Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Пад ранак, як поўня закацілася за пляскаты дах суседняй будыніны, чалавек устаў і падышоў да варотцаў у завулак. Тут ляжаў глухі начны цень, чорнае прысядзібнае кустоўе добра хавала яго на падворку. Унізе, рассыпаўшыся на павольным схіле, ляжаў сонны горад, месячныя прыцемкі лагодна ахіналі крывыя вулічкі жабрацкіх прадмесьцяў, бязладныя забудоўкі каменных, гліняных, саманных сядзібаў. Нідзе паблізу ня бліскала ніводнага агеньчыка, не сьвяцілася ніводнай лямпачкі; прадмесьці танулі ў туманістым месячным сутоньні. Толькі ўдалечыні зьзялі адбіткі сьвятла з-за высокіх дахаў камяніц у цэнтры, дзе высіўся нябачны адсюль прэзыдэнцкі палац, ратуша зь вежай і падсьветленым гадзіньнікам, гатэлі, дзьве паліцэйскія казармы за катэдрай у старажытных, нядаўна мадэрнізаваных кляштарах. Турма месьцілася далей, на ўскраіне, і таксама ў кляштары каля рэчкі. То было дужа здатнае месьцейка, у ім цяпер пляжылі маладыя жыцьці шмат хто зь ягоных сяброў. Іншых, мабыць, няма ўжо і ў жывых, і наўрад ці знойдуцца калі іх магілкі — гарылы ўмелі хаваць ахвяры — бяз знаку і сьледу.
Стоячы ў месячных прыцемках ля паламаных варотцаў, чалавек рашыў канчаткова: тое ён зробіць сёньня, уранку, адкладваць далей было немагчыма. Адклад можа абярнуцца для яго катастрофай.
Шкада, для таго зноў патрэбныя былі людзі; было бязглузда рабіць тое ўпотай, безь людзей. Толькі на людзях, лепей на плошчы. Але не на рынкавай — мэтазгодна было б на ратушовай. Тую плошчу ён ведаў змалку, туды хадзіў гуляць зь нянькай, затым церазь яе бегаў у недалёкую школу. Там жа ён упершыню спаткаўся са сваім адзіным і такім няшчасным каханьнем, а галоўнае — там перажыў колькі хвалюючых хвілінаў на сходах і мітынгах, як пасьля столькіх гадоў таталітарызму пачала ўсталёўвацца дэмакратыя. Ды не ўсталявалася. А тады плошча раілася ад тысяч людзей пад нацыянальнымі сьцягамі, з партрэтамі колішніх герояў нацыі, пад мегафонныя гукі палымяных прамоваў… Сьвятарныя словы пра дэмакратыю, волю і незалежнасьць хвалявалі болей, чым адмысловае віно, дужа верылася, што ўсё тое хутка настане. Але не настала і, здаецца, ужо не настане. Тыя, што тады зласьліва назіралі за імі з палацаў ды офісаў, са штабаў і казармаў, ліхаманкава рабілі сваю справу і выбіралі зручны для сябе момант.
I яны выбралі яго ўдала, якраз тады, як дэмакраты таго не чакалі, і скарысталіся спосабам, якога не прадбачылі.
Калі дэмакратыя зусім ап’янела ад пачуцьця грандыёзнай перамогі над шматгадовым таталітарызмам, гэтыя на авансцэну палітыкі выпусьцілі Бульдозэр — раней нікому не вядомага правінцыйнага палітыка, за якім у цяньку стаялі іншыя, вядомыя і дужа разумныя. Задума была ў тым, каб Бульдозэрам расчысьціць шлях да ўлады і прыхапіць яе для сябе. Але Бульдозэр аказаўся хітрэйшым за ягоных апекуноў і, зь нечуваным цынізмам захапіўшы ўладу, не схацеў ні з кім ёю дзяліцца, падгроб усю пад сябе. Сьпярша разагнаў парлямэнт, пасьля па адным перасаджаў у турму нядаўніх хаўрусьнікаў; вядомага крымінальнага аўтарытэта прызначыў кіраваць уласнай бясьпекай. Тым ён зьбянтэжыў лідэраў палітычных партыяў, якія напачатку нібы праглынулі языкі, ня ведаючы, як паставіцца да таго. А як адумаліся, стала позна: іхныя партыі былі аб’яўленыя падрыўнымі і распушчаныя. За тры месяцы Цынічнай дыктатуры ад нядаўняй дэмакратыі не засталося і сьледу. Парлямэнцкая апазыцыя апынулася на каменнай высьпе ў моры, мітусьлівых студэнтаў з унівэрсытэту перасялілі за калючы дрот на гарадзкім стадыёне, унівэрсытэцкія будынкі занялі пад паліцэйскія казармы. Прафэсары па адным паўцякалі за горы — на эміграцыю, а тыя, што засталіся, шчыльней зачынілі аканіцы і не паказваліся на вуліцу. Народ стаіўся, сьцішыўся, змоўк у паняверцы, падобна было — зноў засынае, каб не прачнуцца стагодзьдзе.
Чалавек ня меў выразнага намеру каго-небудзь будзіць, тым болей — народ, разумеў, тое было яму не па сіле. Але ягоная неспатольная душа прагнула пратэсту супраць гістарычнай недарэчнасьці, якую ён бачыў у гэтым брутальным перавароце Зялёнай дэмакратыі на Цынічную дыктатуру. Прагу пратэсту ён ня мог задушыць у сабе, яна стала мацней за яго і вымагала ўчынку. Асабліва пасьля таго, як за горы даляцелі чуткі, што некаторыя зь ягоных сяброў перабеглі на службу дыктатуры; іншыя на эміграцыі павініліся і пачалі прасіць дазволу вярнуцца. Ён жа вярнуўся тайком, без дазволу.
На досьвітку пачаў неспакойна тупаць нагамі, а затым парывіста зароў восьлік. Тое затрывожыла чалавека, усё ж ён хацеў тут застацца незаўважаным. Але й пайсьці адсюль пакуль не выпадала: было зарана, адзінокі мінак на вуліцы тым болей прыцягваў да сябе ўвагу. Чалавек адышоўся ад варотцаў да арбы з прывязаным да яе восьлікам, ласкава паляпаў яго па шыі. Восьлік даверліва памкнуўся да яго, пацёрся аб яго сьцягном. Бедны восьлік, ён таксама пакутаваў на адзіноце, чакаючы ад чалавека ласкі і разуменьня. Але чалавек нічога ня меў яму даць і ня ведаў, як памагчы. Можа, варта было б яго адвязаць ад арбы ды пусьціць — хай корміцца самахоць. Асабліва, калі гаспадар зьнік надоўга. А мо назусім? Людзі цяпер прападалі ў любы час і дзе хочаш — уначы, з свайго ложку, на кірмашы, у аблавах, на вуліцах і тракцірах. Наляталі гарылы, шчоўкалі на руках кайданкі, і чалавек зьнікаў. Ні суда, ні адваката…