Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 114 115 116 117 118 119 120 121 122 ... 221
Перейти на страницу:

На станцыю Ляўчук павінен быў пайсці ў нядзелю, а ў суботу, вяртаючыся з Клясцоў, яны, трое разведчыкаў, завіталі па дарозе на хутар да знаёмага чалавека, які добра пачаставаў іх. I калі пасля прыходу ў атрад ён далажыў камандзіру аб выкананні задання, той тут жа распарадзіўся адправіцца Леўчуку ў яму каля каравульнай зямлянкі, дзе ў іх была гаўптвахта. Ляўчук закіпеў, нагаварыў камандзіру чорт ведае чаго, але ўрэшце быў змушаны здаць аўтамат і пад канвоем камандзіравага ардынарца адправіцца да яміны, куды ён са злосцю кінуў сваю ватоўку, а пасля скочыў сам і адразу ўлёгся спаць.

Ён думаў, што ўранку яго выпусцяць, але не выпусцілі ні ўранку, ні ўвечары, ён праседзеў у яме да панядзелка, аж покуль у атрадзе не разнеслася чутка, што на станцыі, трапіўшы ў засаду, загінуў іхні начштаба Платонаў.

Учуўшы такое, Ляўчук не мог болей сядзець. Не зважаючы на вокрык варты, выскачыў з ямы і кінуўся да штабной зямлянкі, ля якой ужо білася на траве Клава і лютаваў камандзір атрада. Другія камандзіры хадзілі з апушчанымі галовамі і толькі моўчкі ўздыхалі.

Як і прадчуваў Ляўчук, у той неспадзяванай гібелі начштаба была і яго, Леўчукова, віна. 3 прычыны ягонай адсутнасці камандаваць групай узяўся сам начштаба Платонаў, які вечарам у нядзелю з Кудраўцавым і трыма партызанамі адправіўся на станцыю. Два з тых пяці сядзелі цяпер у камандзіра і расказвалі, як усё здарылася.

Спярша ўсё ішло добра і не наводзіла ні на якія падазрэнні. На змярканні яны дабраліся да станцыйных гародаў і зашыліся ў лапіку выбуялых за лета канопляў. Як змерклася яшчэ болей, Кудраўцаў вузенькім завулачкам пайшоў да свайго дзядзькі, астатнія засталіся чакаць. Але чакаць давялося доўга, думалі, нешта не выходзіць у Кудраўцава з дзядзькам, і, трацячы цярпенне, Платонаў палез у цемры з канопляў паглядзець, што робіцца паблізу. Але не паспеў ён падлезці пад плот, як хлопцы пачулі яго сцішаны крык, грымнулі стрэлы. Усе рванулі цераз каноплі на той бок гарода, але і там наскочылі на гітлераўцаў, якія ўдарылі па мяжы з аўтамата. Зразумеўшы, што трапілі ў засаду, хлопцы кінуліся ў розныя бакі і, ужо бегучы, пачулі голас Кудраўцава, які крычаў: «Таго, таго лавіце, у кубанцы!»

У кубанцы ў іх быў Платонаў.

Пасля стала вядома, што начштаба з прастрэленымі грудзямі пацягнулі на допыт, але ён быў непрытомны і на другі дзень сканаў. Кудраўцаў пасля таго недзе знік са станцыі. Пэўна, ягоныя гаспадары перакінулі яго ў іншае месца, дзе таксама шанавалі добрую ігру на гармоніку.

Клава рвала на сабе валасы, Ляўчук скрыгатаў зубамі. Праз два дні яго перавялі з узвода разведкі ў трэцюю роту радавым кулямётчыкам.

7

Грыбаед вярнуўся гадзіны праз тры, не меней. Ляўчук ужо перасунуўся з сонца ў засень, бо зрабілася горача, анучы яго ўсохлі, як лубяныя, боты таксама падсохлі збольшага, і ён усцягнуў іх на ногі. Клаву штосьці пачалі біць дрыжыкі, ён яе ўкрыў ватоўкай і ўгаворваў супакоіцца, нават заснуць — ён думаў, што ў сне з ёй не пачнецца тое. Ды і яго самога ўсё апаноўвала дрымота — пасля бяссоннае ночы было б самы раз задрамаць. Але драмаць было нельга. Каб разагнаць сон, ён рашыў чым-небудзь заняцца — адняў дыск ад аўтамата, зняў вечка. Дыск быў амаль поўны, Ляўчук палічыў патроны, іх аказалася сорак тры — на чатыры добрых чаргі. I ён зноў упарадкаваў аўтамат, прыладзіў адарваную почапку і пачаў нецярпліва выглядваць Грыбаеда. Ён чакаў яго з таго боку, куды той пайшоў, але стары нечакана вылез з гусцейшага хвойніку, які быў у яго за плячамі, і пачаў атрасаць ад ігліцы шапку.

— Ну што? — не стрываў Ляўчук, які нічога пэўнага не ўбачыў на яго твары.

Падышоўшы бліжэй, Грыбаед моўчкі паклаў у доле вінтоўку, стомлена сеў і зняў з галавы шапку, адкрыўшы белы, зусім не загарэлы, зморшчаны лоб. Апошні раз ён галіўся, мабыць, на мінулым тыдні, і ўвесь яго твар густа зарос буравата-шызаю шчэццю.

1 ... 114 115 116 117 118 119 120 121 122 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)