Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Сушчэня падхапіўся з-пад хвоек, на каленях падаўся да Бурава, тузануў за рукаў. Але Бураў не азваўся. Тады ён пакратаў яго за падбароддзе. «Коля, а Коля?» Дзе там! Мікалай Бураў ляжаў з ссінела-зялёным, аброслым шорсткаю шчэццю тварам і не кратаўся. Сушчэня войкнуў, апусціў вялікія рукі.
— Божа, што ж гэта? Няўжо?.. Я ж яму ўсё… А ён і не чуў… Не даслухаў… Як жа я гэта, а божа!..
Цяжка махнуўшы крыламі, груган зваліўся з вяршаліны хвойкі, падляцеў бліжэй і нязграбна ўладкаваўся па суседству, амаль над самай прагалінай. Гэты раз Сушчэня на яго не махаў — што ўжо яму той груган?..
Нейкі час, аднак, Бураў яшчэ быў жывы. Спярша ён добра чуў і разумеў усё, што, седзячы ля ног, апавядаў Сушчэня, і ён верыў чыгуначніку. І як было не паверыць? Зноў, як і некалі ў дзяцінстве, побач гучаў знаёмы голас ціхманага і прыстойнага ў паводзінах чалавека, яго земляка. Паступова яго загадкавая «здрада» стала зразумела Бураву, і ён дужа шкадаваў, што ледзьве не застрэліў яго. Была б вялікая памылка, якая, бадай, цалкам лягла б на сумленне Бурава… Але, мабыць, яна і дала б жыццё, раптам падумаў Бураў. А так вось здыхай тут праз сваё чуллівае сумленне ў свае дваццаць сем год. Памірай без пары, без сям’і і дзяцей, не пакінуўшы ў свеце нікога. Страціўшы ўсіх і ўсё без рэшты. Праўда, затое, можа, застануцца тыя сушчэнеўскія Анэля і малы, а можа, і ён — у іхняй удзячнай памяці. Калі-нікалі, можа, і памянуць добрым словам.
Але гэта — калі ацалее Сушчэня. Без Бурава, аднак, наўрад ці ўцалее… Ён перастаў ужо разумець, хто цяпер ад каго залежыць: Сушчэня ад яго ці, наадварот, — ён ад Сушчэні? Штосьці заблыталася ў яго мляўкіх думках, і Бураў ужо пэўна не ведаў, як лепей было б зрабіць — надта ўжо розныя праблемы сышліся і замкнуліся на ім, каб іх можна было цяпер вырашыць. Мабыць, за кароценькі кончык ягонага жыцця нічога ўжо не вырашыш. Шкада гэтага Сушчэню, шкада і сябе таксама. А паміраць дужа не хочацца…
Дужа не хацелася Кольку Бураву тут паміраць, свядомасць яго ўсё чаплялася за яго бяду, час ад часу вяртаючыся ў тыя, пражытыя без вайны гады — хай сабе з іх неўладкаванасцю, нясытасцю, гаспадарчымі нявыкруткамі, матчынымі слязьмі і бацькавай змрочнасцю. Але іншых гадоў не было ў Бурава, то быў яго лёс і яго маладое жыццё, якое калі-нікалі ўсё ж радавала скупымі ўцехамі гарэзнай маладой весялосці, шчырага сяброўства ці першага маладога, дурнога, але і дзівоснага, як цяпер паглядзець, кахання. І ў гэты астатні перадсмяротны час дужа зашчымела ў ягонай свядомасці ад хуткае ростані менавіта з гэтымі радасцямі — як след не адчутымі ім да канца, не завершанымі і не асэнсаванымі ў той тлумны час. Тады ўсё штось замінала, не было вольнага часу, заядала праца і праклятыя клопаты аб тым, як пражыць, пракарміцца, абысціся мізэрнай капейчынай у кішэні — выплаціць усё, што належала выплаціць дзяржаве, разлічыцца з безліччу нарыхтовак — адчуць сябе вольным і хоць трохі шчаслівым. Ды ўжо, відаць, не адчуеш… Нават цяпер, перад хуткім канцом, калі нішто абсалютна не абавязвала яго — ні доўг, ні начальства, ні нават страх, — штось не давала адчуць жаданае волі, замінала; блытанае ў жыцці перад смерцю заблытвалася яшчэ болей. Ужо не разблытаецца. А галоўнае — не было калі. Не было калі жыць, няма як па-людску памерці, як некалі паміралі старыя: нетаропка, скончыўшы ўсе справы, аддаўшы ўсе запаветы. І яму дужа захацелася, каб як-небудзь забрысці да атрада, хай бы там свае хлопцы закапалі ў сухую зямлю, сказалі нябожчыку пару добрых і цёплых слоў, якіх не багата ён чуў у жыцці. Добрае ён бы пачуў і з магілы. Так мала было яму трэба, але і да таго, мабыць, не дапяцца.