Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » У дрымучых лясах
У дрымучых лясах - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

У дрымучых лясах

Электронная книга - «У дрымучых лясах». Краткое содержание книги:

Аўтабіяграфічная аповесць”У дрымучых лясах” – апошні значны твор З. Бядулі. Усе, літаральна ўсе вытокі бядулеўскай творчасці бяруць пачатак з Пасадца, невялікай вёскі, размешчанай пасярод дрымучых лагойска-плешчаніцкіх лясоў, якія сотню-паўтары гадоў назад былі сапраўдны дрымучымі...
1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 45
Перейти на страницу:

Жанчына ламала рукі.

— Пазыч, Хаіміха, на лякарства кавалак хлеба… Татарын свайго хлеба не дае, тады не паможа, кажа… Купіла б, дык у мяне ўсяго залатоўка для татарына.

Маці моўчкі адрэзала акрайчык хлеба. Марта падзякавала.

Маці адвярнулася да сцяны і кончыкам новага каптура, над якім працавала, выцерла вочы. Потым накінула па галаву вялікую хустку, якая акрывала яе да ног, узяла кош, кінула ў яго некалькі палатняных падшывак ад каптуроў у выглядзе торбачак і пайшла ў мястэчка, абышла крамы, корчмы, хаты. Потым яна прынесла ў хату ўдавы Марты цукру, хлеба, крупы, мукі і жменьку дробязі.

Разбойнік Ціхан

Бабуля, стоячы ля прыпечка, апавядала мне розныя гісторыі з мінулых часоў: аб жыдоўскім пагроме ў гэтай ваколіцы, аб страшных учынках разбойніка Ціхана і канакрада Шлёмкі, аб тым, як цыганы мядзведзяў вадзілі тут на паказ, і аб прыгоне, які яна добра памятала.

Вось адно з яе апавяданняў.

З суседняга маёнтка пана Чапкоўскага ўцёк прыгонны. На начлезе воўк зарэзаў каня, і пан збіраўся за гэта строга пакараць прыгоннага конюха. Конюх, уцякаўшы, зайшоў у хату да бацькоў бабулі. Бабуля была тады маладой дзяўчынай. Бяглец папрасіў у яе кавалак хлеба на дарогу. Яна дала яму паўбулкі хлеба. Ён пайшоў у пушчу да разбойніка Ціхана. Калі за маладога бегляца пакаралі бізунамі яго бацьку, Ціхан падпаліў панскую абору. Згарэла шмат жывёлы. Нейкім чынам пан Чапкоўскі даведаўся, што бабуля дала бегляцу хлеба. Прыйшоў з двара цівун і забраў спалоханую бабулю ў панскі двор. Яе там пакаралі бізунамі, потым надзелі ёй на ногі калодкі і пасадзілі на суткі ў цёмны падвал панскага палаца. Бабуля ад сораму хацела тапіцца. І вось аднаго разу ўночы прыходзіць да бацькоў бабулі той самы панскі бяглец, а з ім разбойнік Ціхан і Шлёмка-канакрад. Бабуля ім паскардзілася на пана Чапкоўскага.

— Мы за гэта пану Чапкоўскаму адплоцім! — сказаў Ціхан.

Праз некалькі дзён згарэла панскае гумно.

— І зноў прыйшоў да нас разбойнік Ціхан — вясёлы прыгажун, чарнавусы, а твар — кроў з малаком, — апавядала бабуля.

— Адплаціў я пану Чапкоўскаму і за тваю крыўду, дзеўка! — сказаў мне Ціхан, абняў і пацалаваў у галаву.

— Дзякую, дарагі… — шапнула я Ціхану на вуха. — Маці паставіла гасцям гарэлку, шабасовую рыбу, халу. Усе нашыя былі рады за такую адплату пану. А я была да таго шчаслівая, аж не ведала, што рабіць. Смяялася, скакала, спявала. Разбойнік Ціхан глядзеў на мяне, гладзіў доўгія вусы ды ўсміхаўся.

— А ты не баішся мяне, разбойніка? — запытаўся Ціхан.

— Не… — адказала я, паглядзела на яго і апусціла вочы. Ён такі быў прыгожы, аж мне сорамна было глядзець яму ў вочы… Ціхан абняў мяне адной рукой ды сказаў:

— Не бойся мяне. Добрых людзей я ніколі не крыўджу.

Бабуля на хвіліну спыніла апавяданне, задумалася.

— Маладая я была. Годы мае рэчкай паплылі. Эх, Божа мой! А такія людзі, як разбойнік Ціхан, служаць у руках Усявышняга кіем для пакарання злых людзей! — растлумачыла мне бабуля ўчынак Ціхана.

Яе чорныя вочы, акружаныя густымі сеткамі зморшчынак, весела і молада засвяціліся.

Пра разбойніка Ціхана бабуля часта ўспамінала. Яна апавядала, што ён бедных людзей ніколі не чапаў. Наадварот — даваў ім грошы. А яго сябар, канакрад Шлёмка, краў коней толькі ў багатых.

Улетку жылі яны ў зямлянцы ў пушчы. І колькі паліцыя і салдаты ні шукалі гэтай зямлянкі — знайсці не маглі. Узімку яны, пераапранутыя купцамі, выязджалі ў другую губерню.

У кірмашовыя дні яны разгульвалі па вакольных мястэчках. Нікога не баяліся. Іх баяліся ўсе.

Ціхан даставаў для сваіх малайцоў гарэлку ў аднаго карчмара за дзесяць вёрст ад Пасадца. Там спыняліся і цыганы, што забіралі крадзеных коней у Шлёмкі. Зорах зваўся той карчмар. Ён меў ад Ціхана і сваю долю ва ўсіх гэтых справах.

За галаву Ціхана менскі губернатар абяцаў тады вялікія грошы.

Аднаго разу ўночы ў карчме Зораха пілі гарэлку Ціхан і Шлёмка. Пасля таго, як за галаву Ціхана абяцалі вялікія грошы, ён, Ціхан, пачаў асцерагацца. Не верыў і Зораху. Ён прымушаў Зораха раней самому папробаваць гарэлку, бо ў гарэлцы магла быць атрута.

У гэту ноч Зорах быў вельмі далікатны. Часта абнімаў Ціхана, стараўся дагаджаць, хваліў Ціхана за дабрату, за сардэчнасць, за адвагу. Скардзіўся Зорах, што падазраюць аб яго, Зораха, удзеле ў ціханаўскіх справах. Яму, Зораху, пагражае не меншая небяспека, чымся Ціхану і Шлёме, таму…

1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 45
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)