Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 110 111 112 113 114 115 116 117 118 ... 221
Перейти на страницу:

Перш чым схавацца за крайнімі кустамі, Ляўчук азірнуўся — некалькі немцаў стаяла каля машын і пазірала на ўцекачоў. Але яны не стралялі — мусіць, было ўжо далёка. Ззаду пасярод бульбы сіратліва стаяў, памахваючы хвастом, іх конь з хамутом на шыі. Ціханава адсюль не было відаць.

— Ну і балда! Ну і зуй! — не мог супакоіцца Ляўчук. — Столькі мучыліся з ім. А ён…

Яны неўзабаве зашыліся ў кустах і то ішлі, то беглі, стараючыся як мага далей адысціся ад таго небяспечнага месца. Грыбаед дагнаў Леўчука і трымаўся блізка ад яго, насцярожана азіраючыся па баках і назад. Кусты тут былі не густыя, з бярэзнікам і маладымі елачкамі, гусцейшыя месцы Ляўчук спрактыкавана абмінаў стараной. Яны б маглі бегчы і хутчэй, калі б не Клава, якая адставала, і Ляўчук час ад часу мусіў спыняцца, чакаць яе. Яна, бачна было, з немалым намаганнем даганяла іх, запавольвала крок і, каб не ўпасці, хапалася адной ці абедзвюма рукамі за галіны дрэў. Ёй было кепска, Ляўчук бачыў гэта, але тут ім спыняцца не выпадала, трэба было як мага адысціся далей, і ён упарта імкнуўся наперад.

Праз нейкі час яны выбраліся з кустоў на луг з рэдкімі купкамі лазняку на някошаным травяністым прасцягу. Ляўчук тут дазволіў сабе спыніцца, каб аддыхацца і пачакаць Клаву. Немцы іх, здаецца, не даганялі, але ўнутры ў ім усё трэслася ад таго недарэчнага здарэння, і ён думаў, што яны цудам выбавіліся з бяды. I ўсё праз Ціханава, які забіў сябе, на што, вядома, меў поўнае права, але тым ледзьве не загубіў астатніх. Пільна азіраючы лугавіну, каб зноў дзе не напароцца на немцаў, ён чамусьці не ў лад са сваім настроем раптам падумаў, што, а можа, ён уратаваў іх? Сапраўды, калі б ён не стрэліў і здаля не напалохаў немцаў, тыя, вядома, падышлі б бліжэй і, мабыць, напароліся б на іх у бульбе. А ў такой сутычцы яшчэ невядома, каму б пашчасціла выскачыць жывым, вельмі проста маглі пагінуць усе.

Вось табе і «балда»…

Ляўчук ад гэтай думкі ажно збянтэжыўся, разгубіўся і ўжо не ведаў, як аднесціся да Ціханава і яго ўчынку. Было падобна на тое, што дэсантнік сапраўды ўратаваў іх. Вызваліў ад сябе — гэта пэўна. Ужо за адно гэта трэба дзякаваць яму — як бы яны ўцяклі без каня з параненым? Вайна ўжо дала Леўчуку некалькі самых пераканаўчых урокаў, ён многа ўведаў на ёй і лічыў, што болей яго здзівіць немагчыма. А вось, выходзіць, здзіўляла. Мабыць, яе неспадзяванкам не было канца, і наўрад ці хопіць жыцця, каб як след разабрацца ў яе дзівосах.

Вось хоць бы і Клава.

3 пакутніцкім выразам на нездаровым твары — з рудымі плямамі каля рота і на лбе — яна дагнала мужчын і цяжка ўпала каленямі ў траву.

— Не магу… Не магу я…

— Ну во яшчэ! — грубавата азваўся Ляўчук. — Што ж тады? Прайшлі які кіламетр…

— Ды ўжо кіламетры два, — паправіў Грыбаед.

— Дык што ж — два! Для іх гэта дзве хвіліны. Бачылі машыны?

Яму не запярэчылі, і ўсе ўтраіх замоўклі.

Клава, седзячы ў ранейшай позе, абапіралася рукамі аб травяны дол і дыхала, дыхала, утаймоўваючы стому, гатовая вось-вось расплакацца, а яны ўдвух стаялі каля яе і не ведалі, што рабіць. Грыбаед моўчкі і нахмурана пазіраў з-пад свае шапкі-кучомкі, нешта тоячы ў сваіх пачуццях да яе — можа, шкадаванне, а можа, папрок за ўсё, што з ёй здарылася. Ляўчук жа ўпарта думаў, што тут ім заставацца нельга. Тут не месца, тут іх занадта проста могуць насцігнуць немцы.

— Так, давай уставай! Луг пяройдзем, вунь там саснячок, там зашыемся.

Клава запаволіла дыханне, сцялася, відаць, зрабіла над сабой намаганне і ўстала.

Яны даволі марудна і не адразу адолелі луг, пералезлі цераз аброслы асакой і аерам ручай. Праз рэдкі сасоннік узабраліся на пагорак, і Клава зноў знямогла ўпала на сухі верасовы дол. Мужчыны абодва спыніліся, Ляўчук скінуў з галавы прапацелую кепку, ён ужо ўгрэўся, ужо з неба няблага прыгравала сонца, дзень збіраўся быць спякотны і ціхі. Дзень гэты трэба было перажыць, што ў іхнім становішчы было не меней, чым перажыць вечнасць. Асабліва з такой спадарожніцай.

— Ах, халера! — сказаў Ляўчук і ўважлівей паглядзеў на Грыбаеда. Той, сіпла і стомлена дыхаючы, цярпліва стаяў у сваім вузкаплечым мундзірчыку, аздобленым мноствам кішэняў і гузікаў. — Хоць бы дзе баба якая. Які лагер сямейны, ці што? Як на грэх…

— Каня трэба і фурманку. Без каня як?.. — з роздумам сказаў Грыбаед.

— Была фурманка. I конь. Праваронілі, балбесы!.. Во што! Дуй-ка ты, дзед, шукай вёску. Можа, дзе ёсць недалёка. Без немцаў каб.

Грыбаед не стаў цягнуць доўга, зірнуў напаследак на Клаву і нячутным крокам пайшоў з пагорка ўніз. Хутка яго затуліў сасоннік.

— I не баўся, чуеш? — гукнуў наўздагон Ляўчук. Клава сцішылася на траве, а Ляўчук угледзеўся з пагорка. За сасняком, здаецца, ляжала неўзаранае поле, за якім зноў усчынаўся лес — і нідзе ніякіх прыкмет жылля. Стаяла ранішняя ціша, толькі ў хваёвым голлі варушыліся дробныя птахі, стрэлаў або людскіх галасоў нідзе не было чутна. Ляўчук, прыглядаючыся да сасняку, паўкругам абышоў па пагорку, паслухаў — быццам нідзе нікога. Тады ён вярнуўся да Клавы і, усё ўслухоўваючыся ў наваколле, сеў ля яе, сцягнуў боты і раскідаў на траве анучы. Усё на ім было мокрае, і Ляўчук пачаў сушыцца.

1 ... 110 111 112 113 114 115 116 117 118 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)