Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Лабірынты». Краткое содержание книги:

Здольнасць вызначыць не толькі геаграфічныя, але і гістарычныя каардынаты Бацькаўшчыны, разабрацца ў яе складаных, часам трагічных пуцявінах-лабірынтах Ластоўскі-празаік бліскуча прадэманстраваў у аповесці «Лабірынты». Гэта самая яркая мастацкая рэч у літаратурнай спадчыне В. Ластоўскага.
1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14
Перейти на страницу:

    Урэшце, змучаны пераглядам кніг, я надумаў абысці бібліятэку, і з гэтай мэтай выйшаў у другую салю, а з другой у трэцюю і гэтак далей. Прайшоўшы дзесяткі два саль, напоўненых кнігамі, я апынуўся перад глыбокай нішай, у якой была памешчана фігура чалавечая з бліскучымі вачыма. У меру збліжэння да яе, вочы фігуры штораз ярчэй свяцілі, прычым чулася ў іх нейкая прыцягальная сіла. Калі я быў на адлегласці метраў дзесяць ад фігуры, я ўжо не меў сілы стрымаць сябе, нешта незразумелае, непаборнае цягнула наперад, і высілкам усёй волі я не мог спыніць сябе, каб не ісці далей. Фігура была з жоўтага металу, утрая большая ад натуральнага чалавечага ўзросту. Ад сіняватага бляску святла вачэй фігуры, які быў скіраваны прост ў мае вочы, я чуў, як цела маё млела. У гэты момант фігура правай рукой ударыла тры разы ў шчыт, які быў у яе на левай руцэ. Аглушаючы патройны гук дарэшты спаралізаваў мяне, і я страціў прытомнасць.

    Калі я адкрыў вочы, то ўбачыў, што ляжу ў гатэлі на сваёй пасцелі ў адзежы. Праз вакно ярка свяціла сонца і двума агністымі стаўпамі клалася на памост перад маім ложкам.

    У гэты момант нехта пастукаў у дзверы.

    — Але! Прашу! — сказаў я.

    Адчыніліся дзверы, і я ўбачыў на парозе Падземнага чалавека. Ён падышоў да мяне і, паздароўваўшыся, сеў пры ложку. Глянуўшы на яго, я ўбачыў шырокую блізну на левай шчацэ, ад вуха да падбародка. Мне зразу ўспомнілася падзямелле, і я ўскочыў з ложка. Стары глядзеў нейкім цвёрдым сталёвым поглядам мне ў вочы. Гэты яго погляд наводзіў на мяне нейкі забабонны страх, і я зноў сеў на ложку.

    Стары моўчкі пачаў капацца ў падысподным кішэні сваёй спанцэркі і па нейкім часе выняў адтуль даволі пакомканы канверт, падаючы які мне, сказаў:

    — Гэта вось вам цэдулка ад Івана Іванавіча.

    Я паспешна схапіў канверт і, раздзёршы яго, дабыў запіску, у якой было напісана:

    «Паважаны Дружа, заўтра мае імяніны, а сягоння вечарам свята Купалле. Загляньце вечарком, пагаворым ізноў аб мілай старасвеччыне. Стол я прыгатаваў паводле сваіх рэцэптаў. Спрабуеце, ці годная мая кулінарыя да ўжытку. Ваш Іван Іванавіч.

    Полацак, 23 чэрвеня».

    Я хутка глянуў на сцяну, две вісеў адрыўны каляндар, там віднелася дата 20 чэрвеня.

    Гэта быў дзень, калі я прыехаў у Полацак і вечарам гасціў у Івана Іванавіча.

    — Якая сягоння дата? — спытаў я ў Падземнага чалавека.

    — А якая ж, то ж ведама — 23 чэрвеня, — адказаў ён, пасміхаючыся.

    — А калі я ў вас быў?

    — То ж вы заўчора былі ў нас, у аўторак, а сягоння мы маем, дзякаваць Богу, чацвер, заўтра будзе пятніца, святога Яна.

    Голас Падземнага чалавека здаўся мне нейкім скрыпучым, уплываючым на нервы, як пілаванне па зялезу.

    Мяне агарнуў ізноў забабонны страх, і я пастараўся чым хутчэй пазбыцца гасця. На адходным, замест звыклых слоў пры развітанні, ён сказаў:

    — Мы яшчэ ўбачымся.

    Застаўшыся адзін, я прыпамінаў абраз па абразе ўсё мной бачанае ад часу павароту дамоў з гасціны ад Івана Іванавіча.

    Не, я не сніў. Думаў, перадумваў і ўзноў прыходзіў да пераканання, што ўсё гэта было наяве, усё гэта было рэальнасцю. «Можа, я пераблытаў даты», — глянуў я і, каб пераканацца, выняў з кішэні запісную кніжку. Так, праўда: выехаў я з Вільні вечарам 19 чэрвеня, раніцай дваццатага быў у Полацку. Я пазваніў.

    Калі прыйшоў нумарны, я спытаўся ў яго, якая сягоння дата?

    Перш чым адказаць на пытанне, ён хутка загаварыў:

    — Добра, што вы, панічу, вярнуліся, а то ўчора прынеслі вам тэлеграму, а як вас не было, то я не ведаў, што рабіць з ёю. Дата ж, панічыку, сягоння дваццаць трэцяе. Але дзе гэта вы, паніч, бавілі так доўга? Як мне сказалі, што вы выехалі ў госці, то я, прызнацца, і не прыбіраў, — і ён заклапаціўся каля ўмывальніка.

1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)