Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
1 ... 105 106 107 108 109 110 111 112 113 ... 162
Перейти на страницу:

Неўзабаве, аднак, ворагі заўважылі іх, і першая кулямётная чарга пырснула жарствой з бетоннай сцяны, абцярушыла парэпаную кару вязаў. Трэба было бегчы далей, да плошчы і кірхі, уссеўшы на ворага, не злазіць з яго карка, не даць яму апамятацца, але іх было мала. Сержант паглядзеў у бакі — болей пакуль ніхто не прабраўся да гэтага парку: чортавы панадворкі і загарадзі сваімі лабірынтамі трымалі людзей.

Кулямёты смалілі па сцяне, па шыферным даху гаража. Байцы распласталіся на драбнюткай далікатнай веснавой траўцы і тыркалі кароткімі аўтаматнымі чэргамі. Натужны выпусціў з паўдыска і сціх — страляць не было куды, немцы пахаваліся ўжо ля кірхі, а іх агонь з кожнай хвілінай гусцеў.

Ахметаў, лежачы побач, толькі соп, злосна раздзімаючы тонкія ноздры, і паглядваў на сержанта. «Ну, а што далей?» — пытаў гэты яго позірк, і Лемяшэнка ведаў, што і іншыя таксама пазіралі на яго, чакалі яго каманды, але скамандаваць што-небудзь было не дужа проста.

— А Бабіч дзе?

Іх было чацвера з сержантам — злева Натужны, справа Ахметаў з Тарасавым, а Бабіч так і не выбег з двара. Сержант хацеў загадаць каму паглядзець, што здарылася з тым мешкаватым байцом, але ў той час злева між дрэў замільгалі постаці аўтаматчыкаў іхняга ўзвода — яны сыпанулі аднекуль даволі густа і згодна ўдарылі з аўтаматаў па плошчы. Лемяшэнка не падумаў нават, а болей адчуў, што час падавацца далей, да кірхі, і, махнуўшы рукой, каб звярнуць на сябе ўвагу тых, злева, ірвануўся наперад. Крокаў праз некалькі пад камлём вяза ён упаў, даў дзве кароткія чаргі. Нехта глуха чмякнуўся побач, сержант не ўбачыў яго, але па нечым няўлоўным адчуў, што гэта Натужны. Затым ён ускочыў і яшчэ сігануў некалькі шырокіх крокаў. Злева не сціхалі чэргі — гэта пасоўваліся ў глыб парку яго аўтаматчыкі.

«Хутчэй, хутчэй», — у такт зморанаму сэрцу стукала ў галаве думка. Не даць апамятацца, наскочыць, разагнаць, бо, калі немцы паспеюць агледзецца і ўбачаць, што аўтаматчыкаў не шмат, тады будзе бяда, тады яны тут завязнуць…

Яшчэ прабегшы некалькі паспешлівых крокаў, ён упаў на старанна падгрэбены, прапахлы прэласцю дол; вязы ўжо засталіся ззаду, побач сціпла жаўцелі першыя веснавыя кветкі. Парк скончыўся, далей за зялёнай драцяною сеткай раскінулася блішчастая ад сонца плошча, вымашчаная дробнымі квадратамі шызай брусчаткі. У канцы плошчы ля кірхі мітусіліся прыгнутыя постаці немцаў у касках.

«Дзе ж гэты Бабіч?» — чамусьці ўсё назаляла думка, хоць з’явіўся цяпер большы клопат: трэба было неяк атакаваць кірху цераз плошчу, а гэтая справа здавалася яму нялёгкай.

Аўтаматчыкі, не дужа зладжана страляючы, выбягалі з-за дрэў і залягалі пад агарожай. Далей бегчы не было як, і сержанта дужа занепакоіла, як выбрацца з гэтага аблытанага дротам парку. Урэшце яго быццам нешта асвятліла знутры — ён выхапіў з кішэні гранату і павярнуўся, каб крыкнуць іншым. Але што крычаць у гэтым грукаце! Адзінай магчымай камандай тут быў уласны прыклад, надзейны камандзірскі загад: рабі, як я. Лемяшэнка вырваў з запала чаку і шпурнуў гранату пад сетку агарожы.

Дзірка атрымалася невялікая і няроўная. Разадраўшы на плячы гімнасцёрку, сержант праціснуўся праз сетку, азірнуўся — следам, прыгнуўшыся, бег Ахметаў, ускакваў з кулямётам Натужны; побач грымнулі яшчэ разрывы гранат. Тады ён, ужо не азіраючыся болей, што было сілы рынуўся наперад, ляскаючы гумовымі падэшвамі па слізкай брусчатцы плошчы.

І раптам здарылася нешта незразумелае. Плошча хіснулася, збочыла, адным краем кінулася некуды ўгору і балюча выцяла яго ў бок і скроню. Ён пачуў, як коратка і звонка бразнулі аб цвёрдыя камяні яго медалі, блізка, ля самага твару, пырснулі і застылі ў пыле кроплі нечай крыві. Пасля ён павярнуўся на бок, усім целам балюча адчуваючы непадатлівую мулкасць камення, аднекуль, з сіняга неба, зірнулі ў твар спалоханыя вочы Ахметава, але зараз жа зніклі. Яшчэ нейкі час праз грукат страляніны ён чуў побач сцятае дыханне, гулкае тупаценне ног, а пасля ўсё гэта сплыло далей, да кірхі, дзе, не сціхаючы, грукаталі стрэлы.

«Дзе Бабіч?» — зноў скаланула яго забытая думка і кароткі забыты клопат за лёс узвода прымусіў напяцца і паварушыцца. «Што ж гэта такое?» — свідравала пачуцці нямое запытанне. «Забіты, забіты», — казаў нехта ў ім ягонымі думкамі, і невядома было, ці гэта пра Бабіча, ці пра яго самога. Ён разумеў, што з ім сталася нешта благое, але болю не адчуваў, толькі знямога скавала цела ды туман засціў вочы, не даваў бачыць, ці ўдалася атака, ці выскачыў з парку ўзвод…

1 ... 105 106 107 108 109 110 111 112 113 ... 162
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)