Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 134 135 136 137 138 139 140 141 142 ... 147
Перейти на страницу:

— Закурвайце.

— Ясна, — сказаў ён, — занадта я тады звярнуў увагу вашу на Пахольчыка. Тады, падчас бяседы ля тытунёвай крамнічкі.

— І гэта было. І яно каштавала некаторым нават жыцця.

— Я не мачаў у гэта пальцаў.

— Так, вы не мачалі. Проста ваша пачвара пачала жэрці сама сябе. Па частках.

Шчука і Хілінскі пераглянуліся.

— Ці не досыць? — спытаў Шчука.

— Нашто, — сказаў Альшанскі, — я ж магу або разваліць яго разумовыя збудаванні-практыкаванні, або прызнаць іх. Мне ўсё адно. Трэба больш мужнасці прайграць, чым выйграць.

— Высоцкага вы зналі па сувязях яго з вашым бацькам. І іхняй агульнай сувязі з…

— Гэта вядома з кім. Не будзем выклікаць нябожчыкаў.

— Вы не разлічвалі на іхні мозг, толькі на грубую сілу. Але Высоцкі, бываючы ў горадзе, не губляў надзеі на свае мазгі. Яму нічога не каштавала выведаць у Мультана, што «нейкі з горада» ўзяў кнігу, нават прапаноўваў грошы, ды дзед не ўзяў. І таму тып з трайной мордай наведваў усе выстаўкі кнігі, старых гравюр і іншага такога, на якія ён здолеў натрапіць, бываючы ў горадзе. І аднойчы яму нечувана пашанцавала. Ён сутыкнуўся з Пташынскім і напаў на след кнігі. Я здагадаўся, што гэта быў ён па словах Мар'яна: «сумесь вясковага і гарадскога».

— Не толькі ён бачыў. Гутнік, вядомы вам, бачыў. А самі ўпэўніліся, чысты як шкельца. І антыквар.

— І ў абодвух ёсць язык, — сказаў я. — Яны — ложны след. Але Гутнік быў добра знаёмы з тым маладзёнам… ну, што з вядром да смецця. А антыквар і вы — з мастакамі з майстэрань у нашым жа пад'ездзе.

— Адкуль гэта?.. Ага, масайскія дзіда і шчыт. «Не хадзіце, дзеці, у Афрыку гуляць».

— І гэта была зручная акалічнасць, тое, што Гутнік і антыквар таксама бачылі кнігу. Зручна было намовіць кнігалюба, каб званіў, нерваваў і без таго ўстрывожанага чалавека. А яшчэ зручна нібы шантажаваць і маладога са смеццем, і гэтых.

— Я не шантажаваў, — цвёрда сказаў Альшанскі.

— Правільна, — сказаў Шчука, — відаць, хапала на тое асоб і без вас.

— Я бы вас папрасіў, палкоўнік, не перашкаджаць зараз Космічу. Мне проста цікава, да чаго і як ён дайшоў. Дамысліўся. Гэта, можа, адна з апошніх маіх здагадак па псіхалогіі. А потым… потым я цалкам у вашым распараджэнні.

Шчука вымушана ўсміхнуўся.

— Я адразу здагадаўся: мая кніга, — сказаў лекар. — Я ўжо гаварыў, бацька апісваў мне яе перад уцёкамі. Заставацца яму — не выпадала. Застаўся я. Пераехаў з Кладна ў Менск… Ну апісаў ён. Акрамя таго, гэтае апісанне кнігі перадавалася ў нашым родзе з пакалення ў пакаленне. Мне трэба было знайсці сапраўдныя граматы. Пасля мяне — каму ж? І потым, без гэтага лепей памерці. Як зраблю гэта я. Скора.

— Ну не так ужо скора.

— А пра гэта не вам меркаваць, Косміч.

— Чаму? — спытаў маўклівы, з пачатку размовы нават чымсьці ўражаны Хілінскі.

— Я не з тых, каму прызначаюць дзень і час згону. Я іх выбіраю сам. Давайце далей, Антон. Мне проста цікава, як гэта вы пры вашым псіхічным стане здолелі да сяго-таго дакапацца.

— А вы — не здолелі, нягледзячы на тое, што былі адной з прыступак тых сходаў, якімі я спускаўся ў вар'яцтва. Вы шукалі кнігу ў Мар'яна, нават калі яе ў Пташынскага ўжо не было. Не падумалі, што кнігу вынеслі з ягонай хаты. Сардэчны друг Пахольчык меў рацыю: адзін Пташынскі не пасмеліўся б несці кнігу. Нейкае падсвядомае прадчуванне прымусіла яго купіць віно і кефір і паставіць мне ў партфель. Прымітыўная маскіроўка, але ў нас з прадаўцом была з гэтай прычыны нават уратавальная бяседа дзеля душы. Аб чым ён вам паспяхова і данёс. І, да пэўнага часу, спроб улезці ў маю кватэру ніхто не рабіў. Гэта — пасля.

— Так. Дагэтуль усё дакладна… Герард быў калісьці слугою і айца і мяне, і я прасіў яго назіраць за вамі. Пры ягонай цікаўнасці яму гэта было проста дарам нябесным.

— Ясна, чаму кожны мой крок быў вядомы. І гэта яшчэ адна з прычын, чаму я не тое што западозрыў вас, а ўжо не мог ставіцца з ранейшым даверам. Я не звязваў вас з Высоцкім аж да таго самага дня, калі Пахольчыка забілі. Высоцкі забіў, бо заўважыў, што вы баіцеся: прадавец зашмат ведаў і перавысіў меру вашага даверу да яго. Вы ж давалі яму проста слабы наркотык, уласна кажучы, сродак на сон, а ён так павысіў дозу, што сродак на сон стаў сродкам на вечны сон.

— Высоцкі загінуў, — хутчэй сцвярджальна сказаў доктар.

— Так.

— Н-да, я крыху нарабіў глупстваў. І недаацаніў сяго-таго… Прынамсі, застаўся б неапазнаным, каб не вы.

— Не засталіся б.

— Проста мэты няма. Таму я і гуляю ў паддаўкі. Ну добра, гісторыя з легендай пра даму і манаха.

— Часткова сасніў. Неадрыўна думаў пра яе цэлымі днямі і таму часткова сасніў. Не без уплыву вашага сродку. І ўмення раскопваць у той пагарджанай многімі гісторыі розныя дзівосныя рэчы. Вось так. Скарбы Галконды, фантастычнае багацце роду, якое раптам знікла са смерцю старога Вітаўта, болей не вернецца ў род.

1 ... 134 135 136 137 138 139 140 141 142 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)