Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Лісце каштанаў». Краткое содержание книги:

Аўтабіяграфічная аповесць самага знакавага і сімвалічнага беларускага празаіка, Уладзіміра Караткевіча. Дадзены твор — гэта гісторыя жыцця падлеткаў падчас Вялікай Айчыннай Вайны. Гісторыя кахання, нянавісці і змагання за сябе і за сваіх таварышаў. Аповесць рэкамендуецца да чытання падлеткам, асабліва тым з іх, хто расчараваўся ў сяброўстве, справядлівасці і высокіх чалавечых ідэалах.
Разгар лета 1944 года. У вызвалены, разбураны Кіеў прыязджае 14-гадовы беларускі хлапчук Васілька са сваім дзядзькам і іншымі родзічамі. Хлопец перажыў многія цяжкасці і небяспекі вайны, але гэтым летам ён прадстаўлены сам сабе, і ў яго з'яўляецца непаўторная раней ці пазней свабода! У панішчаным, галодным горадзе амаль няма дзяцей і падлеткаў. Аднак у хуткім часе ён знаёміцца з кампаніяй аднагодкаў з яго раёну: Раланд, «атаман гвардыі», Багдан, Яўген і вёрткая, назойлівая Нонка, непажаданы, але нязменны хвост мужчынскай кампаніі.
1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 34
Перейти на страницу:

- Смерць!

I ён рэзка штурхнуў дзяўчынку прыкладам «карабіна» між худзенькіх лапатак. Тая ўсё яшчэ трымала ў руцэ хлеб, і ад штуршка хлеб гэты выпаў. Упаў на зямлю. Па закону паскудстваў прыроды, ясна ж, маргарынам уніз.

I тут дзяўчо заплакала. Бязгучна. Толькі трэсліся худзенькія лапаткі. А я глядзеў на гэта і не разумеў, што я ўжо стаю на поўны рост.

- Не чапай, - шапянуў Жэнька.- Пасля. Іх замнога.

- Нічога не замнога,- кінуў Ролік.- Ты што ж, кожны раз вось так будзеш?

Мы скочылі з даху дрывотні. Затрашчаў пад нашымі нагамі бур'ян. Мы бачылі, што ў іх «карабіны», якія хаця і не страляюць, але б'юць някепска... па галаве, але мы не зважалі на гэта.

Вярталася пагоня - нам і на гэта было напляваць. Уся нянавісць, якую мы гадамі запасілі і таілі ў сэрцы - уся яна нібы адразу выплюхнулася ў прыпадку шалёнага гневу супраць гэтых... што гуляюць у гульні, якіх не павінен дазваляць сабе нават дзесяцігадовы мужчына, калі ён прадчувае ў сабе чалавека. Ужо не кажучы пра пятнаццацігадовых.

Мы былі здатныя на ўсё, і яны, відаць, зразумелі гэта. Калі вораг здатны на ўсё - аж да зубоў, - мужнасць можа падупасці нават у самага загартаванага. Што ўжо казаць пра гэтых?!

Толькі непакой і няўпэўненасць у іхніх вачах крыху ўраўнавалі нашы сілы: чатырох супраць сямёх (бялявы хлопец па-ранейшаму стаяў убаку).

Мы ўдзерліся ў іхні «строй» зусім бяспамятныя, ашалелыя ад ярасці. Амаль адразу я атрымаў касы ўдар карабінам па галаве. Усё паплыло ў маіх вачах, але я паспеў выдраць гэтую «зброю» з рук праціўніка і аперазаць яго па спіне. Пасля - другога, пасля - зноў першага, які на гэты раз зваліўся. Праз чырвоны туман, што засцілаў вочы, я ўбачыў, як Ролік б'ецца з трыма, кінуўся яму на дапамогу, зваліў цераз калена аднаго з ворагаў, навесіў другому. Не ведаю, як іншыя, але я не адчуваў удараў, якія падалі на мяне. Я ператварыўся ў машыыу, якая малоціць.

I ўсё ж нам давялося б дрэнна. Я ўбачыў, што Жэнька ўжо ляжыць, трымаючыся за нос, што Ролік, на якога зноў населі тры ворагі, знемагае, што Гнат ірвецца да яго, махаючы доўбняй карабіна.

Нам давялося б дрэнна, каб не раптоўная дапамога. Бялявы раптам устаў, крэкнуў і, плюнуўшы ў далонь, кінуўся ў самую гушчу бойкі.

Прарваўся да Гната, захапіў ззаду ў лакцявы сугіб ягоную шыю, ірвануў назад, выдзер з рук карабін. У наступны момант - мы ахнуць не паспелі - бялявы ўпаў на спіну, а Гнат узляцеў, перакуліўся ў паветры і цяжка, як мех, гэкнуўся аб зямлю. Але яшчэ раней чым ён упаў, нечаканы саюзнік быў на нагах і рассыпаў удары так, што за ім цяжка было сачыць. Не ведаю як хто, але я ажыў душой. Думаю, што і астатнія таксама. Таму што праз пару хвілін мы ўжо, цюгакаючы, гналі ворага праз бур'ян і хмызы, душачы ў зародышы ўсе спробы супраціўлення.

Бялявы бег за Гнатам і часам паддаваў яму хуткасці спрытным, усёй падэшвай, выспяткам у мяккае месца.

- Цю-га! Цю-га!

- Расстрэл, бачыце? Дзяўчат, бачыце? На табе!

Поле бою засталося за намі. Вораг спыніўся здалёк, на ўзгорку, і адтуль сыпаў бяссілымі пагрозамі, нібы дзяўкаў. Мы вярнуліся на пляцоўку двара. Стаялі і разглядалі бялявага. Вельмі насцярожана. Дый ён, па ўсім відаць, нічога добрага не чакаў. Законы вулічнай варожасці былі несумесныя са здаровым сэнсам.

Агрэсіўны Багдан нават узняў руку, намерваючыся «прыварыць», але бялявы перахапіў яе і сціснуў запясце:

- Н-ну.

- Кінь яго, - сказаў Ролік. - Ты з Падвальнай?

- Угу.

Зноў нядобрая дуэль вачэй. Неасцярожнае слова і...

Лізка падышла да незнаёмага і стала побач з ім. Яна ўжо не плакала, а толькі перарывіста ўздыхала. Як дзеці пасля слёз. I, дзіўна, гэты яе ўчынак і ўспамін пра бутэрброд з маргарынам нібы прыглушылі варожасць.

- То чаго тады за іх біцца не стаў? - спытаў я.

- Абрыдла. Гуляць мне з імі не выпадае. Як з маленькімі. Ну і гульні іхнія. Крыві не бачылі... I Лізку пакрыўдзілі... Не плач, ну, не плач, дурнічка.

- А яшчэ?

- А яшчэ па-нямецку брыду розную гавораць. Каб жа хаця ўмелі.

- Цябе зваць як? - спытаў Ролік.

- Карл Канецкі.

- Карло? - на ўкраінскі манер спытаў Раланд.

- Кaраль? - спытаў я.

- Не, Карл. Маці звала Карлхен.

- Ты што?

- Ну, - сцвярджальна сказаў Карл. - А чаму ж я супраць брыды па-нямецку? Я - немец.

Мяне - і, думаю, не толькі мяне - аж скаланула. Першы знайшоўся Ролік:

- Ф'ю-у. Брэшаш. Адкуль прозвішча такое, Канецкі? Немец мне, таксама яшчэ. Фарсіш? Непадобным быць хочаш?

- Гэтая непадобнасць можа задорага абысціся, каб ёю фарсіць. А прозвішча... ёсць і ў немцаў такія прозвішчы: Канецкі, Ранцоў, Бюлоў. Немец. Так.

Навісла цяжкае маўчанне. I тут Ролік зрабіў тое, на што, прынамсі на вачах у старонніх, наўрад ці наважыўся б нехта з нас. Ён зрабіў крок наперад і працягнуў руку.

1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 34
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)