Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 103 104 105 106 107 108 109 110 111 ... 221
Перейти на страницу:

— Рухай за мной!

Фурманка паволі і амаль без шуму пакацілася па траве, але неўзабаве конь пачаў прыпадаць то на пярэднюю, то на заднюю нагу, якія часам правальваліся надта глыбока, і, каб выцягнуць іх, трэба было ўперціся астатнімі, і тады правальваліся тыя. I ён увесь час так і тузаўся, стараючыся ўзбіцца на цвярдзейшае, толькі цвярдзейшага тут, мабыць, заставалася ўсё менш. Клава таксама злезла з воза і ішла ззаду. Грыбаед, часта спыняючыся, вёў каня за аброць дакладна па Леўчуковых слядах. Але нарэшце настаў час, калі і Ляўчук спыніўся — пачыналася багна, купкі асакі; над балоцістым прасцягам паўзло нізкае клочча туману, між якога люстрана паблісквалі вокны стаячай вады.

— Ну во, уехалі! — выдыхнуў Грыбаед і аціх побач з канём, ад якога патыхала потам і парай, а конскія бакі хадзілі хадуном. Заднія яго ногі ўжо да каленяў асядалі ў багне.

— Нічога, нічога! Ану пачакай, хай конь адпачне. Ляўчук кінуў на воз ватоўку і, хапаючыся левай рукой за чэзлыя лазовыя кусцікі, смела палез у балота, беручы ўбок, крыху наўскос — так яшчэ можна было трымацца. Ён ужо не ашчаджаў ног, якія да каленяў былі мокрыя, у ботах хлюпала і чвякала, замінала параненая рука, і ён трымаў яе засунутай за пазуху. Ён здорава праваліўся — ледзь не да пояса, але неяк выкараскаўся пад кустоўе дробнага алешніку, тут, здаецца, стала цвярдзей, пад нагамі быў які-ніякі грунт. Трэба было памеркаваць, у якім напрамку падацца далей.

— Эй, давай сюды!

Фурманка запялёхкала, конь спуджана зачвякаў нагамі, адразу праваліўся па самае чэрава. Ляўчук азірнуўся, падумаў: вылезе. Але не. Конь тузаўся, біўся, а вылезці з багністай ямы не мог. Тады ён, чвякаючы ў гразі ботамі, вярнуўся і, пакуль Грыбаед за аброць тузаў каня, упёрся здаровым плячом у зад фурманкі, натужыўся, сам ужо намачыўся па грудзі, і фурманка неяк наперакос выпаўзла з багны. Ззаду моўчкі, падабраўшы над белымі каленямі спадніцу, вылазіла на сушэйшае Клава.

— Ой, госпадзі!

— Ось табе і госпадзі! — знарок зласліва папікнуў Ляўчук. — Закаляйся, спатрэбіцца.

Ён зноў рушыў наперад, але цяпер тут скрозь было мокра і дрыгвяніста, і ён доўга лез цераз дрыгву, змакрэлы па пояс, шукаючы здатны шлях далей. Аднак здатнага шляху ўжо не было, ён прайшоў наперад крокаў мо сто, а берага нідзе не знайшоў — усюды была дрыгва, асака, травяністае куп’ё і шырокія вокны твані, над якімі курэў туман. Тады ён вярнуўся да фурманкі і ўзяўся рукой за аглоблю.

— Ану, рушылі!

Грыбаед тузануў за аброць, конік даверліва ступіў раз і другі, высіліўся з усяе моцы, воз трохі скрануўся і стаў.

— Давай, давай!

Яны ўдвух не на жарт упрэгліся разам з канём, Ляўчук цягнуў за аглоблю, Грыбаед з другога боку за аброць і за гуж, конік біўся, тузаўся, усё глыбей патанаючы ў чорную гразь, якую ён каламуціў вакол нагамі. Але ён стараўся. Ён смела ішоў, здавалася, у самую прорву, куды яго ні вёў ездавы, звышконскім намаганнем цягнуў за сабой фурманку, якая ўжо па скрынку засядала ў дрыгве. Ужо ўсе былі ля яе па пояс у вадзе, ушчэнт перапэцканыя тванню, па твары і па спіне Леўчука ліўся пот. Ззаду, як магла, папіхала фурманку Клава.

Здаецца, яны да ранку пракараскаліся на гэтай бездані, а канца балоту ўсё не было. I тады наспеў час, калі яны ўсе спыніліся і змоўклі. Грузнучы ўсё глыбей, яны трымаліся за аглоблі і фурманку, а бедны іх конь выцягнуў наперад галаву, каб як дыхаць; здавалася, каб не воз ззаду, дык ён бы паплыў па гэтай багне. Толькі куды было плыць?

Паганы чарвячок вінаватасці і сумнення заварушыўся ў душы Леўчука, які пашкадаваў ужо, што сунуўся ў гэта балота. Можа, сапраўды, лепш было б ехаць на грэблю — авось і праскочылі б. А цяпер ні ўзад ні ўперад, хоць ты чакай світання. Ці кідай тут воз і нясі на сабе гэтага дэсантніка. Добра яшчэ, што не скардзілася Клава, трывала ўсё моўчкі і ў меру сваіх сіл неяк яшчэ папіхала фурманку.

— Во ўлезлі, дык улезлі!

— Я ж казаў, ага, — ахвотна падхапіў Грыбаед. — Улезлі, як дурні якія, як вылезем цяпер?

— Можа, з кіламетр праехалі, — азвалася ззаду Клава. — О божа, я ўжо не магу…

— Трэба назад, — сказаў ездавы. — А то і каня ўтопім, і гэтага. Дый самі. Тут ёсць вокны — ого! Па галаву — і яшчэ застанецца.

Ляўчук разгублена выціраў рукавом лоб і маўчаў. Ён сам не ведаў, што цяпер рабіць, куды падацца: назад ці ўперад. Ды і сілы ўжо амаль не заставалася ні ў каня, ні ў людзей, яны ўжо выматаліся як мае быць. Сапраўды, чым так выкладвацца, падумаў Ляўчук, лепш бы паспрабаваць паткнуцца на грэблю.

— Чакайце! — крыху аддыхаўшыся, сказаў ён. — Я пагляджу.

Ён зноў палез у багну, стараючыся як мага менш пялёскаць у ёй, і ў адным месцы так шугануў, мабыць, у акно, што ледзьве не схаваўся ў ім з галавой. Неяк усё ж выкараскаўся на купіну, але і купіна дрэнна трымала яго, усё ніжэй асядаючы пад ваду — на такой купіне не доўга ўседзіш. Тады ён рэзка павярнуў убок, як здавалася яму, не ўпоперак, а ўздоўж балота, бо ўжо думалася не пра тое, як хутчэй адолець яго, а хоць бы не ўтапіць каня і не ўтапіцца самому. Сапраўды, тут, мабыць, была самая глыбіня, вадзяныя прагаліны сталі шырэйшыя, менш стала травы, а кустоўе лазы і алешніку зусім знікла. Тут ужо ў самы раз была б лодка, а не конь з возам, і Ляўчук каторы ўжо раз вылаяў сябе за неасцярогу.

1 ... 103 104 105 106 107 108 109 110 111 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)