Лісце каштанаў
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Лісце каштанаў». Краткое содержание книги:
Разгар лета 1944 года. У вызвалены, разбураны Кіеў прыязджае 14-гадовы беларускі хлапчук Васілька са сваім дзядзькам і іншымі родзічамі. Хлопец перажыў многія цяжкасці і небяспекі вайны, але гэтым летам ён прадстаўлены сам сабе, і ў яго з'яўляецца непаўторная раней ці пазней свабода! У панішчаным, галодным горадзе амаль няма дзяцей і падлеткаў. Аднак у хуткім часе ён знаёміцца з кампаніяй аднагодкаў з яго раёну: Раланд, «атаман гвардыі», Багдан, Яўген і вёрткая, назойлівая Нонка, непажаданы, але нязменны хвост мужчынскай кампаніі.
IV
Мы прабіраліся «ў разведку». Ішлі па дахах, спускаліся пажарнымі лесвіцамі ў вузкія цясніны між глухіх муроў, караскаліся на змарнелыя без сонца каштаны і скакалі з іхніх галін на нейкія дрывотні і пунькі. Краліся вельмі асцярожна, бо гэта ўжо была дзяржава хлопцаў з Падвальнай.
Перад апошняй перабежкай селі крыху адпачыць між кастрамі нейкіх дроў.
- То нашто ўсё ж іх біць? - спытаў я. - Можа, лепей бы з сабою ўзяць?
Хлопцы пераглянуліся. Багдан нават гыгыкнуў.
- Фашысты, - неахвотна сказаў Ролік.
- Ды вы што, хлопцы, падурнелі?
- А вось хадзем, паглядзіш.
Некалькі разоў у жыцці мне даводзілася бачыць расстрэлы. Калі быў сувязным. Розныя, яны былі ў нечым страшэнна падобныя. Я нават ведаў, чым: пачуццём страшнай безнадзейнасці, адчуваннем уласнага бяссілля, калі нянавісць, здаецца, вось-вось задушыць цябе. Крывёю, якой захлынаюцца тыя, моташнасцю і нудотай, якія горка і ядуча падступаюць да тваёй глоткі.
...Вось пад Дубішчам людзі стаяць на самым краі каркаломнага ўрвішча над Дняпром. Зараз грымнуць стрэлы, і нават толькі параненыя будуць шмат разоў грукацца аб выступы стромы і ўпадуць на жвір унізе ўжо мёртвыя.
А вось барак дарожных рабочых-яўрэяў. Нехта зрабіў дыверсію ў пяці кіламетрах адсюль. I, зрываючы злосць, урываюцца на пляцоўку перад баракам матацыклы, і б'е, б'е кулямёт, і людзі падаюць, падаюць...
А вось шэры двор. Тры глухія муры ў выглядзе літары «П», У іх адны дзверы і пара забраных кратамі акон у сутарэнне. Ля дзвярэй пажарная лесвіца. 3 чацвёртага боку двара - узгорак, зарослы акацыяй, глогам і бур'яном.
Такі сабе змрочны, моцна затравелы двор. Толькі каля аднаго мура невялікі кавалак асфальту з канаўкай (відаць, зрабілі калісьці, каб вада з даўно неіснуючай рыны не плыла ў падвальныя вокны). I на гэтым лапіку стаіць чалавек, дзяўчынка-падлетак. А ў некалькіх кроках ад яе - чацвёра невысокіх чалавекаў са стрэльбамі ў руках.
- Імем закона, - далятаюць да мяне словы, - прысуджаецца... за злачынныя...
У мяне пачынаюць гарэць шчокі. У вочы нібы пяску нехта насыпаў. Я столькі разоў бачыў такое, стоячы ў натоўпе, які сагналі на месца страты, або, калі спазніўся, седзячы ў кустах, без сілы, а галоўнае без права дапамагчы.
Тая, каго расстрэльваюць, дастае нешта з кішэнькі дарослай кофты і пачынае есці.
- Хопіць табе жэрці, швайн, - крычыць бялявы - галава канвою.
- Я хлеб з маргарынам, - адказвае з-пад мура галасок.
- А, ферфлюхунг! Ферфлюхтэ ўкраінішэ швайнэ! Да мура!
Дзяўчо пакорліва паварочваецца абліччам да мура. Канвой бярэ карабіны на руку і падраўноўвае штыхі. Усё як трэба. Усё, як належыць рабіць такое ў жыцці.
- Аддзяленне-е!..
Кулакі мае сціскаюцца... Я ўжо не магу, не магу яшчэ раз бачыць гэта...
...I тут на маё плячо кладзецца рука.
- Бачыў? - пытае Ролік. - Вось гэта ў іх заўсёды падобныя гульні. На свае вочы, відаць, такога не бачылі. Каб у жыцці. Смажаны певень іх яшчэ ў азадак не дзюбнуў... М-мамчы-ны сынкі.
«Начальнік канвою» не паспеў апусціць руку. Праз зарасці, праз бур'ян з крыкам «ур-ра-а!» пасыпалі на месца пакарання падлеткі. Чалавек восем. Наперадзе бег гнуткі невысокі хлопец. з шалёнымі вачамі і рудаватым чубам.
- Гнат, - з нянавісцю сказаў Жэнька, - дрэнь паскудная! Гніляк!
- Каб жа яшчэ толькі дрэнь, - сказаў Ролік. - Шкодная дрэнь. Дрэнь, якую хлебам не кармі, а дай іншага ў паняверцы патрымаць.
На пляцоўцы двара кіпела бойка. Мы ляжалі на даху дрывотні і назіралі. Біліся і тыя, і іншыя някепска, але неяк занадта ўжо... ну, па правілах, ці што. Занадта па-гарадскому. Хай сабе б'юцца.
Не біўся толькі адзін дужа высокі хлапчына. Белы бландзін з правільнымі, крыху, можа, занадта суровымі рысамі аблічча. Як убачыў, што робіцца ў двары - так і адышоў, сеў на нейкую скрынку, глядзеў.
Урэшце супраціўленне «карнікаў» было зломлена, і яны кінуліся ўцякаць. Два «інсургенты» кінуліся за імі ў пагоню. На пляцоўцы засталіся Гнат, чацвёра яго ваякаў, бялявы хлопец і дзяўчынка.
Расхрыстаны Гнат, відаць, ашалеў ад бойкі. Вочы блішчалі, твар быў узнёсла-радасны, трохі шалёны:
- Мы цябе адбілі, Лізка. Але не думай, што дзеля тваіх гожых вачэй. Па дадзеных нашай разведкі ты пайшла на чорную здраду, выдала нашы планы і намеры ворагу. Мы адбілі цябе, каб судзіць нашым судом, нашым трыбуналам. Смерць здраднікам.
Ён, відаць, яшчэ не астыў пасля бойкі; шал усё яшчэ жыў у яго вачах. Дзе там было нешта меркаваць, узважваць, стрымлівацца.