Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 104 105 106 107 108 109 110 111 112 ... 221
Перейти на страницу:

Як няздатна ўсё атрымалася, мусіць, трэба вяртацца…

3 гэтай яшчэ канчаткова не аформленай думкай ён і павярнуў назад і як-кольвечы дабраўся да фурманкі, якая цярпліва замерла сярод багны з дзвюма апануранымі постацямі ў тумане. Яны цярпліва чакалі яго рашэння, яго слова аб тым, куды і як рухацца далей, бо неўзабаве павінен пачацца ранак, і тады ім на голым балоце не месца.

Але Ляўчук яшчэ не дайшоў да іх і нічога яшчэ не надумаў, як недзе ў недалёкай начы імклівым рэхам пакаціўся па лесе стрэл. Праз секунду яму адказаў другі, траскотна ўдарыла кулямётная чарга, глуха і важка кахнуў мінамёт, і міна, завішчэўшы ў самае высі неба, неўзабаве разарвалася ў лесе. I тут пачалося: закалацілася, задзігала, загрукацела — дзіва, адкуль што і ўзялося ў гэтай соннай туманнай ночы.

Яны ўсе знерухомелі, дзе стаялі, Ляўчук, разявіўшы рот, упіўся ў ноч слыхам і хацеў што-небудзь убачыць, але праз туманісты змрок нічога не было відаць. I раптам злая здагадка амаль узрадавала яго:

— На грэблі, ага?

— На грэблі, — паныла пацвердзіў Грыбаед.

Яны зноў сціхлі, знерухомелі перад агромністасцю начной бяды, якая абрынулася на іншых, а вельмі проста магла б абрынуцца на іх чацвярых. Цяпер усіх дапякала адна толькі думка: хто каго? Але тут, мусіць, і думаць не было чаго — стралялі немцы. Страчылі з таго, іх боку. Зноў жа, і мінамёты, — мабыць, у іх атрадзе не было мінамётаў. Значыць, нехта ўсё ж не ўтрымаўся ад спакусы праскочыць па гаці, паспадзяваўшыся на разведку, і цяпер вось расплачваецца. Цяпер там незайздросна.

I Ляўчук, здрыгануўшыся ад золкасці ці ад усведамлення свае нечаканай удачы, раптам са злым папрокам накінуўся на сваіх памагатых:

— Ну во, вашай матары! А вы — назад! Ану давай упярод! 3 усяе сілы ўпярод! Раз-два, узялі!

Прыслухоўваючыся да страляніны, яны зноў узяліся папіхаць і цягнуць фурманку, сцябаць і крычаць на знясіленага мокрага коніка. Аднак сілы іх былі ўжо не тыя, што спачатку, і фурманку, відаць, засмактала як мае быць. Марна правалэндаўшыся з ёю хвілін дваццаць, Ляўчук разагнуўся. Страляніна на грэблі ўсё калаціла лясны абшар. Тады ён, крыху спачыўшы, зноў палез у туман, беручы то ўлева, то ўправа, шырока мацаючы ў багне нагамі. Добра, што боты ў яго былі скураныя, не кірзачы, набрыняўшы цяпер у вадзе, яны селі, шчыльна абляпілі ногі і не звальваліся — інакш бы ён хутка застаўся босы. Ён рашыў найперш знайсці які шлях на бераг, калі толькі сам дзе не шусне з галавой у прорву, а пасля ўжо тым шляхам вывесці за сабой фурманку. Цяпер ён не зважаў на глыбіню, усё роўна па плечы быў мокры, ён толькі хапаўся рукой за куп’ё і дзе ішоў, а дзе плыў, рассоўваючы грудзьмі густую цёплую твань. Слых ягоны пры гэтым увесь час лавіў гукі бою на грэблі, якія то заціхалі, то ўсчыналіся зноў, і не зразумець было, хто там браў верх. Можа, збілі нашы нямецкі заслон, а можа, заслон дарэшты перастраляў партызан.

«Ну і дурні,— думаў Ляўчук. — Чаго было перці ўсім на ражон, лепш ужо так, па балоце. Калі толькі там, за балотам, таксама не заселі немцы…»

Надзіва цяпер яму ўжо не здавалася страшным балота, хутчэй наадварот: страшнае было на дарозе, на грэблі, а балота не першы ўжо раз укрывала яго, ратавала, цяпер ён проста любіў балота. Калі б толькі яно не было бяздоннае і, вядома, не дужа бяскрайняе.

Неяк неўпрыцям ён згледзеў над туманам вяршалле кустоў і зразумеў, што гэта бераг. I сапраўды, праз якіх дваццаць крокаў балота ўраз скончылася, за нешырокай асакаватай паласой былі кусты алешніку, перад якім ляжала сенажаць, з пракосамі свежай травы. Ён не стаў нават вылазіць на сухое, узрадавана павярнуў назад, у багну, да свае фурманкі. Гэты раз ён ледзьве не згубіў яе, прайшоў у тумане міма і толькі тады пачуў ззаду ціхае пялёхканне каня і вярнуўся. Клава сядзела на паўзатопленым возе, відаць, ратавала ад вады дэсантніка. Грыбаед плёхаўся каля каня, не даючы, каб таго зусім засмактала багна.

Яны маўкліва дачакаліся, калі ён падыдзе бліжэй.

— Во што! — сказаў Ляўчук, хапаючыся за аглоблю, — трэба паасобку. Распрагай каня, перавязём Ціханава, пасля, можа, фурманку. Бераг тут, недалёка…

1 ... 104 105 106 107 108 109 110 111 112 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)