Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:

Раман у двух кнігах «Каласы пад сярпом тваім» прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі.
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 120 121 122 123 124 125 126 127 128 ... 154
Перейти на страницу:

На сківіцах у Кастуся хадзілі ўпартыя жаўлакі. Гарэлі на шчоках дзве чырвоныя плямы.

— Нішто, брат, — сказаў Вежа. — Вывучышся вось, галава ў цябе добрая, дойдзеш да вялікіх начальнікаў — толькі перайка з «меншых» ды з «малодшых» братоў паляціць.

— А што, — усміхнуўся Кастусь. — I тарыф над галавою павешу, як зэльвенскі пісар: за подпіс тры рублі ды пірог з вязігай, за пацвярджэнне дваранскай годнасці — тысячу рублёў ды жонцы сем аршынаў аксаміту. А я сам — у сенаце шышка дужа вялікая. Заходзіць гасудар імператар выпадкова: «Гнаць, — кажа, — яго за такую таксу».

— Правільна, — буркнуў Вежа. — «Бо ён нам усім цану збівае, — скажа імператар. — Мне унь за канцэсію на пабудову чыгункі колькі плацяць, ды і то мала. А тут… пірог з вязігай. У дурня і песня дурная»[73].

Лiлося праз вокны ў пакой святло месяца i змешвалася з ружовым святлом свечак.

— Ты што, Кастусь, — спытаў Вежа, — ты, значыцца, паляк?

— Не, я тутэйшы, — асцярожна сказаў Калiноўскi.

— Ён беларус, дзеду, — сказаў Алесь.

— А гэта што такое? — непаразумела спытаў дзед.

I тoлькi тут упершыню заўважыў, як малады чалавек напружыўся, нiбы яго ўдарылi, зiрнуў на Вежу змрочнымi вачыма.

— Ён жа вам казаў, пан Вежа, — сказаў Каліноўскі.

— Я казаў табе, — сказаў Алесь.

— А, — нібыта ўспомніў Вежа, — прыпамінаю. I вы верыце ў гэтыя жарты?

Тут успыхнуў i Алесь. I Вежа зразумеў, што зайшоў далекавата. Але бес усё яшчэ сядзеў у iм.

— Як жа не паляк, — сказаў ён. — Хрысцілі цябе ў касцёле. Веравызнання ты — рымскага.

— Ну i што, — цяжка рухаючы сківіцамі, сказаў Кастусь. — Прашу прабачэння, заўтра я ахрышчу вас у касцёле — i вы не станеце з гэтай прычыны палякам. А я перайду ў магаметанства i не стану туркам. Будзе беларус магаметанскага веравызнання і беларус веравызнання каталіцкага.

— Нядрэнна для пачатку, — сказаў дзед.

— I для канца нядрэнна. Тым больш што ваш малодшы ўнук — каталік. Па вашаму загаду.

Вежа ажно вохнуў. Чарцяня біла проста пад дыхала.

— Але ж мясцовасць, адкуль ты родам, гэта Польшча?

— Магчыма, — сказаў Кастусь. — Але цяпер гэта Гродзенская губерня. А заўтра наш… гм… Аўгуст… далучыць да Гродзенскай губерні Варшаву.

— А жыхары, якія называюць сябе ліцвінамі, а свой край Літвою?

Размова i падабалася i не падабалася Вежы. Падабалася, бо чарцяня ведала, чаго хоча. Не падабася, бо гэтыя веды пагражалі і ўнуку i самому чарцяняці небяспекай.

— А ты ўмееш гаварыць па-літоўску? — з усмешкай спытаў ён. — Гэта ж, здаецца, не славянска мова?

— Я маю на ўвазе не Літву-жмудзь, — упарта, кусаючы вусны, сказаў юнак. — Я маю на ўвазе Літву-Беларусь… I потым, вы ж добра ведаеце, адкуль вырасла тая памылка.

— Я-то ведаю, а вось адкуль ведаеш ты?

— У мяне брат гісторык. I потым — я не глухі. Семнаццаць год я чую слова «Літва». А да мяне яго ўжывалі яшчэ трыста год.

I тут Вежа зрабіў апошнюю спробу павярнуць варацідла, на якім ткалля-парка ткала лёс гэтых юнакоў. Нанёс апошні i па-сапраўднаму страшны ўдар.

Вонкава гэта выглядала як мілы жарт. Дзед наліў сабе яшчэ кубак кавы.

— I ўсё ж ніякі ты, хлопча, не беларус. Ты — паляк. Праўдзівей кажучы, мазур.

Каліноўскі ўстрывожыўся.

— Бо твой Амброзі Самойлаў сын Каліноўскі быў з Візенскай зямлі… «Мечнік Візскай зямлі. Сын мечніка Візскай зямлі. Унук мечніка Візскай зямлі…» А Візская зямля — гэта Мазовія.

— То вы ўсё ведалі caмi, — разгублена сказаў Кастусь. — Нашто ж тады…

— Ты паляк, хлопча, — сказаў Вежа. — Я ведаю, табе цяжка развітацца з рашэннем, якое зрабіў ты сам. Але гэта вялікі народ, які значна больш ведае аб сабе, чым мы ўсе. Гэтым трэба ганарыцца, а іншых «тутэйшых» кінуць іхняму лёсу, калі ўжо яны нічога не хочуць… Галоўнае — быць чалавекам, сынок.

I раптам цішыню парушыў дзіўны прыглушаны гук.

Кастусь смяяўся. Смяяўся горка, трохі з'едліва i глуха:

— Так, Амброзі быў мечнік Візскай зямлі. Але там жывуць і жмудзіны, і немцы, і палякі, і беларусы. Вы ўзялі няпэўны довад, князь… Але няхай, няхай нават i так… Пасля яго мае продкі сто семдзесят год жылі на гэтай зямлі, елі яе хлеб, гаварылі яе гаворкай, умываліся яе вадою, спявалі яе песні… Ды i хіба не ўсё адно, калі я сам лічу сябе «ліцвінам», беларусам, тутэйшым — назавіце гэта, як хочаце. Xiба не ўсё адно калі дома ў мяне гавораць мужыцкай гаворкай, калі толькі адзін бацька — «для дзяцей» — ведае тое, што ў нас называюць «польскай» i якой не разумеюць палякі, бо гэта перакручаныя нашы словы.

вернуться

73

Прадажнасць вышэйшых колаў дасягнула небывалых памераў. Нягледзячы на частыя працэсы, кралі ўсе, і вінаватых не было. Канцэсія на пабудову чыгуначнай лініі каштавала таго, што каштуе, плюс мільён-паўтара рублёў хабару. Калі пасля забойства Аляксандра ІІ ацэньвалі ягоную маёмасць, дык толькі «добранабытая» ім самім сума дасягала амаль шасцідзесяці мільёнаў.

1 ... 120 121 122 123 124 125 126 127 128 ... 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)