Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Тры гады пад нямецкай акупацыяй у Беларусі
Тры гады пад нямецкай акупацыяй у Беларусі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Тры гады пад нямецкай акупацыяй у Беларусі

Электронная книга - «Тры гады пад нямецкай акупацыяй у Беларусі». Краткое содержание книги:

Жыцьцё полацкай акругі 1941–1944 гг. ва ўспамінах расейскага нацыяналіста-калябаранта.
1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 30
Перейти на страницу:

6

Трэцяя сіла

Немцы разам з бальшавікамі падчас барацьбы між сабой не на жыцьцё, а на сьмерць руйнавалі гарады, нацыі і ледзь ня цэлыя часткі сьвету. У параўнаньні зь імі тая маленечкая група бяспраўных расейскіх людзей пад кіраўніцтвам старога, нядужага сьвятара падавалася сьмешнай і ні да чога ня здатнай. Якой непераадольнай падавалася тая мэта, да якой імкнуліся сябры Групы!

Аднак Група была арганізаваная не дзеля яе самой. За тым, што цікавіла Групу і што яна намагалася ажыцьцявіць, стаялі мільёны аднадумцаў ды сяброў, якія ўсе разам складалі адну незалежную, нацыянальна сьвядомую гэтак званую «трэцюю сілу». Гэты назоў узяты з папулярнай на той час формулы «Ня немцы, не бальшавікі, а трэцяя сіла». Ідэя трэцяй сілы лунала ў паветры. Яна была сынонімам дзеяньня ды барацьбы. Пасьля паседжаньня Групы айцец Іаан адслужыў малебен «Перад пачаткам усялякай справы»…

Ні немцы, ні тыя бальшавікі, што хаваліся за іхнымі сьпінамі, пакуль што не былі супраць стварэньня царкоўнага аддзелу пры гаруправе. Грашовых сродкаў на гэтую справу ў горадзе, натуральна, не знайшлося, але парафіі ахвотна ўзялі на сябе ўсе выдаткі, тым больш што такім чынам аддзел трапляў у больш-менш самастойны стан і ня гэтак залежаў ад расейскай цывільнай адміністрацыі.

Амаль адразу пасьля стварэньня царкоўнага аддзелу пачаўся збор сродкаў на рамонт цэркваў. У сувязі з гэтым трое сяброў нашай Групы атрымалі пропускі, якія дазвалялі ім бесьперашкодна езьдзіць па ўсёй тэрыторыі Полацкага раёну, што на той час было вялікай рэдкасьцю.

Пачалося таксама й складаньне лістоў да немцаў на ўсе вышэй азначаныя тэмы. Хутка некалькі лістоў былі падрыхтаваныя. Іх прачыталі сябрам Групы, і тыя цалкам ухвалілі напісанае. Але пытаньне, куды іх дасылаць, заставалася пакуль што адкрытым.

Яшчэ цяжэй было з наладжваньнем высокіх сувязяў. Спачатку пазнаёміліся з тымі афіцэрамі, што жылі паблізу. Але гэта былі ня надта высокія кіраўнікі ў нямецкім войску. Карысьці ад іх было няшмат. Але, як заўсёды, нам дапамог выпадак. Аднойчы мы разам з айцом Іаанам выправіліся ў ортскамэндатуру хадайнічаць за аднаго арыштаванага мясцовага жыхара. Расейская паліцыя мела да гэтага чалавека асаблівыя рахункі. Адразу пасьля прыходу немцаў гэты чалавек сам пайшоў на працу ў паліцыю, але, убачыўшы, што там дзеецца, хутка звольніўся. Відавочна, ягоныя паводзіны не засталіся незаўважанымі ды выклікалі з боку былых камуністаў выразны недавер. Дык вось, як высьветлілася, у доме гэтага чалавека нядаўна быў праведзены ператрус, у час якога паліцыя падкінула яму стос савецкіх улётак. Пасьля налётаў савецкай авіяцыі паліцыя зьбірала такія ўлёткі ды мела іх у сваім распараджэньні вельмі шмат. Улёткі сталіся той падставай, якая дазволіла арыштаваць гэтага чалавека ды абвінаваціць яго ў шпіянажы на карысьць Саветаў. Нявіннаму чалавеку пагражала сьмяротнае пакараньне. Мы сабралі некалькі дзясяткаў подпісаў ды выправіліся ў ортскамэндатуру, каб высьветліць, якім чынам можна дапамагчы няшчаснаму. Нашая місія непасрэднага посьпеху ня мела. Да самога камэнданта нас не дапусьцілі. Усёмагутны перакладчык прагнаў нас прэч ды папярэдзіў, каб мы больш ніколі ня сунулі свой нос у справы, якія нас не датычаць. Аднак падчас сваркі зь перакладчыкам, якая прымала ўсё больш рэзкі характар, той нечакана прамовіў словы, якія нас надзвычай зацікавілі. Ён сказаў: «Калі вам не падабаюцца нашыя дзеяньні, зьвяртайцеся ў фэльдскамэндатуру, да арміі ці хоць да самога Гітлера». Вечарам таго самага дня я падрабязна даведаўся пра тое, што такое фэльдкамэндатура. Армія — гэта значыць штаб арміі фронту. Пра Гітлера мы ўжо мелі сякое-такое ўяўленьне. Самае галоўнае, што мне ўдалося дазнацца, дык гэта тое, што фэльдкамэндатура нашай ваеннай акругі разьмяшчалася зусім недалёка, гэта значыць у самім горадзе Полацку. Гэтая фэльдкамэндатура была цалкам вайсковай установай штабнога тыпу, налічвала некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў і ў той самы час ня мела ніякай непасрэднай сувязі ні зь мясцовым насельніцтвам, ні з расейскім цывільным кіраўніцтвам. Фэльдкамэндатура займала вялікае памяшканьне былой школы на супрацьлеглым ад манастыра ўскрайку гораду. Жыла сваім, даволі ізаляваным жыцьцём, таму пра яе мала хто зь мясцовых жыхароў ведаў. Сапраўды, хто мог ведаць, што там дзеецца ў немцаў за зачыненымі дзьвярыма фэльдкамэндатуры! Гэта магло прынесьці нам посьпех. Мы выправіліся ў фэльдкамэндатуру на наступны дзень, захапіўшы з сабою, на ўсялякі выпадак, і адзін з падрыхтаваных намі лістоў пра тое, што калгасы трэба зараз жа распусьціць.

Нашае зьяўленьне там выклікала зьдзіўленьне, але нас прынялі ветліва, выслухалі ўважліва. Узялі тыя подпісы, што мы зьбіралі наконт нашага арыштаванага знаёмага ды паабяцалі высьветліць пра яго ў Гестапа. Пасьля мы паказалі наш ліст пра калгасы. Гэты ліст выклікаў яшчэ большае зьдзіўленьне, але ліст пакінулі, каб паказаць яго камэнданту. Празь некалькі дзён да нас зьявіўся нямецкі салдат-пасланец. Ен прынёс тэрміновы выклік, каб я і айцец Іаан наведалі камэнданта. Камэндант, палкоўнік ды барон, пра што нас папярэдзіў дзяжурны афіцэр, жадае пазнаёміцца з намі асабіста.

1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 30
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)