Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 116 117 118 119 120 121 122 123 124 ... 147
Перейти на страницу:

Тыя, прыезджыя, накшталт славутых гогалеўскіх пацукоў «панюхалі ды і пайшлі прэч». Прашу ў іх прабачэння. Усе тыя дні я, нібы прадчуваючы нешта нядобрае, прабываў у самым дрэнным настроі. Хацелася раўці і кідацца на людзей. Баюся, што нават вочы ў мяне наліліся крывёю, як у бычка.

Прыходзілі і адыходзілі мясцовыя. Часам на ўзгорку людзі збіраліся нават у маленькія паасобныя купкі, дзе ажыўленыя, а дзе і змрочныя. Нібы нейкі дух неспакою і трывогі павіснуў над Альшанкай.

— Ну што, наклёўваецца нешта? — спытаў Нічыпар Альшанскі.

Стаяў ён наводдаль разам з Вячоркам, Высоцкім і Ганчаронкам.

І хаця, адгробшы чарговую порцыю рознай парахні, на глыбіні шасці ступ ад «мацерыка», мы сапраўды толькі што знайшлі выбіты на камені контур карабля, я адказаў унікліва:

— А чорт яго ведае. Тут такая галаваломка, што нельга быць пэўным ні ў чым… Можа, нешта і знойдзецца, а хутчэй за ўсё, не.

Я не хацеў рассыпаць амаль завершанага ўзору ў сваім калейдаскопе.

Магчыма, я памыляўся, але я не хацеў сапсаваць справы аніводным неабдуманым учынкам, аніводным неасцярожным словам.

Да вечара мы расчысцілі амаль усю пляцоўку. Я ўжо нават прыблізна бачыў, дзе пліты на падлозе драбнейшыя. Там можна было дапусціць існаванне замураванага лаза. Таму я спецыяльна не даў рабіць хлопцам раскопку да канца.

— Досыць на сягоння. Заўтра з раніцы зоймемся зноў.

Яны бурчалі. Азарт ёсць азарт, асабліва калі справа падыходзіць да канца.

— Нічога, нічога. Пакіньце крыху прыемнага чакання і на заўтра.

— Прыемнага, — досыць здзекліва сказала Сташка. — Нічога там прыемнага не будэе. Проста хочацца хутчэй дакапацца.

Я пазмрачнеў:

— Калі нават я маю рацыю, то адзін дзень нічога ўжо не дасць і нічога ўжо не зменіць. Калі нават здагадкі правільныя. Таму што людзі, мы, у гэтым выпадку спазніліся з дапамогай. На добрыя тры з паловай стагоддзі.

Раздзел VIII

Два прывіды ў лагчыне нечысці і дама з чорным манахам, або паршывы беларускі рэалізм

…Мы ўмыліся ў рукаве рэчкі, развіталіся, і я пайшоў праводзіць Сташку і яе каманду да лагера. Там ўжо весела скакала вогнішча і шыпеў на ім кацёл з нейкім супам, мяркуючы па паху, курыным, а ля яго чарадзейнічала худзенькая Валя Волат. Усе расселіся навокал.

— Што гэта вы так позна? — спытала сённяшняя кухарка.

— Свіння палудня не знае, — адказаў Сядун. — Дый не толькі мы вінаватыя. Певень жа яшчэ не зварыўся.

Я адчуваў, што Генка зноў нешта рыхтуе.

— А ўсё яна, — сказаў вісус, ківаючы на дзяўчыну. — Не трэба было ёй глядзець, як пеўня рэзалі. У яе вока жывіць.

Уздыхнуў з фальшываю скрухай:

— Так доўга мучыўся певень.

Тут Валя мяне здзівіла. Відаць, Генкавы блазноцтвы ўжо нават ёй у глотцы сядзелі.

— Гэ-эх, — сказала яна, — не чалавек, а засуш. Ды яшчэ такая засуш, што й пустазелле ў полі сохне.

— Сам ён пустазелле, — сказала раптам Тарэса.

— А мая ж ты даражэнькая, а мая ж ты таечка. А я ж з табою жаніцца хацеў.

— З якою па чарзе? — спытала Тарэса. — Жаніся, толькі не са мною.

— Жаніся, каб дурні не перавяліся, — дадала Валя.

Генка прыцінуў, разумеючы, што тут ужо ўсе хочуць прыціснуць яму хвост. Нават пасля ежы гжэчна сказаў «дзякуй», але Волат і тут была няўмольная:

— Дзякуй за абед, што паеў дармаед.

— Літасці! — узмаліўся Сядун.

Але дзяўчатам і самім ужо не хацелася дабіваць «дармаеда». Зляцеў ціхі анёл.

Я не ведаю нічога лепшага за вогнішча. Яно прываблівае заўсёды. Але асабліва ў такім вось свеце, залітым аліўкава-залацістым святлом поўні. Паўсюль мяккая аднатоннасць, паўсюль нешта такое, што вабіць невядома куды. І ў гэтай трохі нават серабрыстай месячнай імгле — цёплы і рухомы чырвоны мазок.

Мастакі разумеюць гэта. Добрыя мастакі.

— Мне час, — сказаў я, уздыхнуўшы, і ўстаў.

— Бадай што, я вас праводжу да краю гарадзішча.

Прахалода начнога паветра на абліччы. Асабліва ласкавага пасля цеплыні вогнішча. Мы ішлі ў гэтай імгле. Вогнішча аддалялася і ператваралася ўжо ў плямку, у жывую іскру. Ледзь прагнутаю чашай, аліўкава-серабрыстай пад поўняй, ляжала перад намі паверхня гарадзішча, адакрэмленая ад астатняга свету ценем ад валоў.

— Месячны кратэр, — сказала яна.

— Станіслава, ты не перадумала?

— Аб чым?

— Не раскайваешся?

— У чым?

— У тым, што сказала ўчора.

— Не, — ціха сказала яна. — І думаю, што не буду каяцца. Да самага канца.

— І я. Да самага канца. Усё адно блізка ён будзе ці далёка. Толькі я не ведаю, чым я заслужыў ад бога такое.

1 ... 116 117 118 119 120 121 122 123 124 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)