Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0428-х
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
— Ну, вось, — заклапочана прамовіў ён. — Не бог ведае што, і сцюдзёна, але неяк будзем… Што ж рабіць…
Жанчына ўсё стаяла, разглядаючы змрочную ўбогасць хаціны, не ведаючы, пэўна, куды прыткнуцца. Малое праз вузенькую заінелую шчыліну ў рыззі сумнымі вачанятамі пазірала на Грышку, які збянтэжана аглядаў гасцей.
— Ну, што стаіш? — буркнуў бацька на сына. — Бяры дзяўчынку, распранай, грэй. Не бачыш — змардаваліся людзі…
Грышка пачаў расшпільваць мноства несамавітых світак на худзенькім, азяблым цельцы малой, пасля абмёў рукавіцай яе змерзлыя з загнутымі наскамі чаравікі. Дзяўчынка пакорліва слухала яго, толькі падазрона паводзіла сваімі вялікімі вачыма і час ад часу пазірала на маці. А тая толькі расшпілілася, ссунула на патыліцу старэнькі шалік і, заламаўшы рукі, павалілася на стол у роспачным няўцешным рыданні. Грышка спалохаўся і не ведаў, як і чым суцешыць жанчыну, а бацька, нічога не кажучы, нетаропка зняў кажушок, прысеў ля печы і так доўга, паныла глядзеў у агонь.
Выплакаўшыся, жанчына, аднак, ажыла, яна была зусім яшчэ маладая, неблагая сабой, з круглявым дзявочым тварам і вялікімі, як у дачкі, сумнымі вачыма. Грышка падсунуў услон бліжэй да грубкі, збегаў яшчэ на двор, даламаў рэшткі плоту, падкінуў у агонь палак. Дровы ўрэшце разгарэліся, навокал пасвятлела, жанчына прыладзілася на ўслоне бліжэй да агню. Тулячы да сябе дачку, яна з непрывычным тут мяккім вымаўленнем расказала пра свой страшны лёс — пра бомбы, танкі, уцёкі, пра немцаў, пра жахі вайны, пра тое, як яна бегла з Гомеля, як згубіла ў дарозе сына, як напакутавалася на шматлікіх станцыях, у перапоўненых паяздах, пакуль не прыбілася сюды, у тыл.
Мігалі на падлозе барвовыя водсветы з грубкі, патроху цяплела ў хаце. Ларывон з Грышкам, тоячы ў сабе трывогу і боль, уважліва слухалі. Грышка не мог адарваць позірку ад гэтай спакутаванай жанчыны, а Ларывон, зацята насупіўшы бровы, глядзеў у падлогу і маўчаў.
— Дзякуй вам, дзеду, вялікае, за вашу дабрату, што прыгарнулі вы нас, — трохі абагрэўшыся і супакоіўшыся, казала жанчына.
Стары ніякавата заварушыўся на зэдліку, выцягнуў на каленях вузлаватыя, як вербныя карані, рукі.
— Няма за што, — сказаў ён з уздыхам. — Усе мы людзі… Будзем жыць, што зробіш… Ідзі ты, Грышка, пашукай — там недзе ў скрыні трохі цукру было, старая хавала. Будзем жывіцца, чым бог паслаў…
Хоць эвакуіраваная Зося з трохгадовай Людачкай і прынесла ў гэтую хаціну яшчэ болей гора, усё ж яно стала не такім зацятым і маўклівым, як было раней. Калгас выдаваў жанчыне трохі пшаніцы і проса, Грышка прынёс аднекуль ручную тарку — несамавітую самадзелку вайны, і Ларывон увечары, прымасціўшыся на ўслоне, трушчыў-расціраў на жарсцвяную муку той небагаты паёк. Да сваёй кватаранткі і яе дачкі ён, як і да ўсіх, ставіўся стрымана і зважліва, не шмат гаварыў, болей слухаў, а слухаць было пра што. Зося перацярпела нямала, і яшчэ часта здаралася, ускаквала ўначы з пасцелі, крычала, клікала згубленага сына, плакала. Ларывон узнімаўся тады ў запеччы і роўным разважным голасам цярпліва супакойваў кабету.
Надышоў час, калі стары пачаў пазіраць на дарогу, пільнаваць пісьманоску Нюру — ён чакаў весткі ад сына. Праўда, надзей было небагата, Ларывон ведаў, што Піліп — ягонай натуры, і не дужа распішацца. Хіба толькі здарыцца благое, якім багата вайна, таго бацька чакаў і баяўся.
Але ні вестак ад сына, ні добрых навін з фронта ўсё не было. Грышка ўвечары расказваў пра цяжкія баі пад Масквой, пад Тулай, пад Ленінградам, Растовам. Ларывон усё болей хмурнеў і горбіўся на зэдліку, Зося выцірала вочы, а Людачка, трымаючыся за матчын падол, з недзіцячай тугой пазірала на хлопца.
Аднаго разу Ларывон, устаўшы на золку, пачаў збірацца ў сланечнік. Яму, відаць, нездаровілася. Доўга абуваючыся, ён хваравіта пакрэктваў, браўся за бок, з недакручанай анучай на назе чагосьці задумваўся і сядзеў нерухома. Урэшце ён апрануўся, парыпаў па заснежаным двары, ладзячы санкі, і знік.
Зося гаспадарыла ў хаце, прыбірала, мыла посуд, чакала дзеда, але ён нешта забавіўся. Ужо прастыў і сняданак — пшонная каша, а старога ўсё не было. Тады жанчына занепакоілася, накінула на голаў свой шалік, замкнула Людачку і ўтаптанай сцяжынай пабегла за ваколіцу.