Лабірынты
- Автор: Ластоўскі Вацлаў
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Лабірынты». Краткое содержание книги:
* Ад выдавецтва. Мы даручылі кіраўніку нашага выдавецтва праверыць паданае тут аб Зямельчыцу, які даў нам такую спраўку: «Сказанае аб Зямельчыцу вядома немаль усім старасвецкім пісьменнікам: Herodotus IV, 93, 94; Arian expedit Aleksandri lib I; Hellanikus (etymolog. magn. voce; Pomp. Mela II, 2; Strabon VII, 2977). Аб славянскім народзе (...) гаворыцца, што гэта наймужнейшы і найсправядлівейшы народ спаміж славянаў; вераць, штопа смерці ідуць да свайго бога Zamolxisa, які лічыцца імі за тую ж істоту, што і Gebeleisis (Herodot). Некаторыя грэкі даводзілі, што Zamolxis — Зямельчыц быў Піфагоравым нявольнікам і піфагораўскую навуку аб загробным жыцці пашырыў паміж сваіх аднапляменцаў — гетаў (Strabon). Што, безумоўна, памылкова, бо Зямельчыц жыў куды раней за Піфагора, найменш сто ці паўтараста гадоў. Памылкова такжа сцверджанне Герадота,што геты Gebeleisisa (Найвельшага — Optimus) мелі за адну і тую ж асобу з Зямельчыцам, які пашыраў навуку аб адзінай першапрычыне. а знача быў толькі абагомленым чалавекам. З навейшых пісьменнікаў аб Зямельчыцу (Zamolxis) пісалі: de Brosse i d'Anville ў memoires de l' acad. des inscript. T.XXXV et XXV ды Ernest Gotfried Grodeck у развагах, de immortalitatis quam Getis persuasisse dicitur Zamolxo ratione; а так-жа ў яго: Graecorum de Zamolxide fabule.
** Ад выдавецтва. З пісьменніка Меандра (323 г. да Н.Х.) даведваемся, што Зямельчыц пашыраў навуку вельмі падобную, у агульных рысах, да будызму, але вынікаўшую з недраў мыслі дака-гецкага племя.
Другая асоба славянскай Тройцы, адпавядаючая халдэя-вавілонскаму Эа, індускаму Вішну, — гэта Правечны Кон, які даў усяму жывому законы жыцця, назначыў кон, долю і акрэсліў канец, скон*. Як і ўсе багі, Правечны Кон меў многа розных эпітэтаў, якія няведамі прымаліся часам за яго ўласныя імёны. Да гэткіх імён яго належаць: Прова, Права, Тур. У адной старадаўнай саксонскай кроніцы маюцца малюнкі стараславянскіх багоў з часоў хрышчэння славянаў, між імі — рысунак стода з подпісам «Prouo». Гэты рысунак сведчыць, як хрысціянскія апосталы таго часу былі пранікнуты мазаізмам ды вавілонскімі харубамі і шайтанамі, а як мала ведалі тое, што нішчылі. Бо Кон-Прова-Тур не меў стодаў: яму пасвячаліся святыя дубы і гаі. У гэткія месцы, абгароджаныя і маючыя двое наўсупроцьных варотаў, сходзіліся ў канодныя дні старшыні народу спраўляць суды. У здарэнні, калі каго праследавалі, мог скрыцца ў загароду, хоць бы ён быў ворагам, яго ніхто не смеў крануць: бо права, праўда не на перавазе фізічнай сілы, ані на гвалце грунтуецца.
* Kronos (грэц.) — час. Кон — круг, круг гадавы; як нямецк. Gott — год.
Трэцяя асоба славянскай Тройцы, адпавядаючая вавілонскаму Белу і індускаму Шыве, — ёсць Сіціўрат, Сіва. Халдэйцы лічылі Бела богам апраметнай, царства вечнай цемры, дома, «у які ўсе ўходзяць, але скуль ніхто не выходзіць». Індусы Шыву называюць мсціцелем. Цікава пры гэтым адмеціць адну асаблівасць, гэта тое, што індусы аддавалі чэсць Шыве — Ішвары ў мясцовасці Рудры, а славяне — Рэтры.
І каб мы не ведалі аб тым, што дака-гецкія міты праз грэкаў сягалі да Вавілоніі і Эгіпту з адной стараны, а да Індыі з другой, — то можна было б падзіўляць незвычайную прыпадковасць у сугуччы.
У санскрыце маецца эпітэт, даваны Шыве, — Гары, які вельмі сходзен з нашым Яры, Ярыла, Яравід. Сімвалам Сіціўрата (жыццявароту) — Ярылы быў нязгасны агонь — Жывец, Жынч, Зніч (знікомы), які меў свае вечныя алтары паўсюдна, куды сягала вера славянская. Летапісы ўпамінаюць аб такіх вечных агнях у Вільні, Вялікім Ноўгарадзе, а ў заходніх славянаў у Жніне, Гнезне і Жуліне на Паморы. Усюды, дзе існуюць або існавалі першыя хрысціянскія святыні, пасвячоныя прароку Іллі, яны былі будаваны на месцах вечнага агню. Бо Ілля заступаў у пачатках хрысціянства Ярылу. Цэрквы такія былі ў Менску, Віцебску, Смаленску, Полацку і іншых гарадах. Святары, служыўшыя Яраму, называліся ведунамі, вядачамі, вятачамі, вяцвягамі, бо яны прарочылі будучае. Няхай не дзівіць, што сіле мсцівай надаваўся эпітэт белага, яркага. Гэта дзеля ўласкаўлення яго. Бо ж дагэтуль, па старой памяці, народ называе агонь — багач, цяпло, святло, каб не ўквяліць грознай сілы. У мысль гэтага страшны Лясун носіць эпітэты Дабрахот, Зялун, а чорны балотны дух — Бялун, той, гэты і, ужо пад уплывам навейшага светагляду, нячысцік.