Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
Дунін-Марцінкевіч засмуціўся. Развёў рукамі.
— Я не хачу звадаў, — глуха сказаў ён. — Я хачу i намагаюся пераканаць у патрэбнасці гэтага ўcix… Я хачу, каб yciм было добра, каб на зямлі панавалі гармонія і радасць. Досыць ужо вытрымаў агню гэты няшчасны край. I што ж, мяне кусаюць адусюль. Няма такога сабакі, які не палічыў бы cвaiм абавязкам ухапіць мяне за нагу. А я не хачу даваць кухталі людзям. Нават дрэнныя, яны — людзі.
— Гуманізм, які б'юць і справа і злева, — буркнуў Грыма. — Зноў тое самае.
Але гарбун, відаць, не заўсёды трымаўся таго правіла, што людзям трэба дараваць, нават калі яны кусаюць за ногі. На ягоныя вусны ўспаўзла павольная разумная ўсмешка.
— Самае дзіўнае, што ніхто не выступіў супраць маёй паэзіі ў каралеўстве, у Польшчы. Лаюцца толькі тыя, каму гэтая справа павінна была б стаць блізкай, нашы паны. Больш ваююць за Польшчу, чым самі палякі. Відаць, таму, што ніколі iм не быць ні беларусамі, ні палякамі, ні немцамі, хоць яны схільны быць і тым, і другім, і трэцім.
— Зразумейце, пане Марцінкевіч, — сказаў Ходзька. — Я не супраць гэтага як рэдкасці, як своеасаблівага рарытэту. Але ж гэта наследаванне нязграбных тутэйшых песняў… Ці варта паўтараць тое, што памрэ.
І тут Алесь убачыў, як гаротна затрэсліся вусны інтэлігентнага каротказорага чалавека, які дарма намагаўся схаваць за кавай сваю разгубленасць і ніякаватасць.
— Я таксама gente albarutenus natione polonus[75], — сказаў Манюшка. — Мяркую, нядрэнны паляк. Мне добра быць палякам. Але я ніколі не дайду да думкі, што быць палякам — азначае душыць астатніх. Быць палякам — гэта, хутчэй, змагацца за шчасце астатніх. I вы дрэнна цяміце ў музыцы, пан Ходзька, калі ганіце тутэйшыя песні… Гэта ўжо я магу вам заявіць.
На твары чалавечка на хвіліну з'явіліся рысы вышэйшай адухоўленай прыгажосці.
«А мо сапраўды бог?» — падумаў Алесь.
— Яны, песні, не хочуць быць рарытэтамі. Яны звіняць, смяюцца, плачуць. Нават уначы, у сне, я чую іхнія галасы. Я ад Польшчы, я і ад іх.
І нібыта звяў. Зноўку сеў, не ведаючы, куды падзець рукі. Манюшка i Дунін-Марцінкевіч пераглянуліся. Гарбун усміхнуўся, схіляючы галаву.
— Што ж, — спытаў Ходзька, — замест Чымарозы смярдзючы мужык?
— Я з мужыкоў, — сказаў Каратынскі, — будзеце злоўжываць гэтым — скончыцца дрэнна.
— Што ж, — сказаў Ходзька. — Шлях натуральны. Замест культурнага, памяркоўнага гаспадара — п'яны кат з бузуном.
— Мы не хочам ні ката, ні гаспадара, — сказаў Грыма. — Мы хочам волі.
— А атрымаеце бізун… Вам далі магчымасць часова развіваць сваю гаворку. Бо вы — наш фарпост. Але тое, што робіцца тут, — гэта ўжо занадта. Пісаць на ёй? Называць сябе быдлячым iмeм? Калі мы дазволім такое — вас самнуць.
Алесь адчуў, што ў яго звініць у галаве ад гневу.
— Мы, здаецца, пачыналі спрэчку з вамі?
Ходзька з цікавасцю глядзеў на шэравокага маладога чалавека.
— Кажыце далей, — памяркоўна дазволіў ён.
— Нам не трэба нічыйго дазволу на тое, каб дыхаць, — перахопленым горлам сказаў Алесь. — А пісаць і гаварыць на сваёй мове гэтак натуральна, як дыхаць. — Ён павысіў голас. — Мы не хочам быць нічыім фарпостам. Чым слова «магнат» лепшае за слова «барын»? Досыць, панюхалі.
І тут Ходзька ўсміхнуўся, нібы намацаў у абароне хлопца трэшчыну.
Алесь бачыў вочы гарбуна, арганіста, Сыракомлі. Ва ўcix гэтых вачах жыла трывога. А Ходзька падаўся галавой наперад i цixa працадзiў:
— Хіба не стала нашаму мужыку горш жыць пасля прыяднання да Расіі? Адразу салдатчына, павышэнне падаткаў…
Сыракомля нецярпліва перапыніў яго:
— Ходзька, гэта жорстка!.. У маладога чалавека не столькі ведаў… I ягоныя перакананні…
Алесь узняў руку.
— Не трэба, пане Кандратовіч, — ён усміхнуўся. — Тое, што мне трэба, я ведаю добра. I перакананні ў мяне цвёрдыя i… аб-грун-таваныя, у адрозненне ад пана Ходзькі.
— То стала горш? — настойваў магнат.
— Стала горш, — спакойна сказаў Алесь. — Акрамя старых паноў, нас з вaмi, з'явiлiся новыя. Прычына гэтай галечы тое, што на ўсе старыя ланцугi павесiлi яшчэ адзiн, новы — грошы. А грошай у мужыка пры цяперашнiм стане быць не можа. У яго адбiрае ix тое, што страшней за чуму, вайну, страшней за ўсё на свеце.
Чырвоныя плямы папаўзлі на шчоках у Ходзькі.
— Што ж гэта такое, страшнейшае за ўсё? — цixa спытаў ён.
Алесь пабялеў ад хвалявання. А потым у цішу ўпала адно толькі слова:
— Прыгон!
Вочы ў Лізагуба звузіліся.
75
Паходжання беларускага, нацыі польскай (лат.)