Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе

Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды — XXI стагодзьдзе» выйшла кніга «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Пад адной вокладкай сабраныя матэрыялы, якія больш чым паўтара дзесяцігодзьдзя гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 189
Перейти на страницу:

У часе сёньняшняга круглага стала «Інтэлектуалы: спакусы маўчаньня», на якім старшынявала Сьвятлана Алексіевіч, беларуская творчая эліта імкнулася зразумець, чаму раней ва ўмовах татальнай несвабоды мастакі, хай на эзопавай мове, давалі шчырыя адказы на пытаньні, хто яны і дзе яны. Сёньня, як распавялі ўдзельнікі круглага стала дый сама пісьменьніца, адчуваецца настальгія па такіх людзях.

Алексіевіч: «Я думаю, што адзіная магчымасьць зараз стварыць нейкую сытуацыю палітычную, інтэлектуальную — гэта ня мітынг. Мітынг з асобнага чалавека робіць масу. А мы ўжо маем такі цэмэнтны маналіт. Я думаю, што менавіта тыя каштоўнасьці прыватнага жыцьця, да якіх прыйшоў Захад, ёсьць этапы нашага руху».

Як лічаць удзельнікі сёньняшняга круглага стала, новыя каштоўнасьці, ідэі ў грамадзтве могуць узьнікнуць толькі тады, калі людзі насамрэч грунтоўна асэнсуюць сэнс такіх будзённых сёньня словаў, як «дэмакратыя», «гісторыя», «культура», «нацыя».

«Сьвет сёньня нагэтулькі нечаканы, што прагназаваць яго немагчыма»

31 сьнежня 2002

Юры Дракахруст, Прага

У перадачы «Праскі акцэнт» вынікі году абмяркоўваюць пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, галоўны рэдактар часопісу ARCHE Валерка Булгакаў і дырэктар Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

Дракахруст: Напад на Амэрыку 11 верасьня летась зьмяніў сьвет. За некалькі дзён да гэта адбылася падзея, якая мела ня менш важнае значэньне для Беларусі — 9 верасьня летась пачаўся другі прэзыдэнцкі тэрмін Аляксандра Лукашэнкі. У гэтых падзеях-сымбалях, як у своеасаблівым кодзе ДНК, было зашыфраванае далейшае разьвіцьцё, аддаленыя, у тым ліку і зусім непалітычныя, наступствы. Як сёлета раскрываліся сэнсы, закладзеныя ў гэтых падзеях? Спадарыня Алексіевіч, Вам слова.

Алексіевіч: Сапраўды, 11 верасьня, а яшчэ раней Чарнобыль, сталі межамі, знакамі іншага сьвету, у якім мы апынуліся. Мы арыентуемся яшчэ па ранейшых арыенцірах, а гэта ўжо зусім іншы сьвет. Зло зьявілася пад новымі маскамі, у новым адзеньні, да чаго мы аказаліся зусім не гатовыя. Тое, як мы паводзілі сябе пасьля Чарнобылю, як сьвет паводзіць сябе пасьля 11 верасьня, сьведчыць пра тое, што мы засталіся ў коле ранейшых уяўленьняў і каштоўнасьцяў. А гэта зусім іншы сьвет, які, пэўна ж, пагражае нам новымі катастрофамі. Гэтае зло ня толькі далейшае за нашы веды, але і далейшае за нашу фантазію.

На гэтым тле тое, што адбываецца ў нашай маленькай Беларусі, зь цяжкасьцю ўпісваецца ў новы кантэкст. Як ні сумна нам гэта канстатаваць, мы сталі нацыяй, якая спазьнілася. Мы ўсё яшчэ сутыкаемся са старымі праблемамі таталітарызму, таталітарызму не тэхнагеннага, які пагражае сьвету, а зусім прымітыўнага, правінцыйнага, які паралізуе інтэлектуальную сілу нацыі і масаваю сьвядомасьць. Гэта — непасільны цяжар для нашага народу.

Дракахруст: Спадар Лукашук, на Ваш погляд, як на працягу сёлетняга году разварочваліся тыя знакі, якія зьявіліся ў жыцьці сьвету і Беларусі летась? Я маю на ўвазе 11 верасьня і 9 верасьня 2001 году.

Лукашук: «Я думаю, што пераабраньне Аляксандра Лукашэнкі на другі тэрмін нічога не зьмяніла для Беларусі. Можна было чакаць, што ён будзе трымацца за ўладу, дамагацца яе легальнымі і нелегальнымі спосабамі і, нарэшце, утрымае яе. А вось тое, што адбылося ў Амэрыцы, істотна паўплывала на сьвет. Пасьля выпрабаваньня 11 верасьня Амэрыка выразна выявілася адзінай звышдзяржаваю. Гэта паказала і адхіленьне ад улады рэжыму талібаў, і адбудова новага Афганістану, і паводзіны Амэрыкі ў дачыненьні да Іраку. Цяпер не чакаюць, пакуль, як кажуць, гром грымне, а пачынаюць прымаць папераджальныя меры. І вось гэта мае непасрэднае значэньне для Беларусі. Сёлета я ўдзельнічаў у канфэрэнцыі ў Вашынгтоне «Беларусь: прапушчанае зьвяно ў «ланцугу зла»», на якой выступаў сэнатар Джон МакКэйн . Ён сказаў: «Упершыню за ўсю сучасную гісторыю існаваньня Беларусі ў якасьці сувэрэннай дзяржавы дзеяньні злачыннага ўраду гэтай краіны пагражаюць бясьпецы ЗША. Урад Лукашэнкі паставіў сучасныя супрацьпаветраныя ўзбраеньні краіне, зь якой ЗША, хутчэй за ўсё, давядзецца весьці вайну. І гэтыя ўзбраеньні могуць і будуць выкарыстоўвацца Іракам для зьнішчэньня амэрыканскіх пілётаў. У дадзеным выпадку справядліва сказаць, што сябра нашага ворага — наш вораг.

Дракахруст: Сёлетні год стаў годам далейшага аб’яднаньня Эўропы, саміты НАТО ў Празе і Эўразьвязу ў Капэнгагене сталі адметнымі вехамі на гэтым шляху. А што Беларусь? Ці стала яна бліжэйшай да Эўропы? Ці гэты «нябачны мур» падняўся ня толькі на Бугу, але і ў душах людзей, абазначаючы тую самую мяжу цывілізацыяў, пра якую пісаў Гантынгтан, а яшчэ раней Кіплінг — «Захад ёсьць Захад, Усход ёсьць Усход, і разам ім не сыйсьціся»? Сп. Лукашук, як Вы мяркуеце?

1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 189
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)