Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Грыбаед подбегам па цаліку, наўпрасткі цераз ручай, кінуўся да свае сядзібы, але здалёку яшчэ ўчуў, як там распараджаліся карнікі. Даносіўся чыйсьці зычны камандзірскі голас, жончын плач, незнаёмыя галасы. Яны там грамілі яго сядзібу, як пасля аказалася, забіралі сям’ю і выгружалі маёмасць.
Грыбаед пратуляўся пад кустамі да таго часу, пакуль не ўбачыў, як трое саней паехала на гасцінец да мястэчка. Тады ён памкнуўся да абрабаванага свайго падворка, але здалёку яшчэ згледзеў сіратлівую хаціну з насцеж расчыненымі дзвярыма і зразумеў, што ўсё загінула. Магчыма таксама, што пакінулі якую засаду для яго, і патыкацца туды ён не наважыўся.
Ён вярнуўся да напалоханага Валодзькі, сказаў, што цяпер яны засталіся ўдвух, паскідаў дровы з саней і скіраваў у самую глуш пушчы. Там яны зрабілі пад елкай будан, у якім пракалаціліся на сцюжы два дні і дзве ночы, даелі апошні кавалак хлеба, што бралі з сабой у дровы. Пачалі галадаць. Яшчэ праз два дні голад і невядомасць адносна сям’і зноў пагналі Грыбаеда да свайго сельбішча. Засады тут ужо не было, Грыбаед пахадзіў па выстуджанай, дзіўна маўклівай хаце, падабраў што-колечы з вопраткі, вядро, набраў бульбы ў яме — другога чаго тут не засталося. Гэтыя сякія-такія рэшткі яго маёмасці, а таксама бульба і ратавалі іх на першым часе ў пушчы, не даючы замерзнуць і памерці з голаду. Пакрысе яны абладзілі сякую-такую зямляначку ў гушчары, змайстравалі печку, якая хоць і страшэнна дыміла, але давала трохі цяпла. Так бацька з сынам наважыліся дажыць да вясны і, можа, і дажылі б як-небудзь, калі б не іх маладая жарэбная кабылка, якой таксама патрэбна было есці. Сена ў пушчы зімой не было, затое яно было ў яго пуні, і Грыбаед, шкадуючы жывёліну, разы два з’ездзіў у Выселкі. Усё абышлося добра, яго ніхто не сустрэў, а знайсці было немагчыма, бо час Грыбаед выбіраў пад завею, каб не заставалася следу.
Аднойчы з ім разам паехаць за сенам напрасіўся Валодзька. Хлопчык за час іх ляснога жыцця прыкметна занудзіўся без людзей у маўклівай самоце, перастаў усміхацца, відаць было, сумаваў па сястрычках і маці. Спярша Грыбаед не вельмі глядзеў на тое, а пасля ўжо стаў і баяцца, каб з хлопчыкам не сталася кепскае — дужа не па ўзросце стрэла яго такая бяда. I калі сын пачаў прасіцца ў гэты недалёкі начны шлях, Грыбаед, зацяўшы сэрца, згадзіўся.
Папраўдзе, ён яго браць не хацеў, нешта ў ім шчымела благім прадчуваннем, але ён не саўладаў са сваім жалем да адзінага свайго дзіцяці і не прагнаў яго ў зямлянку, калі той пачаў масціцца ў перадку саней.
Ноч была ветраная і непагодная, дужа шумелі хвоі ў пушчы, у доле гуляла завея, кабылка амаль увесь час ішла крокам, адварочваючы галаву ад ветру. Яны да поўначы пераехалі лес, завярнулі на трошкі прыкметную ў цаліку дарожку да Выселак. Ужо блізка быў іхні падворак, ужо Грыбаед пачаў узірацца праз ветраны змрок, каб што згледзець на ім. Абнадзеена думалася чалавеку: а раптам блісне знаёмы агеньчык у акне, і ён знойдзе там сваіх дачушак і жонку, якіх раптам выпусцілі, бо за што ж іх трымаць? Калі ўжо каго і трымаць, дык яго аднаго.
Але не суджана было Грыбаеду ўбачыць нікога са сваіх. Не ведаў ён, што жонку яшчэ ў першыя дні закатавалі, а дзяцей некуды вывезлі, што старая маці яго, не стрываўшы бяды, сканала ў жандарскім склепе, а ў ягоным двары ўжо трэці дзень запар сядзела засада.
Нічога не ведаючы гэтага, Калістрат Грыбаед рупна паганяў кабылку, і яны пад’язджалі ўсё бліжэй да свае бяды. Ужо стала відаць у прыцемках крывая вярба ля варот, студня з асверам, разламаны чужымі коньмі паркан ля хляўка. I тады кабылка яго чамусь сама стала, ускінула голаў і ціхенька трывожна храпнула. Ён ужо ведаў гэты яе чыста сабачы, не конскі, нораў і пацягнуў лейцы. 3 усяе сілы ён узіраўся ў цьмяны падворак, але нічога не заўважаў там. Толькі штосьці ўсё ж там было, — яшчэ нябачнае, але напэўна страшнае. Валодзька, які таксама не на жарт устрывожыўся, пачаў ціха казаць яму: «Тата, не едзь! Не едзь, тата!..»
I ён пачаў заварочваць кабылку.
Але не паспела тая выбрацца з снегу на дарогу і вывернуць з сабой аглоблі, як з падворка прагучаў злы крык «Стой!». Ён з сілай выцяў кабылку пугай, адначасна грымнуў вінтовачны стрэл. Валодзька адразу тыцнуўся ў сані і нешта праякатаў благім голасам, а ён, не зважаючы на той яго крык, стаў у санях на калені і пачаў пугаўём гнаць кабылку. Кабылка, нібы чуючы людскую бяду, ірванула галопам, яны мігам праскочылі адкрыты кавалак дарогі і пад частыя стрэлы ззаду ўляцелі ў лес. Толькі праехаўшы па лесавай дарозе з кіламетр, Грыбаед прыпыніў сані і схапіў за плечы Валодзьку.