Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
— Як гэта не тваё?
— А так. Звычайна ў людзей так. Першае — гэта я, другое — сям'я, родны дом, трэцяе — родны горад, чацвёртае — родная краiна, пятае — родная Зямля, роднае Чалавецтва. I кожны любiць сам сябе, амаль усе — сям'ю, большасць — родны горад, частка — радзіму. I толькі адзінкі любяць чалавецтва. Па-сапраўднаму, а не на словах…
Ён сеў i абхапіў мускулістымі рукамі калені.
— Мы нават да любові да радзімы ў большасці не дараслі. I таму тут больш за ўсё патрэбны людзі, якія прайшлі ўсе ступені. Бываюць такія, багатыя любоўю i нянавісцю. У ix увесь свет узарваны i перакулены. Яны любяць чалавецтва больш, чым радзіму, радзіму больш, чым родны дом, а ўсё гэта разам — больш за caмix сябе. Яны, разумееш, свабодна аддаюць жыццё i дом i ўсё — для краіны i чалавецтва.
— I ты хочаш быць такім?
— Буду вельмі старацца… Што ж, самога сябе я аддам. А каго я маю права аддаць, акрамя сябе? Жонку? Дзяцей?
У цемры блішчалі ягоныя вочы.
— Не, калі аддаваць, то толькі сябе. Брат Віктар кажа: каханне не павіннa вісець у нас на нагах… Наш народ спявучы, таленавіты, горды. I вось яго ўвесь час дзякуюць за дабрыню, седзячы на ягонай спіне.
Стукнуў сябе кулаком у грудзі.
— Песні нашы затаўклі ў гразь, талент распялі, гордасць аплявалі. Усё забралі: зямлю, ваду, неба, свабоду, гісторыю, сілу… А я ўсё гэта люблю…
Шапацела лістота. Быццам тысячы тысяч уздыхаў ляцелі ў адчыненае акно.
— Нельга больш. Нельга больш. Нельга больш цярпець, іначай страцім апошняе: душу сваю жывую.
— Я таксама даўно пра гэта думаю, — сказаў Алесь. — Зброяй трэба нарадзіць павагу да сябе i да мужыка. I волю нарадзіць таксама — зброяй. Я гаварыў пра гэта з сябрамі.
— 3 Мсціславам?
— I з iм.
— Мсціслаў — харошы хлопец. Ён мне спадабаўся. I Майка твая мне спадабалася. Але як табе з ёю быць, калі справа дойдзе да зброі?
— Не ведаю.
— А хто яшчэ?
— У нас у гімназіі ёсць суполка. «Братэрства шыпшыны i чартапалоху». Праўда, амаль дзіцячая яшчэ выдумка. Мсціслаў, Пятрок Ясюкевіч, Усяслаў Грыма, Мацей Біскуповіч i я.
— Знойдуцца, відаць, i іншыя, — стрымана сказаў Кастусь.
— За апошні час мы трохі сцішэлі, — Алесь таксама сеў. — Усё ж не фельдфебель над галавою. Лягчэй стала жыць.
— Лухта! — сказаў Кастусь. — Лягчэй стала жыць! На гэта мне нядаўна даў адказ Алекс дэ Таквіль.
— Француз гэты? Гісторык?
— Але. Віктар аднекуль дастаў выпіскі з ягонай новай, ненадрукаванай яшчэ кнігі. Пастараюся прыпомніць больш дакладна… Ага: «…не заўсёды прыводзіць да рэвалюцыі пераход ад дрэннага становішча да горшага. Часцей здараецца, што народ, які цярпеў без скарг i больш страшныя ўмовы, сілком скідае з сябе іхняе ярмо, менавіта тады, калі яно робіцца лягчэйшае. Стан рэчаў, які выклікае рэвалюцыю, бывае амаль заўсёды лепшы за той, які быў непасрэдна да яго, i вопыт вучыць, што для дрэннага ўрада найбольш пагрозлівая тая хвіліна, калі ён, урад, пачынае трохі выпраўляцца. Зло, якое цярпліва выносілі, як штосьці непазбежнае, робіцца нясцерпным пры думцы, што можна ад яго вызваліцца…»
Кастусь стаў на калені i, гаворачы, глядзеў у парк, дзе білася i тужліва ўздыхала лістота.
— Так, відаць, i ў нашым становішчы. Тым больш што царок нічога вялікага не робіць, а так, нібы мёдам злёгку па вуснах мажа. Усё, як раней. Дзяржава — паліцэйскі ўчастак. Дзяржава — турма.
На твары ў Кастуся зноў з'явілася нешта пакутлівае, цень нязвыклай i, па маладосці год, страшнай, непажаданай думкі.
— Ты раптам зрабіўся падобны на Раўбіча. Толькі маладзейшы.
— Мне ніякавата, — уздыхнуў Кастусь. — І мне вельмі страшна. Здаецца, я беспаваротна вырашыў. Іншай дapoгi для мяне няма.
Алесь развёў рукамі:
— Каб жа ж можна было хоць што зрабіць! Школы на сваёй мове, паступовае вызваленне — тады яшчэ сяк-так. Але ж не даюць. Не паўстанеш — будзеш жыць, як усе: жэрці, напівацца, паляваць, ацірацца ля спадніц. Сумленне страціш. А паўстанеш — таксама страшна. Гэта, магчыма, i плаха.
Голас ягоны сарваўся:
— Галоўнае, мала нас, мала! Адзiнкi!
Кастусь лёг на спіну. Доўгі час маўчаў, глядзеў у цемру бліскучымі вачыма. Пасля сказаў глухім, але цвёрдым голасам, нібы канчаткова вырашыў усё:
— Не трэба тысячы, каб пачаць. І не трэба ста, каб пачаць. I не трэба… дваіх, каб пачаць…
XXIX
Алесь і Усяслаў Грыма ішлі Дамініканскай вуліцай да Святаянскіх муроў. Абодва пераапрануліся з гімназічнай формы ў цывільнае i старалася трымацца далей ад ліхтароў. Хаця гімназістам старэйшага класа i дазвалялася не вельмі пільнавацца гадзіны, пасля якой вучні павінны сядзець дома, але яны iшлi ў дом, наведванне якога магло не спадабацца начальству. Ды i прагулкі без формы не заахвочваліся. А іначай было нельга. Будуць глядзець, як на шчанюкоў.