваду дужа не хацелася, думалася: недзе ж яно скончыцца ўрэшце, і ён яго абыдзе. Але, мяркуючы па ўсім, балота было немалое і цягнулася здалёку, ён брыў ля яго гадзіну, а яно не канчалася. Начная страляніна гучала цяпер дзесьці справа, але бахалі таксама і ззаду, і злева, — няйначай, баі ішлі ў розных кірунках. Ён жа трапіў у невядомы лясны закутак і брыў у той бок, куды гнала яго пагоня.
Малы за пазухай часам неспакойна тузаўся, выгінаўся, але, добра захутаны ў шаўковай пялёнцы, пакуль што маўчаў, і Ляўчук з вострым непакоем падумаў, што будзе, калі ён расплачацца? Мусіць, яго трэба было даўно пакарміць, і таму ён так непакоіцца. Хіба ён разумее, што калі ім не падвернецца які шчаслівы выпадак, дык вельмі хутка абое яны распластаюцца ў зарасніку, пасечаныя аўтаматнымі чэргамі ці разарваныя аўчаркамі. Калі толькі пашэнціць. А то яшчэ могуць схапіць, вывесці на шашу і павесіць пашчэнкамі на круку ізалятара, каб канаў доўга і пакутна, як некалі Трафім Дыла, сувязны іхняга атрада ў Чарнушчыцах. Ляўчук, аднак, спадзяваўся, што, можа, раней, чым немцы дагоняць яго, ён наткнецца на добрых людзей ці вёску і спярша ўратуе малога. Самому яму было б лепш, сам бы ён асабліва не туляўся ад іх, а можа б, нават падпільнаваў гэтых гадаў і яшчэ памераўся б з імі сілай. Праўда, для таго патрэбны быў кулямёт ці хоць бы аўтамат, але і з пісталета ён страляў няблага, навучыўся ў разведцы. 3 малым жа ён не мог дазволіць сабе падобнай рызыкі, бо не быў упэўнены ва ўдачу, а дарма выпрабоўваць лёс не хацеў. I ён усё ішоў, бег, прадзіраўся праз зараснікі, пакуль не ўпёрся ў гэтае балота.
Падобна было на тое, што ён забрыў у такую глушэчу, дзе не было вёсак, і надзея напаткаць людзей пачала ў ім хутка гаснуць. Мабыць, трэба было спадзявацца толькі на самога сябе. Але ён дужа хацеў зберагчы малога, ён з нейкай невыразнай для сябе надзеяй ухапіўся за яго і нізашто не хацеў разлучацца. Сапраўды, усе, каго даручалі яму ў гэтай дарозе, адзін за адным пагінулі, застаўся толькі нікому не вядомы, нікім не бачаны і, мабыць, нікому не патрэбны безыменны малы. Але менавіта ці не з гэтай прычыны ён стаў патрэбны яму, бо нейкім чынам звязваў яго з усімі, каго не стала — Клавай, Грыбаедам, Ціханавым і нават Платонавым; ён даваў Леўчуку нейкае абгрунтаванне ягоных пакут, як і апраўданне ягоных памылак. У гэтай малечы заключаўся для яго нейкі, хоць і не асэнсаваны яшчэ ім, сэнс, якім ён не мог пагарджаць, пакуль яшчэ быў жывы і заставаўся чалавекам. Калі ён яго не ўратуе, тады навошта гэтая яго ашалелая барацьба за жыццё, якім ён не прывык даражыць занадта і даўно ведаў, што выжыць на вайне — раскоша.
— Нічога, нічога, браток, — сказаў ён услых да малога і сам не пазнаў свайго асіплага ад доўгага маўчання голасу. — Яшчэ мы пабачым…
Бачыць, аднак, пакуль што не было чаго, а паслухаць ужо было можна. Можа, гэта і добра, што сабакі выдавалі сябе здаля сваім пагрозлівым гончым брэхам, які асабліва памацнеў на світанні. Ляўчук, прыслухоўваючыся, адзначыў іх набліжэнне і пашкадаваў, што ў ягоных кішэнях не засталося ні каліва табакі, якой можна было б зацерушыць свой след. Тады ён падумаў, што, мабыць, прыйдзецца лезці ў балота, іншага выйсця не будзе.
Тут быў цвёрды высакаваты бераг з бярэзнічкам, балота трохі адступала ўбок, ён прабег у ранейшым кірунку з паўсотню крокаў і крута завярнуў назад. Там, дзе асакаватая забалаць бліжэй падступала да берага, ён шырока сігануў убок і, стараючыся не дужа слядзіць у траве, палез да бухматага лазовага куста ў багне. Спярша было неглыбока, вада даходзіла не вышэй халяваў, але потым пабольшала, ён пашкадаваў, што не ўзяў палку, хоць як яму было ўпраўляцца з палкай? Аднак па характары балота, па тым, што ў ім сярод вадзяных вокнаў зелянелі купіны з кустамі лазы і алешніку, ён зразумеў, што яно не павінна быць дужа тваністым і, можа, яго не засмокча.
Прытрымліваючы малога за пазухай, ён асцярожна прабіраўся ад купіны да купіны, хапаючыся левай рукой за голле і паступова вязнучы ўсё глыбей. Ён не адышоўся яшчэ і ста крокаў ад берага, як ногі яго ўжо да каленяў патаналі ў гразі, хутка каламутная, з торфам і тванню жыжка падабралася да самых сцёгнаў, і ён думаў: хоць бы яна не стала глыбей, бо як тады ён будзе з гэтай сваёю ношай? Але балота і яшчэ глыбела, купіны радзелі, і між імі стаялі чыстыя, без зарасцяў, вокны чорнай вады, у якой плавала пляскатае лісце гарлачыкаў. Ляўчук ведаў, што гарлачыкі любяць глыбіню, і не соваўся туды, стараючыся лезці зводдаль ад іх, ля купін, дзе можна было ўхапіцца за мох і голле. Ён імкнуўся ісці хутчэй і асабліва не боўтаць нагамі, хоць усё роўна плёханне яго было чутна далёка, і ён разпораз спыняўся і слухаў. Аднойчы яму здалося, што ён чуе голас, нібыта вокрык, ён шырай расставіў у вадзе ногі і прыціх, болей, аднак, нічога не было чуваць. Памеркаваўшы, ён зразумеў, што вокрык даляцеў здаля і не мог адносіцца да яго. Значыць, яшчэ было трохі часу. Але пакуль ён прыслухоўваўся, ногі яго глыбей аселі ў багну, і ён з намаганнем павыдзіраў іх — спярша адну, а потым другую. Пакуль выдзіраў, намачыў знізу пінжак і падумаў, што так хутка вымакне ўвесь, тады чым захіне малога?