Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 144 145 146 147 148 149 150 151 152 ... 221
Перейти на страницу:

— Эй, ану вылазь!

Ляўчук злосна ў думках вылаяўся — на якіх гэта ён д’яблаў налез? Па голасе нібыта нашыя, але хто ведае — можа, і немцы або паліцаі. Не выпускаючы з рук малога, ён асцярожна выцягнуў з кабуры парабелум, ціха нахіліўся за кустом, каб выглянуць на дарогу, і нечакана ўбачыў іх зусім побач. Яны, мусіць, таксама ўбачылі яго — гэтыя трое конных, апранутых, праўда, па-партызанску, хто ў што, якія глядзелі цяпер у папараць, скіраваўшы сюды аўтаматы — нашы, савецкія ППШ.

— Рукі ўгору!

Па ўсім відаць, што гэта былі партызаны, хоць поўнай упэўненасці ў тым у Леўчука не было. Ён нетаропка падняўся з зарасніку, пакінуўшы ў доле малога і хаваючы за сабой парабелум. Але гэтая яго нерашучасць відавочна не задаволіла коннікаў. Адзін з іх, што быў у старой гімнасцёрцы і ссунутай на патыліцу чорнай кубанцы, рашуча павярнуў каня ў папараць.

— Кідай пістоль! Ну! I рукі ўгору!

— Ды ладна, — прымірэнча сказаў Ляўчук. — Свой! Чаго там…

— Гледзячы каму свой!

— Не, — сказаў Ляўчук. — Я павінен сам. Тут такая гісторыя… Сам я павінен. Гэта далёка?

— Гледзячы як. Дарогай — далекавата. А цераз ручай — дзесяць хвілін.

Яны выйшлі з папараці на дарожку. Коні нецярпліва круціліся пад седакамі, якім, відаць, карцела некуды ехаць, але і гэтага балотнага сустрэчнага, што аказаўся знаёмы іхняму таварышу, таксама нялоўка было пакідаць аднаго без дапамогі.

— Ну ладна! — урэшце рашыў той, у кубанцы, мабыць, ён быў старшы. — Кулеш, пакажы дарогу і даганяй. Ля борці мы пачакаем.

Вусаты Кулеш завярнуў каня, і Ляўчук таропка падаўся за ім па дарозе. Ён ішоў шпаркім крокам, згадваючы, у якую гэта брыгаду ён трапіў, хаця, напэўна, не ў Першамайскую. 3 Першамайскай гэты Кулеш зімой не мог быць на раз’ездзе — Першамайская тады дзейнічала недзе пад Мінскам і толькі вясной паявілася ў гэтым краі. Кулеш таксама акінуў Леўчука цікаўным выпрабавальным позіркам.

— Гэта не па табе немцы пулялі? У балоце?

— Па мне, ага. Ледзьве ўцёк.

— Глядзі ты. Там жа дрыгва о-ёй!

— Ды ўжо ж! Думаў, пухіры пушчу. А ты цяпер не ў Кіраўскім? — асцярожна пацікавіўся Ляўчук.

— У Кіраўскім, ну, — ахвотна адказаў Кулеш. — Зашчамілі і нас, сволачы! Да ўчарашняга было ціха, а ўчора цісканулі. Чуеш, грыміць як? Адбіваемся.

Ляўчук ужо чуў, як грымела дзесьці ў тым напрамку, куды яны ехалі. Страляніна, праўда, была далекаватая, але густая, з раскоцістым лесавым водгуллем.

— Слухай, а гэта часам не твой? — кіўнуў Кулеш на ягоную ношу.

— Не, не мой, — сказаў Ляўчук. — Друга майго.

— Во як! Ну што ж, зразумела.

— Не паспеў нарадзіцца і ўжо сірата. Ні бацькі, ні маткі.

— Бывае, — уздыхнуў Кулеш. — Цяпер гэта проста. Ляўчук хуткім крокам сігаў поруч з рахманым Кулешавым конікам і паступова адыходзіў нутром ад усяго нядаўна ім перажытага. Мабыць, ён канчаткова ўжо ўратаваўся сам і ўратуе малога — гэта галоўнае, хоць ён быў занадта ўмораны, каб як мае быць парадавацца з гэтай прычыны. Цяпер, калі столькі жахлівага засталося па той бок балота, якое ўсё ж уратавала яго, ён адчуў толькі цягучую тупую знямогу і, амаль бегучы за канём, усё кідаў наперад нецярплівыя позіркі — ці не пакажацца нарэшце той лагер? Ужо далей лагера ён не пойдзе, спярша выспіцца, а пасля, можа, пакажацца якому доктару са сваёй ранай. Мокрая, не перавязаная як след, яна то тупа балела, то пачынала нясцерпна свярбець на яго плячы, — па ўсім відаць, нарывала — не хапала яшчэ якога заражэння, што тады будзе рабіць? Цяпер яго пачала непакоіць рана.

— Ужо недалёка, — сказаў Кулеш. — Пераедзем ручай, і — лагер.

Ляўчук стомлена ўздыхнуў і зірнуў на малога — той, пэўна, драмаў. Дарожка ішла ўніз, з хваёвага грудка па лужку да ляшчынніку над ручаём, і тады яны ўбачылі здаля, як на тым баку, быццам ім напярэймы, без усякага парадку бягуць людзі з вінтоўкамі. Адзін, згледзеўшы іх, замахаў рукой, і Кулеш нацягнуў повад.

— Што такое?

На дарожку выбег смуглявы, з рашучымі жарсткаватымі вачамі чалавек у нямецкім мундзіры, з нямецкім аўтаматам у руцэ; на ягоных грудзях целяпаўся вялікі бінокль, і Ляўчук здагадаўся, што, мабыць, гэта нейкі камандзір кіраўцаў.

— Кулеш, стой! — крыкнуў камандзір і закінуў на плячо аўтамат. — Хто такі? — кальнуў ён Леўчука пагрозлівым позіркам.

— Гэта з «Геройскага», — адказаў за яго Кулеш. — Во малога ў сямейны лагер нясём.

— Якога малога? — абурана закрычаў камандзір. — Усе ў строй! Немцы прарваліся, чуеш, што робіцца?

3 ляшчынніку на дарогу выскачыла чалавек дзесяць партызан. Усе былі захаканыя, мусіць, ад доўгага бегу і нерашуча спыняліся, прыслухоўваючыся да нечаканай сутычкі іх камандзіра са знаёмым Куляшом і незнаёмым партызанам з «Геройскага».

1 ... 144 145 146 147 148 149 150 151 152 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)