Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 110 111 112 113 114 115 116 117 118 ... 260
Перейти на страницу:

Сьцяна

Рыгору Барадуліну

Сьцяна была каменная, закапцелая, дужа старая, як і ўвесь гэты будынак-турма, што дастаўся дыктатару краіны ад ранейшага дыктатара, а таму — ад яшчэ ранейшых. Дыктатары ў гэтай краіне не выводзіліся ніколі. Калісьці тут балявалі ці спраўлялі крывавыя трызны, плялі змовы і ўсялякія іншыя злачынствы — супраць улады, народа ці каго з тых, хто выйграў у бясконцай барацьбе за ўладу. Або прайграў таксама. А цяпер тут сядзеў ён і такія, як ён. Іншыя, мабыць, сядзелі даўно і доўга, ён жа тут апынуўся нядаўна. Ранейшыя ягоныя гады і месяцы мінулі ў іншым месцы, надта, аднак, падобным на гэта. Таму перамена месца зьняволеньня ня дужа яго ўзрушала — і там, і тут для яго быў нарыхтаваны каменны калодзеж, сыры і цёмны, — пяць крокаў удоўж і тры ўшыркі. Жалезныя дзьверы з засовам, сьмярдзючая параша ў куце — як і ўсюды. Адзіным, што тут прыцягвала ягоную ўвагу, была сьцяна. Тая, што насупраць ад дзьвярэй.

Колькі і дзе ні сядзеў, ён заўжды цікавіўся сьценамі, тым, як і з чаго яны зробленыя. I асабліва — што было па той бок, за сьцяной. Звычайна па той бок была зваблівая, недаступная для яго воля, пра якую ён не пакідаў марыць. А зробленыя сьцены былі як трэба, як гэта ўмелі рабіць калісьці: камень, вапна і цэгла — усё спрэс сьцьвярдзелае і нязрушнае, не драпанеш. Не прастукаеш нават. Яшчэ ў першы тут дзень ён спрабаваў пастукаць на звыклай для яго турэмнай азбуцы, але ніякага адказу не пачуў. А можа за сьцяной не было нікога. Значыць, там магла канчацца гэтая мур-турма і пачынацца воля. Зелянець на сонцы які куст цёрну, трава, буяць пры сьцяне старыя дрэвы замкавага парку…

Стоячы на каленях ля сваіх лахманоў, ён прыслухаўся. Але скрозь было ціха. Наглядчык нядаўна пратупаў за дзьвярыма, крокаў яго ўжо ня стала чуваць. Слабая электралямпачка пад дужа высокаю чорнай стольлю ледзьве разьвейвала змрок на каменнай падлозе; была, мабыць, глухая турэмная ноч. I ён пакрысе папоўз на каленях каля той супрацьлеглай ад дзьвярэй сьцяны, пачаў яе мацаць, агладжваць — дасьледаваць.

Ніжні рад буйных каменных блёкаў быў складзены шчыльна і нязрушна і не прымаў у сябе ніякі ягоны стук — хоць костачкай пальца, хоць кулаком. Тое ж было і вышэй. Драпін і нейкіх адзнак людзкога паходжаньня на камянях хапала, але яны мала пра што яму сьведчылі. Можа, там было што напісана, ды ў паўзмроку нічога нельга было разабраць. Хоць ён і не дамагаўся таго. Навошта яму былі адзнакі чыйгосьці лёсу — яму хапала свайго: пакутнага, гаротнага і дужа няўдалага. Трудна было ўявіць чаго іншага ў тым лёсе, апроч гэтай во каменнай нары. Мабыць, іншага й ня будзе ніколі, тут і скончыцца ягонае жыцьцё. Бяз жаднай надзеі.

А так хацелася лепшага, якой перамены. Толькі якой? Увогуле ён выдатна разумеў, што на спадзяванкі не было падставы, трэба было мірыцца з найгоршым. I з тым дажываць адмераны табе Богам і судзьдзямі тэрмін. Ды ўсё ня мог саўладаць з надзеяй. Здаецца, яна ўпарта і неадчэпна валодала ім.

Сьцяна была сьцюдзёная і цьвярдая. Спрэс шурпатыя бакі граніту, закамянелыя ад часу наплывы вапны. Дзе-нідзе, праўда, траплялі мякчэйшыя кавалкі, складзеныя з каменя-ракушачніку. I толькі ў кутку, у сырым і нават вільготным кутку ўнізе… Час ці, можа, вільгаць штосьці зрабілі нават з каменем ці з вапнавай зацьвярдзеласьцю — там, здалося яму, было трохі мякчэй. Вядома, ня так, каб можна было штось выдраць, які кавалак. Але калі парупіцца… Мусіць, варта было паспрабаваць.

I ён спрабаваў. Сьпярша кіпцямі, ды хутка пазламваў іх на абедзьвюх руках. Тады голымі пальцамі. Пальцамі, вядома, ня шмат дамогся, ды ўсё ж…

У яго зьявілася надзея, быццам нават цьмяная мэта жыцьця. Ён пачаў менш успамінаць былое, нават меней гаротна думаць. Толькі чакаў, як крокі наглядчыка трохі прыціхалі за дзьвярыма, тады кідаўся ў кут, сядаў на кукішкі і дзёр, калупаў, драпаў. Ён амаль не пазіраў туды, яму ўжо ня трэба было сьвятло, пальцы яго ведалі ўсе драбніцы каменя, увогуле надта цьвярдога, якога, здаецца, ня бралі ніякія ягоныя высілкі. Але на ражку, у самым кутку быццам было зручней — мякчэй, ці што. Менавіта там і сышліся цяпер усе ягоныя назапашаныя за гады воля і надзея.

1 ... 110 111 112 113 114 115 116 117 118 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)