Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:

Раман у двух кнігах «Каласы пад сярпом тваім» прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі.
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 126 127 128 129 130 131 132 133 134 ... 154
Перейти на страницу:

— I не буду. I зусім не буду, — калыхаўся гарбун. — У жартах граху няма. І што ж, што татарын. Усякае дыханне хваліць пана бога.

Кіркору, відаць, было замала рэкамендацый, хаця для Алеся абодва паэты, як людзі, былі ўжо зразумелыя.

— Абодва на гаворцы пішуць. На літоўска-мужыцкай.

Алесь звёў бровы:

— Па-беларуску, значыць?

Ходзька нахмурыўся. А вочы Марцінкевіча раптам, на адно імгненне, перасталі быць усмешлівыя, зірнулі на хлопца добразычліва, цвёрда.

«Эге, — падумаў Алесь. — Не такі ты, відаць, прасцячок, не такая божая душа. Ты, брат, дзе трэба, i характар можаш паказаць». I супакоіўся, што знайшоў зразумелага i блізкага чалавека.

— Бачыце, — сказаў Ходзька. — Вось ён, першы плён вашай працы. 3'явіўся ўжо беларус, ды яшчэ i князь. Глядзіце, каб хутка не з'явілася яшчэ, замест мужыцкай гаворкі, нейкая беларуская мова.

— Я не чытаў твораў пана Марцінкевіча, — сказаў Алесь. — Але існаванне беларускай мовы не залежыць ад нашых з вамі жаданняў, пане Ходзька. Як яе ні называй, яна проста — icнye.

Непачцівы Грыма, як заўсёды, рэзнуў проста ў Ходзькавы вочы:

— Разважаеце вы, шаноўны пане, з багатай магнацкай званіцы. Гэтыя словы аб «гаворцы» нам у зубах навязлі. Вы тутэйшы, але, прабачце, чым тады гэтыя вашы разважанні адрозніваюцца ад разважанняў нябожчыка імператара?

Кіркор азірнуўся. Зyciм непрыкметна для іншых. I адразу супакоіўся, заўважыўшы, што ніхто не звярнуў yвaгi, што ўсе свае, што ўсе з цікавасцю чакаюць працягу спрэчкі.

Ходзька холадна сказаў:

— Я — паляк беларускага паходжання. Памятаючы гэта, вы не можаце ўпікнуць мяне ў чужой крыві, у нелюбові да зямлі, на якой я нарадзіўся, у няведанні гаворкі, на якой гавораць яе мужыкі. Я павінен яе ведаць, бо як тады іначай весцi гаспадарку. Выйдзе нешта накшталт непрыемнасці з вaвiлонскай вежай. Але, я лічу, гэтая гаворка зжыла сябе, як зжыла сябе яшчэ некалькі стагоддзяў назад беларуская ідэя. Нічога не зрабілі, акрамя войнаў i звад…

— Толькі Біблію адны з першых надрукавалі, — сказаў Алесь. — Першыя сярод усходніх славян.

У вачах Марцінкевіча Алесь заўважыў пыльную цікавасць.

— Можа, вы не будзеце мяне перабіваць? — сказаў Ходзька.

— Калі ласка, — сказаў Алесь. — Я проста ўдакладніў некаторыя не зусім… пэўныя пастулаты пана.

— Дык вось, — сказаў Ходзька. — Ідэя скампраметавала сябе.

— Або вы яе скампраметавалі, — буркнуў Грыма.

— Ажыўляць нябожчыкаў — гэта не справа гicторый. Мы проста адгалінаванне польскага племені, слабое, чэзлае, якое ідзе дарогаю апалячвання. І хоць гэтай гаворкай гавораць пяць мільёнаў, але яна проста «рабочая мова», каб работнікі рознага паходжання разумелі адзін аднаго.

— Пяць мільёнаў!.. Цi не занадта многа для «рабочай гаворкі»? — сказаў Алесь.

— Я паважаю вашы пачуцці, — сказаў Ходзька. — Але цi не занадта вы малады, каб…

— Чакайце, — сказаў са свайго кута Сыракомля. — Гэта забаронены ўдар.

— Чаму забаронены? — умяшаўся Лізагуб. — Мы сапраўды яшчэ мала ведаем у параунанні з панам Ходзькам.

— Малады чалавек, — сказаў Сыракомля. — Веды i вера ў радзіму — розныя рэчы.

— Магчыма, пане Кандратовіч, — у голасе Лiзaгуба прарвалася непрыязная нотка. — Я проста кажу, што некарэктна перапыняць старэйшага госця.

Ходзька кінуў на яго ўхвальны позірк:

— Я ўдзячны вам. Не турбуйцеся. У мяне яшчэ няма старэчага маразму.

— Паважаю пана, — сказаў Лiзагуб. — Але дадам толькi адно. Брыдка, калi адукаваны чалавек, князь, пачынае насiць лапцi праз нейкiя там меркаваннi. Гаворка гэтая для людзей вашай культуры — тое самае, што лапцi замест чаравiкаў.

— Глупства, — раптам сказаў Марцінкевіч. — Выходзіць, я лапцюжны паэт? I пан Кандратовіч таксама?

— Не звяртайце ўвaгi, — нервова сказаў Сыракомля. — Я не хачу пакрыўдзіць пана Лізагуба, сказаўшы, што яго словы — праява злачыннай абыякавacці да перакананняў.

I замкнуўся, нервова перабіраючы брэлокі. Лізагуб, на знак павагі да слоў паэта, схіліў галаву.

Усім было трохі някавата. Алесь бачыў, што ўсе глядзяць на яго. Нават Манюшка кінуў сваю каву i ўглядаўся, мружачы добрыя вочы.

— Я адкажу спачатку пану Марцінкевічу, — сказаў Ходзька. — Не, я не кажу, што ваша паэзія лапцюжная. Я з прыемнасцю слухаю вашы ідыліі. Ваша «Сялянка» — гэта добра.

— Калі-небудзь я напішу такую ідылію, што вы не будзеце ведаць, куды схавацца ад людскога смеху, — буркнуў гарбун.

— Не, яна не лапцюжная. Яна недарэчная. Пішучы на беларускай гаворцы, вы насаджаеце сярод мясцовага люду, сярод мужыкоў i нават сярод некаторых дваран, як мы бачым, правінцыялізм.

1 ... 126 127 128 129 130 131 132 133 134 ... 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)