Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Лісце каштанаў». Краткое содержание книги:

Аўтабіяграфічная аповесць самага знакавага і сімвалічнага беларускага празаіка, Уладзіміра Караткевіча. Дадзены твор — гэта гісторыя жыцця падлеткаў падчас Вялікай Айчыннай Вайны. Гісторыя кахання, нянавісці і змагання за сябе і за сваіх таварышаў. Аповесць рэкамендуецца да чытання падлеткам, асабліва тым з іх, хто расчараваўся ў сяброўстве, справядлівасці і высокіх чалавечых ідэалах.
Разгар лета 1944 года. У вызвалены, разбураны Кіеў прыязджае 14-гадовы беларускі хлапчук Васілька са сваім дзядзькам і іншымі родзічамі. Хлопец перажыў многія цяжкасці і небяспекі вайны, але гэтым летам ён прадстаўлены сам сабе, і ў яго з'яўляецца непаўторная раней ці пазней свабода! У панішчаным, галодным горадзе амаль няма дзяцей і падлеткаў. Аднак у хуткім часе ён знаёміцца з кампаніяй аднагодкаў з яго раёну: Раланд, «атаман гвардыі», Багдан, Яўген і вёрткая, назойлівая Нонка, непажаданы, але нязменны хвост мужчынскай кампаніі.
1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 34
Перейти на страницу:

Мы мінулі кінатэатр «Паўлін» (гэта мы яго так назвалі) з яго вясёлкавай мазаікай і паныла папляліся алеямі. Ролік убачыў, што войска ягонае павесіла нос і мае страшэнную патрэбу ў нечым такім, што ўзбадзёрыла б яго. Віна мы тады не пілі, а нават каб і прыйшла нам у галаву такая фантазія, яна б ніколі не стала рэальнасцю з-за адсутнасці грошай. Патрэбен быў жарт.

Наводдаль сядзеў на лаўцы нейкі афіцэр. Ролік пачухаў патыліцу:

- Вось, што хлопцы. Выпрабуем, якія нервы ў гэтых... дарослых? А то ваяваць мы для іх маленькія, помсціць - маленькія, подзвігі рабіць - маленькія. Вялікія мы толькі, калі двойкі хапаем ці насваволім. Вялікія мы толькі цэглу на суботніках цягаць. То што, зробім?

- Як? - спытаў Багдан.

- А вось так. Як толькі мы падыходзім да лаўкі - вы па майму сігналу строга ў адну секунду выкрыкваеце кожны адно слова. Ты, Багдане, «ачы», ты, Жэнька, «пічы»... Э-э, хлопцы, стоп! Аднаго чалавека не хапае.

- Ды, можа, і без аднаго? - спытаў я.

- Не, брат, эфект не той будзе, - Ролік насуплена ўзважваў нешта і раптам крыкнуў Нонцы. - Гэй, хадзі сюды! Ну, хадзі, каму я кажу? Не бойся, дзерці не будзем. Ну, я табе кажу - не будзем. Слова! - I, нібы просячы прабачэння, ціха сказаў: - Усё адно ж не адвяжацца, чума гэткая. Хай ужо ідзе побач, дідько лысы з ёю. .

Нонка падышла.

- То вось. Тады зробім перастаноўку. Ты, Жэнька, кажы «ачы». Я кажу «пічы». Ты, Нонка, «спічкі», ты, Васілько, «яшчыкі». А Багдан як самы басавіты хай крычыць «хр-рашч».

- А што будзе? - спытала Нонка.

- Усё гэта сальецца ў адно. А ў што - самі пабачыце. Мы параўняліся з лаўкай. Ваенны, лейтэнант, сядзеў і чытаў газету.

- Раз. Два. Тры!

I тут здарылася дзіўнае. Як удар перуна, над паловай саду грымнула жудаснае, нібы гэта зрабіў Гарганцюа:

- Апы-чы-і-хр-і-ашч!!!

Смачны чох, ад якога як не разрываюцца барабанныя перапонкі і ў таго, хто чхае, і ў тых, хто побач. Толькі чох пасілены ў тысячу разоў.

Ваенны здрыгануўся, і тады Ролік пакланіўся і высокім урачыстым голасам, з халаднаватай перабольшанай ветлівасцю сказаў:

- Будзьце здаровы.

Мы гатовыя былі задаць лататы, але нечакана для нас ваенны зарагатаў. У яго з вачэй цяклі слёзы, і ён толькі паўтараў:

- Ну, архараўцы, ну, залатая рота, ну, хуліганнё.

Нельга не зарагатаць самім у адказ на такі смех.

...Калі адсмяяліся, Жэнька, насмеліўшыся, сказаў:

- Таварыш лейтэнант, пакажыце наган.

Лейтэнант здалёк паказаў.

- Гэта і не наган зусім, а «вальтэр», - сказаў Раланд. - Няўдача - ты і ёсць няўдача, цюця - ты і ёсць цюця. Лопух.

- Правільна, - сказаў лейтэнант. - «Вальтэр». Трафейны. Мы паселі вакол яго на траве.

- Слухайце, таварыш лейтэнант, - сказаў Ролік, - вось мы тут спрачаліся, ці патрэбныя на фронце рукі? Якія страляць умеюць?

- Яшчэ як.

- То чаму тады...

- Ясна. Чаму маці-Радзіма грэбуе такімі магутнымі рукамі, як вашы? А таму, што і без вас рук хопіць.

- Я ў партызанах быў у сорак першым, - сказаў я. - Тады, значыць, не хапала, а зараз...

- Тады нявыкрутка была. Проста трапіў ты ў такое становішча. А цяпер нашто ж?

Руіны ляжалі пад намі. Як вока сягае, мёртвы лес руін.

- Мы шмат хто яшчэ памром, - раптам сказаў лейтэнант. - Калі, скажам, і вам аж да нямогі таго самага хочацца - хто ж тады гэтую праказу, лішаі гэтыя з зямлі саскрабе, хто яе прыкрасіць? I потым, вы думаеце, мы іх пад корань звядзём? Будзем старацца, але нешта не дужа верыцца. Так што хто будзе сачыць, каб у гэтага рака метастазаў не было... Дурні вы, дурні. Мы самае важлівае аддаём вам, а ў вас вочы, як у бычкоў крывёю наліліся і...

Ролік махнуў рукой.

- А-а, зноў тая песня. А нам толькі б да іх дарвацца...

- Ну, і чаго ж бы гэта ты так хацеў дарвацца?

- У кожнага з нас тут свае прычыны. У мяне бандыты брата павесілі, але тут... Ну, пра сябе не буду... Унь няхай скажа... ну хаця Васілько.

- У мяне гэтых прычын сотня, - буркнуў я. - Ну, я таксама толькі адну скажу. Братаву маю немцы ў лесе спаймалі з вядром солі. Ясна, куды соль. Лупілі тыдзень. Не спіна, а... А яна ціхая была, стрэлаў баялася, кіно з пацалункамі гэтымі саплівымі любіла. Аж плача, бывала. Але тут ані слова... Цётцы спатканне дазволілі. I даведалася яна, што ніхто іх, вязняў, не лячыў, а братаву лячылі. Спіна - адна рана. I ў ране гэтай чэрві завяліся. То гэтыя «дзеля дэзінфекцыі» ёй спіну соллю пасыпалі, той, што яна ў лес несла... На наступнае спатканне цётка прынесла ёй сарочку, а тыя кажуць: «Сваячкі вашай няма, вывезлі...» Ведаем мы, куды яе вывезлі.

1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 34
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)