Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Лісце каштанаў». Краткое содержание книги:

Аўтабіяграфічная аповесць самага знакавага і сімвалічнага беларускага празаіка, Уладзіміра Караткевіча. Дадзены твор — гэта гісторыя жыцця падлеткаў падчас Вялікай Айчыннай Вайны. Гісторыя кахання, нянавісці і змагання за сябе і за сваіх таварышаў. Аповесць рэкамендуецца да чытання падлеткам, асабліва тым з іх, хто расчараваўся ў сяброўстве, справядлівасці і высокіх чалавечых ідэалах.
Разгар лета 1944 года. У вызвалены, разбураны Кіеў прыязджае 14-гадовы беларускі хлапчук Васілька са сваім дзядзькам і іншымі родзічамі. Хлопец перажыў многія цяжкасці і небяспекі вайны, але гэтым летам ён прадстаўлены сам сабе, і ў яго з'яўляецца непаўторная раней ці пазней свабода! У панішчаным, галодным горадзе амаль няма дзяцей і падлеткаў. Аднак у хуткім часе ён знаёміцца з кампаніяй аднагодкаў з яго раёну: Раланд, «атаман гвардыі», Багдан, Яўген і вёрткая, назойлівая Нонка, непажаданы, але нязменны хвост мужчынскай кампаніі.
1 ... 11 12 13 14 15 16 17 18 19 ... 34
Перейти на страницу:

- Бачылі? - спытаў Ролік.

Бледны як палатніна Карл здзёр са сценкі абодва аркушы. Скамячыў.

- Ну, гадаўё. Я ім «нямецка-фашысцкую морду» пакажу. Бач ты, што яны нам рыхтавалі. Сутаргава зглынуў нешта:

- Я, хлопцы, раней і не хацеў. Што, думаю, - дзіцячыя гульні! Недагулялі дзецьмі, то... Але думаў: несур'ёзная гэта справа. Кожны з нас пекла прайшоў. Але цяпер буду біць іх. Усур'ёз. Таму што дай такой свалоце волю... Гэта ж капо растуць, паліцаі пры зручным выпадку, дзярмо.

- То што? - спытаў Жэнька. - Развалім проста? Разбурым?

- Э, не, - падумаўшы, сказаў Ролік. - Цяпер, пасля такога, гэтага ўжо мала. Тут выбух патрэбен або хаця падабенства. Трэба ім феерверк учыніць. Навум, Карл - за мной. Да паваленага плота. Трэба трэскі, дошкі, пара бярвенняў. Васілько, лезь наверх і прабі пару дзірак.

- Дзеля чаго?

- Дзеля цягі.

Я палез наверх і пачаў лупасіць ломам, выварочваць камяні, выграбаваць рыдлёўкай зямлю і жвір. Я працаваў і чуў, як хлопцы, сапучы, валакуць праз дзядоўнік, дурман і беляну бярвенні ад старога, чорт ведае колькі год назад паваленага плота. Лом ужо чатыры разы правальваўся ў пустату, і ўрэшце я вырашыў, што досыць.

Пасля мы насыпалі на падлогу пячоры трэсак, а на іх паклалі штабелем дошчачкі. Раланд развязаў хатулёк і высыпаў з яго дзесяткі тры цыліндрыкаў з тэрмітам (у нас асаблівым шыкам лічылася чыркаць запалкай менавіта аб тэрміт вось у такім бліскучым бардова-карычневым цыліндрыку, а не аб пачак).

- Каб гарэла зырчэй, - растлумачыў ён.

Паўзверх дошак мы нацягалі бярвенцаў.

- Патроны возьмем? - спытаў Навум.

- Патроны самі знойдзем, - адказаў Ролік.

- Правільна, - сказаў праз зубы Карл, - яшчэ рукі іхняй зброяй, поскуддзю гэткай, пэцкаць.

Мы клалі бярвенцы і на кожны новы іхні слой рассыпалі па некалькі жменяў пораху і патронаў.

- Слухайце, - сказаў Навум, калі скрынкі былі амаль апарожненыя, - тут яшчэ дзесяць... пятнаццаць... дваццаць чатыры ракеты.

- Валачы іх сюды, - сказаў Ролік.

Праз дзіркі, што прабіў я, мы засунулі ў штаб-пячору яшчэ некалькі пацурбалкаў і паленняў і туга ўвапхнулі між іх ракеты. Старчма. Капсулямі ўніз.

Пасля спусціліся да лазу, пхнулі ў яго паперы, паклалі на яе, разламіўшы, цыліндрыкі, буры тэрміт.

- Падпальваць, ці што? - спытаў Навум.

- Э, не, - сказаў Ролік і дастаў з кішэні мятровы кавалак шнура, - без бікфорда - гэта, хлопцы, будзе непарадак. Трэба з бікфордам. Каб усё, як у сур'ёзных людзей.

- Ну, а калі яны тут пасля ачысцяць? - спытаў я.

- Эге, палезуць яны на пузе, калі тут вуголле ды куродым будуць. Ручкі пашкадуюць. I потым невядома яшчэ, што з гэтага нашага пірага з начынкай будзе.

Ён адрэзаў кавалачак шнура даўжынёю сантыметраў у пяць і прысмаліў. Некаторы час здавалася, што шнур не гарыць, але потым з канца вырваўся накіраваны, нібы ў паяльнай лямпе, прагны язычок полымя.

- Парадак. Прыдатны.

Канец шнура падсунулі да тэрміту, абклалі ўсё гэта паперай і порахам, вывелі другі канец вонкі, і Ролік запаліў запалку.

- Ну, з богам.

Мы адышлі ў цёмны кут паміж трыма «шанхаямі», узлезлі на дах пуні і сталі чакаць. Спачатку нам здалося, што ўсё дарэмна, што тэрміт і папера не загарэліся, але вось з верхніх дзірак спачатку тонкімі струменьчыкамі, а пасля ўсё мацней, таўсцей паваліў белы нават у цемры дым.

- Пайшло, - са здавальненнем сказаў Ролік, - зараз як пачне пластаць.

«Пластаць», сапраўды, пачало. 3 бліжняй дзіркі вырваўся раптам слуп полымя, і ў тую ж хвіліну глуха ляснуў стрэл. За ім другі, трэці. А потым над узгоркам з шыпеннем узляцела невысокая ракета, заліўшы фасфарычным святлом узгорак, двор, дамы, зеленаватыя твары людзей у адчыненых вокнах.

- Нічога, хлопчыкі, нічога, - кідаў Ролік, - вось ім, вось.

Страляніна ўсё мацнела. На гэты раз стралялі пачкамі. 3 аддушын раўло і клубамі несла іскры. Мы заўважылі, што ля муроў з'явіліся людзі. Падыходзіць баяліся, але стаялі і глядзелі. Толькі некалькі чалавек насмеліліся падысці бліжэй. Я заўважыў чалавека ў белай сподняй сарочцы, расхрыстанай на грудзях. Трымаючы ў руцэ сякеру, ён стаяў і непаразумела глядзеў на агонь, на іскры, на ракеты, што часцей і часцей уздымаліся над узгоркам.

Непадалёк ад нас адчынілася адно акно, другое.

- Што такое? - спытаў старэчы голас.

- А чорт яго ведае, - адказаў бас. - Бандзюгі нейкія, пэўна. Мо не падзялілі чаго?

- А ракеты?

- Ну, можа, фуліганнё... Страляніна. Можа, боепрыпасы нейкія ахнулі.

- Не кажыце. Развялося - хоць ты не ведаю што рабі. Чуткі ходзяць: з'явіліся нейкія «малаточкі», цюкаюць людзей малаточкамі па галаве. У мяне суседка... Ведаеце, пажылая... То ёй трэба было сярод ночы на вакзал ісці, сустракаць кагосьці. Гляджу, надзяе на галаву алюмініевую міску і зверху хустку завязвае. «Чаго гэта вы, Двося Аронаўна?» - «А малаточкі?» Гэта яна, значыцца, накшталт шлема прыдумала. Калі і цюкнуць, то не да смерці.

1 ... 11 12 13 14 15 16 17 18 19 ... 34
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)