Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0428-х
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
Хлопец пазіраў на яе ўсё яшчэ недаверліва і трошкі збянтэжана — відаць, ад нядаўняга ўражання, пасля зняў рукавіцу і паскроб белыя віхры на патыліцы.
— Тады малайчына, калі праўда… Мне б так навучыцца!..
— За чым жа стала, вучыся, — даляцела з-пад агародчыка, і тут толькі Галя заўважыла Архіпа; ён сядзеў на лаўцы пад кустом вяргіняў і разгортваў папяровы скрутак. Хлопец жа, безуважны да яго занятку, як стаяў, так і сеў проста на вуліцу, тварам да акна.
— А што, 1 навучуся, — задзірыста сказаў ён, ашчаперыўшы калені і зірнуўшы ў акно прыжмураным ад сонца вокам — здалося Галі — падміргнуў ёй.
— Ды ўжо ж, хвалілася каза, у хляве стоячы, — засмяяўся Архіп.
— А вось і не. Вы не ведаеце, а я ў вёсцы на гармоніку два гады граў.
— То гармонік, а то, брат, тонкі інструмент. Ігра ад ігры асобіцца, ядрона рэпа. На, лепш паснедай.
Ён расхінуў паперу, садраў з кефірнай бутэлькі срабрыстую галоўку, разламаў напалам батон і падаў Лёньку.
Хлопец няёмка паёрзаў, чамусьці ніякавата зірнуў на Галю ў акне, але ўзяў — далікатна і зважліва.
— Зараблю грошай — куплю баян, — абвясціў ён, адарваўшы зубамі добры кавалак булкі. — І яшчэ ў школу паступлю. Без музыкі ў душы цесна.
Галя тым часам зусім ужо асвойталася з імі, гэты хлопец чамусьці нагадаў ёй суседскага Віцьку — наіўнага ласкавага пяцікласніка, і ёй стала добра. Лёнька старанна ўмінаў батон, ашчадна адпіваючы з бутэлькі, якую чакаў Архіп, а Галя, аблакаціўшыся на падаконнік, з усмешкай разглядала гэтага дзіўнага бялявага хлопца.
— Скажыце, а вы будзеце наш завулак асфальтаваць?
Лёнька ўзняў галаву, заўсміхаўся, таропка праглынуў кавалак і пацвердзіў:
— Ды ўжо ж. Ад тупіка да самай вуліцы. Сто метраў загадаў брыгадзір… Да вечара — хоць трэсні.
Ён аддаў Архіпу паўбутэлькі кефіру і ўзняўся, смешна расставіўшы ногі ў дашчэнту запэцканых штанах.
— Слухай, дзяўчо, пайграй яшчэ. Як гэта музыка завецца?
— Гэта «Вальс» Пракоф’ева, — сказала Галя, калупаючы падаконнік. — Толькі дарма вы, я зусім дрэнна іграю.
— Ну, дрэнна! Ты не нагаворвай на сябе, — усё смяяўся Лёнька. — Аж дух займае. Дык пайграй, га?
Галя засаромелася, адступіла ад акна і сумелася. Яна яшчэ не чула, каб людзі гэтак прасілі музыкі — і ў школе, і дома яна прывыкла, што музыку паважалі, слухалі і ігралі, калі быў час, толькі ўслых ніхто не выказваў асаблівага ўзрушання ад яе. Шмат якія творы дзяўчына чула па радыё і ў выкананні маці, але ці, можа, таму, што прывыкла і страціла ўражанне навізны, ці, можа, ад бясконцых школьных практыкаванняў пераставала як след даражыць многім. «Каму патрэбна такая самадзейнасць? — казаў часам бацька. — Музыка, як і ўсё, — прадмет цэнтралізаванага забеспячэння: ёсць радыё». Маці і дачка не згаджаліся, але і не пярэчылі — сапраўды, у нейкай меры бацька меў рацыю. І тут — гэты белабрысы асфальціроўшчык з яго просьбамі…
Галя падышла да фартэпіяна, пагартала ноты, падумала, што ў некаторых мясцінах яна была бездапаможнай няўмекай. Не, яна не можа псаваць гэтай дзівоснай музыкі, яна зусім яшчэ дылетантка, часта фальшывіць або проста праглынае, змазвае трудныя часткі — ёй ужо даўно казала пра гэта і маці. Тое не так, тое не гэтак — гаварылі ёй штодзень, а гэты сказаў: дух займае. Але не, нельга ашукваць чалавека, які так шчыра аднёсся да яе майстэрства і перацаніў яе здольнасці. Нешта ў ёй прымусіла паставіцца да сябе стражэй, упершыню дзяўчына адчула сябе вінаватай за пераэкзаменоўку, пасаромелася за няўмельства, ёй хацелася ў нечым стаць вартай гэтых рабочых з іх нялёгкаю працай.
— Дык пайграеш, га? — чуўся за агародчыкам хлапечы голас, але яна ўжо не паказвалася ў акне. Прытаіўшыся за занавескай, Галя моўчкі сачыла за імі,— як яны курылі, нешта ўпаўголаса перагаворваліся аб сваіх справах, потым старэйшы ўзняўся, і яны пайшлі да катла. Лёнька азірнуўся на акно, і тады яна, засмуткаваўшы невядома чаго, уздыхнула.
…З паўдня Архіп і Лёнька пачалі асфальтаваць тратуары. На вузкай палосцы ля плота Архіп разгарнуў прывезены самазвалам пясок, а Лёнька, зухавата падхапіўшы жалезную тачку, пачаў вазіць дымны смярдзючы асфальт. Гэта было, пэўна, нялёгка: на грудзях і руках хлопца напружваліся мускулы, спіна макрэла ад поту, але сам ён заставаўся паранейшаму вёрткі, вясёлы, нібы прыемней за гэту работу нічога не ведаў у жыцці. Варта было паглядзець, як ён, вывернуўшы пры плоце дымную кучу асфальту, бягом гнаў перад сабой тачку, поўнячы вуліцу шумам і грукатам, як спрытна варочаў у катле вялікай лапатай і з якой зачараванасцю бегала за ім галапузая басаногая блазнота, каб пераканацца, што гэтая праца для хлопца была прыемнай і звыклай.