Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Якраз быў сакавік, канец зімы, пачыналася прадвесне, удзень добра раставала, але ноччу пад ранак дарогі былі як шкло, санкі беглі са звонам і шоргатам, а цокат капытоў па лядку быў чутны за тры кіламетры. За адну ноч яны адмахалі шэсцьдзесят кіламетраў і з’явіліся ў штабе Кіраўскай, дзе і сустрэлі сваіх радыстаў. Старшы з двух быў сяржант Ляшчоў — немалады перахлябісты чалавек з нездаровым тварам і пракуранымі да жаўцізны зубамі, які ім не спадабаўся з першага разу: надта ўжо дэталёва пачаў высвятляць, дзе немцы, як яны паедуць, а ці добрыя сані, і ці ўкормлены коні, і ці ёсць чым укрыцца, бо ў яго боты і гонкія анучы. Яны тады дасталі для яго палону і ўхуталі яго ногі саломай у санях, і то ён усё мёрз і наракаў на сырасць, клімат і спецыфічныя партызанскія ўмовы, якія яму былі не па натуры. Затое радыстачка ўсіх зачаравала з першага позірку: такая яна была ладная ў сваім новенькім беленькім кажушку і ў маленькіх валёначках, якія міла рыпелі на ранішнім марозіку, вушы яе ладнай цыгейкавай шапкі былі какетліва падвязаны на патыліцы, на лоб высыпалася гуллівая грыўка, а на маленькіх руках ладна сядзелі футравыя рукавічкі з белым шнурочкам, закінутым за каўнер кажушка. Не ў прыклад сяржанту, ёй тут усё падабалася, і яна без канца смяялася і распытвала, поўная захаплення ад лесу, бярэзніку, дзятла на хвоі. А калі па дарозе ўбачыла вавёрку, якая разгоніста лятала ў голлі, дык аж спыніла сані і пабегла за ёй па снезе, пакуль не прамачыла валёнкі. Яе смяшлівыя шчокі з ямачкамі па-дзіцячы расчырванеліся, а з прыгожых вачэй струменіла такая гарэзная вясёласць, што Ляўчук проста праглынуў язык і забыўся на ўвесь учарашні інструктаж. Ён пакутна перабіраў у галаве і не знаходзіў ніводнае здатнай фразы, якую было б дарэчы сказаць пры гэтай дзяўчыне. Іншыя таксама анямелі, аглушаныя яе дзявочай прывабнасцю, і толькі смылелі самасадам у возе, пакуль ехалі пушчай. Урэшце яна не магла не заўважыць гэтай іх ненатуральнай зацятасці і, яўна прытвараючыся, што не разумее, у чым тут прычына, спытала:
— Мальчики, ну что же вы молчите? Вроде не русские…
Тут яна, між іншым, трапіла ў кропку. 3 іх трох рускага не было нікога, — быў украінец Зялёнка і два беларусы, Ляўчук і Мяжэвіч. I гэты Зялёнка, які, апроч як на сваёй роднай мове, не мог ні слова сказаць на іншай, чамусь пажартаваў недарэчы:
— А мы — німцы!
I трэба ж было тады Леўчуку ў тон Зялёнку выкінуць свой яшчэ болей недарэчны жарт, аб якім і цяпер успамінаць прыкра, але хто ведаў, што так станецца? Седзячы ззаду ў санях, ён пры тых словах Зялёнкі расхінуў на сабе кажух, пад якім з зімы дзеля цяпла насіў суконны, з нейкімі галунамі і нашыўкамі нямецкі мундзір і гойкнуў:
— Хэндэ хох!
Не паспелі яны што сцяміць, як іх новы радыст кулём кульнуўся з саней і зашыўся ў градку маладога ельнічку за канавай. Збянтэжаны Зялёнка прытрымаў каня, яны моўчкі, нічога не разумеючы, прыўсталі ў возе і ўтаропіліся ў ельнік, адкуль, нацэлены на іх, ужо тырчаў варанёны ствол ППШ.
— Стой! Ни с места! — прагучэў адтуль здранцвелы голас напалоханага чалавека, які ў такім стане мог зрабіць немаведама што. I ў тое ж імгненне яны здзіўлена схамянуліся ад выбуху нястрымнага і залівістага па сваёй весялосці смеху. Радыстка залівалася хвіліну, не менш, аж павалілася на салому на дне саней, і шапка з яе галавы ўпала на снег на дарозе, рассыпаўшы па каўняры кажушка цэлае бярэма светлых, ашчадна пастрыжаных валасоў.
— Ой, не могу!.. Ой, кончаюсь!..
Ужо заўсміхаўшыся, яны адначасова з засцярогай паглядвалі за канаву ў ельнічак, адкуль не адразу, з асцярогай у кожным руху вылез радыст і, не апускаючы аўтамата, стаў на дарозе, быццам не ведаючы, што рабіць, як рэагаваць на ўсё гэта і найперш на здзеклівы смех ягонай напарніцы.
Насмяяўшыся ўволю, яна падняла з дарогі шапку, акуратна падабрала ў яе бялявыя свае валасы.
— Ладно, Лещев хватит! Посмешили партизан…
Ляшчоў тады памалу апусціў аўтамат, падышоў і бокам сеў у самым задзе саней, быццам усё яшчэ не верачы, што ён дарма напалохаўся сам і дарма напалохаў астатніх. Усе няёмка маўчалі, толькі радыстка доўга не магла аддыхацца ад свайго гарэзнага смеху. А на другі дзень яна плакала.
Нейкі атрад на іхняй дарозе ўвязаўся ў бой з паліцаямі, і яны мусілі аб’язджаць гэтае небяспечнае месца, прыпазніліся і заначавалі ў знаёмай вёсцы ў сувязнога. Дзядзька хораша прыняў іх, напаліў у хаце і разаслаў на падлозе саламяны куль, на які яны і паваліліся спаць. Радыстка ж папрасілася на печ, маўляў, ніколі ў жыцці не спала на печы, дзе ўсё ёй было так незвычайна, цікава і нова. Яна доўга дапытвалася ў гаспадыні, як і што там награваецца, куды ідзе дым, якія і для чаго зёлкі тырчаць пад бэлькай і што ў мяшэчках у запечку. Перад тым як укласціся спаць, размеркавалі гадзіны варты ў двары, хоць дзядзька і ўзяўся сам ахоўваць іх у сваім доме, ды Ляўчук не хацеў спадзявацца на аднаго дзядзьку. Каб нікому не было крыўдна, ён, як гэта рабілі ў разведцы, кінуў жэрабя — кожны выцягнуў з яго шапкі паперку з напісанымі на ёй гадзінамі варты. Усім па пары гадзін за ноч — такое работы. Яна таксама захацела стаяць нароўні з усімі і выцягнула паперку чацвёртае змены ад трох да пяці — самы нязручны і санлівы час ночы. Ляўчук прапанаваў памяняцца, ён стаяў да трох, але яна нізашто не згадзілася, яна хацела нароўні з усімі выконваць свае партызанскія абавязкі. Ляўчук не надта настойваў, ён зважаў ёй ва ўсім і ноччу, адстаяўшы сваё, накалелы ад марозу зайшоў у хату. На чалесніку цьмела застаўленая засланкай газнічка, храплі на саломе хлопцы, ён ціхенька пратупаў на ўмерзлых падэшвах у запечча і паклікаў яе. Яна не азвалася, а інакш пабудзіць яе ён не мог, ён проста не адважваўся дакрануцца сваёй рукой да яе востранькага ў гімнасцёрцы пляча якое вытыркалася з-пад коўдры. Паклікаў яшчэ раз, але яна так соладка спала, што трэці раз ён клікаць не стаў, пагрэў у чалесніку рукі і выйшаў. Ён адстаяў і яшчэ дзве гадзіны — за яе, а пасля ўжо разбудзіў хлопцаў, і яны пачалі збірацца ў дарогу.