Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Ды не ўбярог — мабыць, прастрэлілі і другі раз. Цяпер ужо канчаткова.
Разважыўшы так, Ляўчук падумаў, што, мусіць, трэба выцягнуць яго абгарэлае цела з гэтага тока і пахаваць дзе ў лесе. Бо што ж ён будзе ляжаць так і смылець — мала яму было пакут пры жыцці?
Усё прыслухоўваючыся да сцішанага наваколля, ён сунуў пісталет у кабуру, зашпіліў яе і зноў ступіў да варотаў. Але толькі ён нагнуўся над Грыбаедам, як дзесь зводдаль шалёна забрахаў сабака і з боку ад вёскі пырхнула ўгору ракета. Захоплены знянацку, Ляўчук здрыгануўся, згорбіўся ў дзвярах, асветлены яе зыркім імклівым агнём, а затым адскочыў назад і схаваўся за яблыню. Ракета агняным шнуром у небе шыбанула ледзь не да самага гумна, трохі, аднак, не даляцеўшы да яго, ударылася аб зямлю, падскочыла і дагарала, ярка адбіўшы перад сабой нейкі чорны курганок ці зараснік, цень ад якога накрыў падворак. Як толькі сцямнела, Ляўчук падаўся назад у жыта, апанылы ад думкі, што яго заўважылі, і чакаў стрэлу ці другой ракеты. Аднак стрэлаў больш не было, а другая ракета з’явілася ў небе зусім з другога боку, ад дарогі і лесу — яна ярка заззяла ў вышыні над пагарэлым гумном і жытам, бязлітасна зырка асвяціўшы іх сваім ненатуральна яркім міготкім святлом. Але ён ужо быў да яе гатовы і жвава прысеў у жыце, тут яго не так проста было заўважыць. Ракет ён не баяўся — баяўся стрэлаў і яшчэ болей сабак. Той басавіты брэх у спаленай вёсцы быў яму дужа знаёмы і болей за ўсё іншае скрабянуў па яго пачуццях.
Калі і гэтая ракета згарэла, ён шыбануў праз жыта да алешнічку, ды раптам спыніўся, прысеў. Здалося, пачуўся голас, нават нібыта далёкі дзіцячы плач, і ён аціх, затрымаў дыханне, услухаўся. Ці не здані завяліся ў гэтым жыце, дзівячыся, падумаў ён, як зноў зусім выразна данёсся аднекуль ціхі, поўны жальбы плач зусім яшчэ малой істоты, і ён, жахнуўшыся, кінуўся далей у жыта.
Ён, мусіць, і ўцёк бы ў лес, калі б у той час амаль перад ягоным тварам не разанула цемру трасірная чарга. Блізкія разрывы куль у алешніку, нібы рэха, з абсалютнай дакладнасцю паўтарылі яе далёкі імклівы трэск, і ён зноў распластаўся на мулкіх грудах жытняе нівы. Цяпер ён ужо ведаў пэўна, што яго заўважылі і што стралялі па ім з дарогі і ад вёскі; значыць, ратавацца трэба ўсё тым жа ўчарашнім шляхам у лес. Калі чарга сціхла, ён тут жа ўскочыў, але, перш чым пабегчы, завярнуў па жыце ўбок, трохі нават назад, прыпыніўся, услухаўся і ўбачыў непадалёк белую плямку ля самай зямлі. 3 нечаканай надзеяй ён кінуўся да гэтае плямкі, ужо пэўна ведаючы, што гэта, падхапіў цёплы жывы камячок на рукі і, прытуліўшы да грудзей, аббег трохі шырэйшае кола па жыце. Гэта было і дзіўна, і зусім недарэчна: ён думаў, што дзесь тут павінна ляжаць і Клава, забітая ці жывая. Але Клавы не было. Адчуваючы тлумнае замяшанне ў галаве, Ляўчук пабег упоперак нівы да алешніку. — Ух, гады! Ух, гады! — роспачна казаў ён сабе, слухаючы, як недзе паблізу гаўкалі, скавыталі сабакі. Але ўжо побач быў лес, і ён разам з малым на руках неўзабаве ўбег у алешнік. У той самы момант ззаду стрэлілі новай ракетай, і па алешніку прайшла доўгая чарга. Яркае святло, перамешанае з дзівоснай блытанінай ценяў, рынулася на яго ззаду, некалькі трас блізка прашылі начны хмызняк, абдаўшы яго трэскам разрыўных куль і абабітым галлём. Ён упаў на адно калена, жахнуўшыся, што так не ўцячэ, што бегчы па лесе з малым немагчыма. Але па полі ён не ўцячэ тым болей, там яго дастануць першай чаргой. I ён пабрыў у цемры навобмацак, левым плячом рассоўваючы голле, захінуўшы крысом пінжака малога, які трохі неяк аціх і толькі перабіраў ножкамі ў мокрай пялёнцы.
15
Першы нясмелы ранак напаткаў яго ўскрай балота, у рэдкім куп’істым алешніку.
Пачынала віднець, далёкім нетутэйшым святлом займаўся шырокі ўскраек неба, навокал сталі відаць кусты і травяністы дол пад нагамі. Ляўчук зусім не ведаў, куды вёў яго лесавы шлях, але ўсё бег, ішоў, брыў па нейкіх альховых зарасніках і расцяробах; перайшоў мокры травяністы лужок і зноў зашыўся ў лісцвяны гушчар. У малады шчыльны ельнік ён не палез, а абышоў яго збоку і ўсё слухаў, хоць і без таго было чутна — яго даганялі. Усю ноч ззаду то цішэй, то мацней пагрозліва брахалі сабакі. Мусіць, у цемры яны адсталі ад яго, але ягоны след яны не гублялі. Значыць, як мае быць возьмуцца даганяць уранку.
3 нязвыклай асцярогай ён нёс за пазухай маленькае цёплае цельца і думаў: хоць бы дзе напаткаць вёску, хутар, жанчын ці наогул людзей і аддаць ім малога. Сам ён, як бы ні стараўся, не мог уратаваць гэта жыццё. Да таго ж ён адчуваў, што немцы ад яго не адвяжуцца. Учора іх было сем, з вінтоўкамі, уночы з’явіўся кулямёт, а таксама ракеты і сабакі — значыць, у гэтым кірунку яны задумваюць нешта сур’ёзнае і маюць для таго сілу. А ён, дурань, наважыўся тут прабівацца ў Першамайскую, знайшоў месца…