Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 117 118 119 120 121 122 123 124 125 ... 147
Перейти на страницу:

— А гэтага нічым не заслугоўваюць.

— Ні абліччам, ні маладосцю, ні ўчынкамі, ні нават вялікімі справамі.

— Часам. Калі такое ўжо і без таго з'явілася. А яно прыходзіць проста так.

Я ўзяў яе далоні ў свае. Потым у маіх пальцах апынуліся яе локцікі, потым плечы.

Я прыцягнуў яе сабе на грудзі, і так мы сталі, злёгку пагойдваючыся, нібы плылі ў нерэальным месячным зарыве.

Пасля, праз незлічоныя гады, я адпусціў яе, хаця гэты свет поўні быў сведкам таго, як мне не хацелася гэтага рабіць.

— Бывай, — сказаў я. — Да заўтра.

— Да заўтра.

— Што б ні здарылася?

— Што б ні здарылася з намі ў жыцці — заўсёды да заўтра.

— Баюся, — сказаў я. — А раптам нешта непапраўнае?

— Усё адно да заўтра. Нічога такога няма, каб адабраць у нас вечнае «заўтра».

Ногі самі неслі мяне па схіле. Я здатны быў біць нагамі, як жарабя пасля зімовай стайні. Усё нутро нібы захлыналася, да краёў перапоўненае радасцю.

Была, аднак, у гэтай радасці адна халодная і разважлівая жылка ўпэўненасці. Упэўненасці і ведання, якія вырасталі б і выраслі, калі б я даў ім волю. Я ім, аднак, гэтай волі не даваў занадта, поўны тым, што толькі вось адбылося, нованароджаным пачуццём лікавання.

І я не даваў волі раптоўнаму азарэнню, якое прыйшло і не адпускала мяне, зрабіўшыся ўпэўненасцю і веданнем. І ў гэтым была мая памылка.

Але я проста не мог, каб у маім новым адчуванні еднасці з усім гэтым бязмежным, добрым і мудрым светам жылі падазрэнні, нянавісць і зло.

Я ўступіў у невялікую лагчынку, лепей сказаць, нават шырокі раўчук. Злева і справа былі досыць стромыя сценкі адхонаў, сцежка вілася па дне і выходзіла ў нешырокі праём, за якім, не міргаючы, стаяла вялізная нерухомая зорка.

Цьмяна і таямніча стаялі ў катлавіне ў нейкім нікому не вядомым парадку вялікія і меншыя валуны. Гэта было месца, у якім старая народная фантазія ахвотна змясціла б пляцоўку для ракавання рознай болыш ці менш шкоднай язычаскай нечысці. Яна вымірае, але ўсё адно ў такія вось поўневыя ночы, калі вакол светла і толькі тут пануе паўзмрок, сюды збягаюцца на начную капу, начны суд Вадзяніцы, Балотныя Жанчыны, феі-Мятлушкі, Вогнікі з балатоў, Карчы, Лесавікі, Хахолы і Хохлікі і іншыя напаўзабытыя бажышчы. Успамінаюць, плачуць па былым, твораць свой суд.

Сталёвыя воды туманам сплываюць, Ледзь дыхаюць пасмы пажоўклай травы. У нізіне, дзе замак спачые сівы, Апошняя фея цяпер памірае.

Гэтая лагчына — апошні куток іхняга калісьці бязмежнага каралеўства. Гэтыя ледзь бачныя камяні — іхнія былыя павержаныя троны. Троны ў лагчыне, у якой густа настаялася іхняя трывога, бездамоўе і асуджанасць. Іхняя апошняя безнадзейнасць у мёртвай пустцы бездухоўнасці.

І адзіная жывая — ці жывая? — істота ў гэтым свеце закінутасці і пахмурай тугі.

Не, я не быў тут адзінаю жывою істотай. Перада мною якраз на тым месцы, дзе сцежка нырала ў вузкую расселіну, каб метраў праз дзесяць вырвацца на прастор, узвышаўся дужа высокі цень чалавека.

Гэты цень узняў руку і павольна апусціў яе. Усё гэта чынілася ў поўным маўчанні, у якім было нешта такое, што абяцала нядобрае.

Я азірнуўся назад — яшчэ адзін цень цяпер блакіраваў другое выйсце, тое, якім я забрыў у гэтую пастку.

А я ж усё ўжо зразумеў, я ведаў і мог спадзявацца на такое. Але я, аслеплены сваім шчасцем, здушыў свае прадчуванні, не даў ім волі.

І цяпер плаціўся за гэта.

— Вы хто? — удаючы поўную безмяцежнасць, спытаў я.

Ён маўчаў. І раптам на цёмнай пляме аблічча цьмяна праявілася белая падкова. Невядомы ўсміхаўся.

— Урэшце можаце і маўчаць. Я ведаю і так.

Іхнія паставы лепей за ўсе словы казалі аб тым, што гэтаму майму веданню я і абавязаны гэтым начным спатканнем і што яно не можа не скончыцца для мяне кепска. Бо майго маўчання аб гэтых ведах нельга было купіць, але можна было здабыць, перастрэўшы вось так на вузкай сцежцы. Яны і перастрэлі. І гэта была не першая іхняя спроба здабыць маўчанне за кожную цану.

— Здароў, Ганчаронак, — кіўнуў я, пакасіўшыся на таго, што падыходзіў ззаду. — І ты здароў, Высоцкі, — гэта пярэдняму. — Што, спакой абрыднуў аматару «ціхага жыцця»?

— Ну, здароў, — гэта працадзіў урэшце першыя свае словы Высоцкі. — Добрай ночы, Косміч.

— Наўрад ці яна будзе добрая.

— І тут ты не памыляешся, — з лянотным спакоем сказаў ён.

— Дарэмна вы задумалі, хлопцы. Дарэмна распачалі. Маё маўчанне ўжо нічога не каштуе. Я парушыў яго. І калі са мной нешта здарыцца — тыя людзі зробяць свае высновы. І на гэты раз хістацца сабе не дазволяць. Марудзіць не будуць.

1 ... 117 118 119 120 121 122 123 124 125 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)