Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 133 134 135 136 137 138 139 140 141 ... 241
Перейти на страницу:

— Патрэбна мне тая Люська… як сабаку пятая лапа. Не такіх бачылі.

Я не ведаю, што мне і думаць. Не зразумееш адразу, ці ён прыкідваецца, ці кажа напраўду. І я не магу даўмецца, чаго ён так раптам перамяніўся да дзяўчыны, чаму так ахалодаў да яе? На гэты конт у галаве з’яўляюцца пэўныя здагадкі, але гэта зноў тое старое, учарашняе — агіднае і пакутнае. Я стараюся ўтапіць яго ў сваёй душы, прыцяць, не даць яму ходу і скіроўваю думкі на іншае.

Не, я, мабыць, ніколі так не скажу пра Люсю, хоць — сам разумею — у тым маё гора і мае пакуты. Я магу вылаяць яе сам сабе, збэсціць са злосці ў думках, але, адчуваю я, ніколі мне не счарсцвець да яе ўсмешкі, да яе голасу, яе манер трымаць сябе — да ўсяго яе такога ветлага, сяброўскага аблічча. Мне б вельмі хацелася з’явіцца перад ёй з баявой узнагародаю, з лычкам на пагонах, з чым-небудзь, што б зрабіла мяне большым, смялейшым, дужэйшым і больш вартым у яе вачах. Гэта цяжка, але я напэўна гатовы на новыя пакуты ў баях, абы мне толькі хоць трошачкі палепшаць і наблізіцца да гэтай незвычайнай дзяўчыны. А што яна вельмі ўжо незвычайная, лепшая за ўсіх на свеце дзяўчат, у тое я веру ўсёй сваёю недарэчнай, маладою душой. Не, відаць, жывучы з ёю на адным свеце, я не магу быць абыякавы да яе і сам не магу быць абы-якім.

— Хе, Люся! — іранічна хмыкае Лёшка. — Мы тут вось галовы пад кулі падстаўляем, а яна там з тылавікамі мілуецца. Таксама медаль зарабляе. Капітан гэты… як яго? Мялешкін? Даўно яна з ім круціць. Ведаю я…

Капітан Мялешкін! Гэта такі прыгожы, чарнявы хахатун з вусікамі. Праўда, я бачыў аднойчы на маршы, як на кані ён ехаў збоч фурманкі санітарнае роты і ўсё частаваў нечым дзяўчат і Люсю таксама, а яна вельмі ўжо весела ўсміхалася. Мы ішлі тады па ўзбочыне, была несусветная топкая гразь, — і я вельмі запомніў гэты выпадак.

Зноў паныласць і раздражненасць упаўзаюць у мой настрой — я зноў гатовы сказаць сабе: чорт з імі. Відаць, такая наша доля — пакуль мы тут думаем, марым, пакутуем пад агнём, там, у тыле, знаходзяцца спрытнейшыя людзі — афіцэры ці гэткія вось Лёшкі… Дзе ўжо нам! Мне становіцца злосна на сябе і на ўсё на свеце. Але недзе ў глыбіні адчування ціхенька сама па сабе жыве, не згаджаецца са мною ўпартая маленькая думка: не, не можа яна быць благою, не можа, яна не такая.

Па траншэі да мяне пералазіць цераз хлопцавы ногі Крывёнак. Ён сядае насупраць, падпёршы спінаю халодную ў засені сцяну, і, скасіўшы вочы на Лёшку, паказвае складзеную, як пакецік для парашка, паперку.

— Слухай, — ціха гаворыць ён. — Аддасі ёй… Калі што якое… Разумееш?

— Каму?

— Ну, не прыкідвайся. Ведаеш каму.

Я разумею, вядома, каго ён мае на ўвазе, але перадаваць ёй чужыя запіскі — гэтага я ўжо не буду. Зноў жа я думаю, што нічога з намі не здарыцца, наўкола ціха, так ціха, як гэта было ўчора, заўчора, і здаецца недарэчным усякае апасенне.

— Ну, выдумаў! — кажу я. — Сам аддасі. Чаму гэта я?

Крывёнак падазрона аглядае мяне, напэўна, разумее, што я прыкідваюся, яго скасабочаны твар перасмыкаецца. Некалькі часу, нібы выпрабоўваючы маю шчырасць, ён пазірае мне ў вочы, а затым, не ўпрошваючы і не кажучы нічога, хавае паперку ў нагрудны кішэньчык.

— Ну што ж… Не хочаш — не трэба.

Здаецца, ён пакрыўдзіўся.

Эх, Крывёнак, Крывёнак! Хіба не тыя ж пакуты раздзіраюць і маё нутро, хіба не нішчыцца святое і ў маёй душы? Але што зробіш?! У тым толькі і розніца, што, як і ўсе пакуты, адну душу яны спарахняюць, а другую гартуюць да трываласці сталі. Не ведаю, як у Крывёнка, а мая душа для гартавання, відаць, задужа слабая.

— Нічога, — кажу я і не веру ў свае словы. — Нічога! Ён балбатун, гэты… Нахваліўся…

Кажу я гэта дужа няўпэўнена, на ўсякі выпадак, і бачу, як Крывёнак толькі скрыўляе вусны і скептычна ўсміхаецца.

А час ідзе. Да нас у акоп ужо зазірае сонца і пачынае прыпякаць пілоткі. Плечы і тулава яшчэ ў ценю, а галовам спякотна, і Жаўтых, па-старэчы крэкчучы, перасаджваецца пад другую сцяну — у засень.

— Глядзі ты: маўчаць! Аніводнае міны. Дзіва! — кажа ён. — Ну, да вечара дабудзем, а там — на новае месца. Пад другую кучу.

Папоў надзявае гімнасцёрку і сціпла любуецца на свой выраб — пагоны. Уся вопратка на ім прыгледжаная, падагнаная, акуратная, гузікі на месцы, над правым кішэньчыкам тры вузенькія палоскі — нашыўкі за раненне. Гэтыя нашыўкі мала хто носіць у нас, хоць і многія былі паранены, але ў Папова яны на месцы. Якраз пад імі эмалевая зорка ордэна. На адным зубчыку эмаль выкрышылася, і ён белы, але ордэн роўненька прыкручаны на чырвонай суконнай падкладцы. Наводчык наш выглядае акурацістам, спраўным салдатам, адразу відаць схільнасць да вайсковае службы, толькі вось званне малое — яфрэйтар. Ну, але калі б ён быў сяржантам, дык, думаецца, яго падначаленым жылося б не дужа соладка — характар у Папова ціхі, але ўпарты і ўедлівы, асабліва ў дробязях.

1 ... 133 134 135 136 137 138 139 140 141 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)