Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Чалавек ня быў надта наіўны ў палітыцы і сваімі ўчынкамі ня меў спадзяванкі ўзварушыць народ, падштурхнуць яго на барыкады. I ўсё ж… I ўсё ж нейкая карысьць будзе, думаў ён, выпраўляючыся ў апошні свой шлях. Калі ня зараз, дык потым. Калі аб тым не напішуць тутэйшыя газэты, дык пабягуць чуткі, напэўна, перадасьць замежнае радыё. Гэткія ж рэчы здараюцца ня кожны дзень. А ў межах ягонай краіны, дык ці не ўпершыню за сто гадоў. I ўжо напэўна ягоны ўчынак — першы за час гэтай Цынічнай дыктатуры.
Сьцяўшыся ў тугі камяк, чалавек таропка пракрочыў паўз шыкоўны шкляны пад’езд высачэзнага гмаху замежнага банку, дзе, як заўжды, тоўпілася група паліцыянтаў у навюткай шызай форме. Унізе ля прыступкаў іх чакалі стракатыя ад розных колераў аўтамабілі зь мігалкамі. А крыху далей, пад мэталёваю агароджай царквы, сядзеў нядоўгі радок жабракоў — тых, каму не хапіла месца на цьвінтары. Выпетраныя жыцьцём старэчыя твары, схуднелыя рукі, якія цягнуліся да мінакоў, вочы ўмольна лавілі чужыя позіркі. Лепей было туды не глядзець, даць ім у яго не было чаго. Ён толькі збочыў ад іх на асфальт і тады на каменным слупе агароджы ўбачыў шырокую абвестку з партрэтамі і паліцэйскім подпісам унізе. Бегла зірнуўшы туды, чалавек аж скалануўся, пазнаўшы ў адным з партрэтаў сябе. Праўда, там ён быў маладзейшы, паголены, з гальштукам. Несумненна, то былі злачынцы, якіх шукала паліцыя. Але чаму на царкве? Ці ўжо й вернікі рабіліся памагатымі дыктатуры, зьбянтэжана падумаў чалавек. Зрэшты, а чаму б і не? Царкоўныя герархі працавалі на яе заўзята, мусіць, варта было чакаць таго і ад вернікаў… Здаецца, там была пазначана, і сума ўзнагароды тым, хто іх выдасьць. Тады тым болей, каму ня хочацца зарабіць у жабрацкай краіне.
Побач па бруку праімчаліся некалькі джыпаў з рулямі кулямётаў над ветравым шклом. У іх цесна сядзелі крутаплечыя постаці гарылаў у зялёных, пад мяккімі чахламі касках. Мабыць, куды на аблаву ці ўжо з аблавы, падумаў ён без жаднае, аднак, засьцярогі і схамянуўся. Яму ўжо заставалася няшмат, ягоная роля самапала блізілася да фіналу. На рагу ўжо віднелася паваротка, далей была караценькая вулічка да ратушавай плошчы, дзе хутка ўсё і скончыцца. САМАПАЛ было для яго слова новае, нязвыклае, мабыць, не пазначанае ні ў адным слоўніку, наватвор праклятага часу; здаецца, раней у ім не было патрэбы. А цяпер во такая патрэба зьявілася. Упершыню ён учуў яго з радыёперадачы пра падзеі ў далёкай паўночнай краіне і хутка забыўся пра яго. Аж во пакуль яно не займела непасрэднага да яго дачыненьня на тым, апошнім для яго паседжаньні камітэту. Як абмеркаваньне падышло менавіта да такой высновы, паўстала пытаньне — хто? Усе дужа задумаліся, ва ўсіх знаходзіліся прычыны. Ён такіх прычынаў для сябе не знайшоў. Прынамсі, па ім плакаць ня будзе каму, а самому ўжо ня прыйдзецца. Тое ўсё і вырашыла.
У прадчуваньні самага для сябе вырашальнага чалавек усё ж захваляваўся. Каторы раз памацаў у правай кішэні бэнзынавую запальнічку, запальнічка была на месцы — хоць бы не падвяла. Учора правяраў, тады спраўна пыхкала слабым сіняватым агеньчыкам. Мабыць, хопіць і слабога. Бэнзын быў гатунковы, самы лепшы на той заправачнай станцыі, павінны загарэцца ўмомант нават ад слабой іскры. I ён пакіне гэты свалачны сьвет, грукнуўшы дзьвярыма. Ня дзеля славы — дзеля народа. Трохі шкада, што разам адыдзе і жыцьцё. Але што зробіш? Ня ён першы і, трэба спадзявацца, не апошні.
Бадай, ён ужо дайшоў да апошняй павароткі на плошчу і нават міжволі парадаваўся, што ўсё абышлося. Галоўнае, не спаткаў нікога зь ліку знаёмых, і гэта абяцала ўдачу. Зь нейкага часу ён стаў адзінцам, чалавекам паасобнага кшталту; пара калектывізму для яго мінулася.
Адрываючыся ад рэальнага, ён ужо пераходзіў на адпаведны моманту патэтычны лад, пачынаў думаць у высокіх катэгорыях. Што было для яго жыцьцё? Асалода? Пакуты? Нейкі абавязак перад людзьмі? Перад Богам? Ні тое, ні гэта. Мала было асалоды і, калі падумаць, няшмат і пакутаў. Іншыя пакутавалі болей. Уся справа, аднак, як да таго ставіцца. Ён меў занадта вялікае адчуваньне гонару і паставіўся да таго надта строга. Ягоныя сябры былі надзеленыя большаю схільнасьцю да лібэралізму, ён жа застаўся заўзятым рыгарыстам. Асабліва пасьля гібелі Яны. Хто яна была для яго? Яна не была жонкаю, не была нават каханкай. Яна была для яго МАДОНАЙ. I яе ня стала. Яна згарэла не ад любові — ад цынізму несправядлівасьці. Банальную несправядлівасьць яна прызвычаілася трываць гадамі, нахабна-цынічнай — ня здолела і двух месяцаў. Калі яе маладзейшы каханак з дэмакрата-філёзафа ператварыўся ў шэфа дыктатарскай прапаганды, жыць яна не стрывала. Яе пагібель, мусіць, стала для чалавека апошнім штуршком да ягонага азарэньня.