Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 112 113 114 115 116 117 118 119 120 ... 147
Перейти на страницу:

Наша ўдача азначала толькі больш павольную смерць. І калі мае кашмары неслі ў сабе хаця зерне праўды — ну што ж, у таго, што было пахавана тут рознымі людзьмі, будзе цяпер чатыры вартаўнікі.

— Нічога, нічога, Сташка, — сказаў я. — Ну кінь, кінь. Усё яшчэ будзе не так дрэнна. Мы прыдумаем нешта, каб выбрацца. Мы, урэшце, спалім на апошняй свечцы нешта з адзення. Няўжо не знойдуць хаця па струменьчыку дыму? Ды знойдуць, знойдуць.

— Не суцяшайце мяне, — ціха сказала яна. — Тут сотні жыццяў, могуць быць сотні дымоў з комінаў. Хто зверне на іх увагу?.. Не, трэба глядзець праўдзе ў вочы. Гэта — канец.

Плечы яе закалаціліся. Мне здалося, што яна плача, што ўвогуле ўся яе маленькая постаць ёсць жывое ўвасабленне адчаю.

— Не плач, — сказаў я і пагладзіў яе па галаве. Па гэтых цудоўных валасах колеру чырвонага дрэва з золатам, якія ніхто на свеце — а я першы — не наважыўся б назваць рыжымі. Ды яны й не былі такія.

— Я не плачу, — нечакана цвёрдым і нават сухім, можа, ад безнадзейнасці, голасам сказала яна. — Мне крыўдна іншае.

— Што?

— Цяпер ужо можна сказаць. Бо ўсё адно нічога не зменіцца.

— Што такое? — аднымі вуснамі спытаў я.

— Мне крыўдна, што ты не заўважыў. Не заўважыў, што я ледзь не з самага пачатку кахаю цябе…

— Кінь, — сказаў я. — Гэта я, гэта я не хацеў, каб ты заўважыла. Я пражыў больш за цябе так многа, так бессаромна многа, што не маю права…

— Ты на ўсё меў права… Я вельмі, вельмі кахаю цябе. І мне ўсё адно што ты не ведаў, — цяпер ведаеш. І мне ўсё адно што мы тут і не выйдзем адсюль. Бо гэта мы тут. Ты і я. І іншых у нас, нават калі б здарылася непапраўнае і я перастала б так кахаць цябе, як кахала, ужо не будзе. Не думай. Я шчаслівая гэтым.

— І я шчаслівы, што дапамагло гора, што я пачуў гэта. Бо я ніколі б не наважыўся сказаць табе… Хаця я жадаў бы, каб ты жыла доўга-доўга, пакуль існуе гэты кляты, гэты блаславёны свет. А больш за ўсё на свеце хацеў бы, каб ты жыла. Я дужа, дужа кахаю цябе. І мне лёгка зараз прызнацца ў гэтым.

Яна прысунулася да мяне і паклала галаву мне на калені.

— Я дужа… я ўсё б аддала за цябе. Праўда. Праўда, бо лёс паставіў нас перад немагчымасцю хлусіць. Ані ў адным слове.

— Я і так ніколі не хлусіў бы табе. Гэтым цяжкім валасам, марскім вачам, гэтым веям немагчыма было б хлусіць. Дзякуй табе за ўсё. Будзь блаславёная.

І так мы сядзелі ў палоне неразрыўных, злітых у адно апошніх абдоймаў, чакаючы апошняга выйсця.

А іншага нам дадзена не было.

Прайшлі хвіліны, можа, гадзіны, а можа, і стагоддзі. Мы баяліся паварухнуцца. Мы жылі перапоўненым, вышэйшым жыццём. Таму што проста ўжо не жылі.

………………

Я ўскінуў галаву. Мне здалося, што пачуў крык. Дзіцячы? Або крык дарослага, прыглушаны каменнай тоўшчай?

Крык гэты нібыта блукаў, гучаў то бліжэй, то далей, то зусім знікаў, то біўся ў нейкіх блытаных лабірынтах. Дуднеў, як з-пад зямлі, і раптам далятаў так ясна, нібы з некалькіх метраў пад адкрытым небам.

— Сташка, чуеш?

Мабыць, яна не чула. Мабыць, яна спала ці проста знаходзілася ў прастрацыі.

— Дзядзька! — як камарыны спеў, гучаў аднекуль голас.

І тут жа нібы выбухаў у павуцінні катакомбаў:

— Я зараз!

І зноў, як праз вату:

— Зараз.

Што гэта было? Галюцынацыі? Так хутка? А ўрэшце, чаго і чакаць ад гэтага кавалка зямлі, спрадвеку атручанага нянавісцю, вераломствам, подласцю, смяротным жахам і самой смерцю.

Апошняя свечка ўжо напалову згарэла. Паблекнула плямка святла ў атворы. Нічога. Цяпер ужо скора. Шэры, чорны камень вакол, камень здрады і забойства вып'е нас.

Мне здалося, што мы тут не адны, што нечы невядомы позірк спынены на нас. Я прыўзняў галаву, стараючыся не паварухнуцца, не патрывожыць дзявочай галавы на маіх каленях…

…З атвора, перасечанага крыж-накрыж кратамі, глядзеў на мяне чалавечы твар. Глядзеў з уважлівай і, можа, мне здалося, нядобрай пільнасцю. Блішчалі вочы, вялікія-вялікія ў цёмных правалах вачніцаў. Колер скуры ад святла свечкі там, за мурам, быў пергаментна-жоўты, мёртвы. І на тонкіх, заўсёды такіх прыемна-з'едлівых, лісіных вуснах была халодная, зларадна-здзеклівая, абыякава-вывучаючая ўсмешка.

Ксёндз Леанард.

Глядзеў і толькі што не зламоўна, але затое злавесна, як крумкач патопу[63], калі гэты патоп пачаў спадаць, адкрываючы вачам Ноевым і яго, крумкачыным, трупы дапатопных людзей і звяроў.

Гукнуць яго? Я не наважыўся. Горш за ўсё была б гэтая апошняя мая памылка: убачыць, як усміхнецца, і адыдзе, і знікне апошняя пляма святла, апошняя надзея на нешта.

вернуться

63

Біблейскі Ной, калі патоп пачаў спадаць, выпусціў з каўчэга спачатку крумкача, які не вярнуўся, узрадаваны мноствам трупаў на ўзгорках.

1 ... 112 113 114 115 116 117 118 119 120 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)