Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Праз дваццаць хвілін была атака, шалёна лупцавалі варожыя кулямёты, а мінныя разрывы чорнымі плямамі за дзесяць хвілін спярэсцілі ўсё поле. Хутка мы заляглі, здавалася, не ў стане болей падняцца. Каб вызначыць шчыльнасць агню, камандзір роты на некалькі секунд ускінуў над сабой малую лапатку, і ў метале яе адразу ж з’явіліся дзве рваныя дзіркі ад куль. I ўсё ж мы ўсталі, паднялі байцоў і атакавалі вёску, на ўскрайку якой у брацкай магіле засталася трэць нашай роты.
Часам нам даставалася і болей.
Дзесьці на правабярэжнай Украіне, непадалёк ад Дняпра, згубілася вёска Севярынаўка, у стэпе пад якой нам суджана было перажыць найгоршае і расстацца.
Відаць, правароніла наша ахова, што ўвогуле было зразумела: у стэпе змяркалася, з аднаго боку дарогі ляжала непрыбранае кукурузнае поле, з другога месцамі цямнелі рэдкія сцірты саломы. Танкі наваліліся на нас нечакана, усе разам адкрыўшы агонь па батальённай калоне, у якой не было нават супрацьтанкавых ружжаў. У марознай прасторы загуло, загрукатала, крыжуючыся і разлятаючыся ў бакі, забліскалі сотні аўтаматных трас, пад якімі ўрассыпную беглі байцы. Танкі, завёўшы маторы, пачалі нас праследаваць, расстрэльваючы на хаду з усяе танкавай зброі. Не шмат каму ўдалося дабегчы да рэдкіх сціртаў, большасць назаўжды палегла на аснежаным полі, але і тых, што апынуліся за сціртамі, хутка дагналі танкі.
Непадалёку ад сціртаў я быў паранены і, імкнучыся адолець апошнія метры да сховішча, ліхаманкава поўз па снезе, цягнучы параненую нагу. Заставалася прапаўзці, можа, сто метраў, як мяне пачаў даганяць танк. Гэта быў не «тыгр» і не «фердынанд» — звычайны, добра знаёмы франтавікам сярэдні «Т-111», але і такога для мяне было дастаткова. Яшчэ здалёку кулямётчык запусціў па мне даўжэзнай чаргой, кулі з рассейваннем прабеглі па снезе, прадзіравіўшы мой шынелак і перабіўшы раменьчык палявой сумкі. Іншыя танкі расстрэльвалі тых, хто яшчэ бег да сціртаў, а гэты, здаецца, надумаўся раздушыць мяне гусеніцай і, трошкі прытармазіўшы, выразна павярнуў у мой бок. Уцячы ад яго я не мог, схавацца не было куды, скорчыўшыся на снезе, я з жахам глядзеў, як ён, скрыгочучы гусеніцамі і гайдануўшыся на павароце, рэзка рвануў да мяне. У маёй свядомасці мільганула адзіная думка: «Канец!», інстынктыўна я падабраў ногі, і тут грымотны выбух скалануў танк. Прыкметна губляючы хуткасць, той прагрукацеў побач, ледзьве не раструшчыўшы мае ногі, толькі ўціснуў у снег полы майго шыняля і нерашуча спыніўся. I тады я ўбачыў ротнага, знаёмая постаць якога мільганула за танкам. Ён нешта крычаў мне і схапіўся за аўтамат — з усіх люкаў машыны ўжо выскаквалі танкісты. I тады я сцяміў, што гэта работа ротнага, які ў апошняе імгненне паспеў кінуць кумулятыўную супрацьтанкавую гранату і падарваць танк.
Потым была доўгая ноч у марозным стэпе, хтосьці мне дапамагаў, мы дабраліся да дарогі, набрылі на фурманку. Міргарада я болей не бачыў.
Нішто так не цанілася на фронце, як таварыская ўзаемавыручка, пачуццё абавязку перад таварышамі, што трапілі ў бяду. Мноства разоў танкісты выручалі пяхоту, пехацінцы — артылерыю, наземныя войскі з паветра апекавала авіяцыя. Прыклады ўзаемавыручкі і высокай адказнасці за сваіх асабліва памятаюцца праз гады.
Неяк пад Луцкам у наш батальён прыбылі два малодшыя сяржанты — Свінцоў і Пронін. Яны былі залічаны ў мой узвод ПТА, які складаўся тады з дзвюх старога ўзору «саракапятак»: Свінцоў — камандзірам гарматы, а Пронін — наводчыкам.
У цяжкіх баях пад Секешфехерварам у Венгрыі здарылася так, што батальён, які вырваўся наперад, аказаўся без артылерыйскай падтрымкі, без танкаў. З супрацьтанкавых сродкаў засталася адна мая «саракапятка». I вось раніцай батальён, які разгарнуўся для наступлення, атакавалі нямецкія танкі.
Іх было нямнога, усяго якіх-небудзь сем штук, і яны не спяшаліся. Батальённы ланцуг залёг на адкрытым, падмерзлым полі, і танкі, паволі пасоўваючыся, пачалі метадычна выбіваць яго, пасылаючы ў кожнага байца па снараду — боепрыпасаў у іх хапала.
Мы таропка развярнулі «саракапятку» на нешырокай прасёлачнай дарозе, што абрасла рэдкім кустоўем, і скрозь яго адкрылі агонь. Але танкі ў адносінах да нас знаходзіліся наўкось у полі, так званы «вугал сустрэчы» снарада з бранёй аказаўся вельмі малы, і ўсе нашы бранябойныя снарады, ярка бліскаючы трасёрамі, разляталіся ад танкаў у бакі. Як заўсёды, у гарачцы бою нам здавалася, што вінаваты наводчык, што ён кепска наводзіць, «мажа»; мы злосна крычалі на яго, і ён, не менш злосна мацюгаючыся, пасылаў снарад за снарадам, і ўсё марна. Пасля дзясятка стрэлаў я кінуўся з канавы да гарматы, як раптам пад самым яе ствалом грымнуў разрыў, і гармата, скокнуўшы ўгору, завалілася набок. Падняўшыся, я адчуў, што паранены: з рукава па пальцах густа палілася кроў. Праз якую хвіліну з шасці чалавек разліку здолелі падняцца толькі двое, у тым ліку і паранены ў плячо Пронін. Мы падхапілі нашу ручную зброю і пад кулямётным агнём пачалі адыходзіць у тыл.