Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
У сваіх нататках, якія я прапаную чытачу, я запісаў тыя падзеі ваеннага ліхалецця, якія адбываліся побач са мной, у нашай вёсцы і вакол яе і тое, што я пачуў ад свайго бацькі і ад аднавяскоўцаў. Я тады быў падлеткам, усім цікавіўся, запамінаў, ўпітаваў у сябе навіны, як губка. Усё аб чым я пішу — праўда, пабачаная на свае вочы. Ілля Копыл
«Што датычыць партызанаў, то зразумела, анёламі яны не былі. Я калісьці працаваў у архівах і чытаў матэрыялы… І не ўсё там было чорна-белае, спадар Копыл, як у вас. Маўляў, гэтыя добрыя, а гэтыя дрэнныя. Ці працавалі вы ў архівах? Вы як чалавек ваенны разумееце, што вайна рэч крывавая. А партызанская вайна крывавая ўдвайне… І ў гэтай вайне можна знайсці заўсёды шмат бруду, нават калі і не шукаць асабліва».
Апанент
«У архівах я не працаваў, у мяне не было такой неабходнасці. Я ў сваёй кнізе, у сваіх успамінах вёў гаворку пра сваю сям’ю. Які тут патрэбен архіў? Тое, што вайна — брудная справа, гэта не дае нам права апраўдваць злачынствы ні тых, ні другіх. Рэчы трэба называць сваімі імёнамі».
Ілья Копыл
«Копыл прынцыпова правы. Каб выдаць свае мемуары накладам у 100 асобнікаў, у архівы хадзіць не трэба. Аўтар не ставіў сабе задачу чарніць каго-небудзь. Калі ў яго вёсцы вайна была такой, то ён — аб гэтым і піша. Ветэранам павінна быць сорамна, што яны ў свой час дапусцілі акупацыю, аддалі старых, баб і дзяцей на волю лёсу…»
Ветэран, г. Мінск
* * *
Адзін з даследчыкаў гісторыі Другой сусветнай вайны доктар гістарычных навук Эмануіл Іофэ пра мае ўспаміны «Нябышына. Вайна», апублікаваныя ў «Народнай Волі», карэспандэнту «Радыё Сабода» сказаў наступнае:
«Там ёсць, канечне, памылкі і недакладнасці… А так — цікавыя матэрыялы, пададзеныя чалавекам, які сам гэта бачыў і перажыў. Гэта інфармацыя для роздуму, для пераасэнсавання гісторыі. Я займаюся гісторыяй партызанскага руху, пераасэнсоўваю гэтую частку гісторыі і прыходжу да высновы, што трэба адмаўляцца ад штампу „ўсенародная вайна“».
А вось што сказаў для «Радыё Свабода» прафесар ЭГУ, гісторык Алесь Смалянчук:
«Я праводжу шмат экспедыцый па беларускіх вёсках цягам дзесяці гадоў. І тое, што людзі ўзгадваюць пра гэтую вайну, — моцна адрозніваецца ад падручнікавай гісторыі вайны. Ні партызаны, ні немцы не малююцца аднымі фарбамі. Гэтая вайна рознакаляровая і ў большай ступені трагедыя, чым тое, што напісана ў падручніках. З той абсалютна ідэалагізаванай версіяй вайны, прыдуманай яшчэ савецкімі гісторыкамі ці партыйнымі функцыянерамі, камусьці, канечне, з такой праўдай лягчэй і спакайней».
* * *
Пасля пікета ветэранаў цэлы тыдзень стаяла адносная цішыня. Вакол маёй публікацыі ў «Народнай Волі» нічога не адбывалася, нават стала сумна. І вось 14 красавіка 2010 года зноў адбыўся пікет. На гэты раз «Народную Волю» пікетаваў БРСМ. Зноў ажыў інтэрнэт. Вось што я знайшоў на сайце Forum.ixbt.com. Каментар пакінуў нехта All:
«Признаюсь, до сегодняшнего дня не читал нашумевшую статью Ильи Копыла в „Народной Воле“ „Нябышына. Вайна“, — статью, так возбудившую „ветеранов“ и „гитлерюгенд“, что и те и другие взялись пикетировать редакцию газеты. Странно, но поколение моего отца и сам отец рассказывали много историй, похожих на повествование Копыла. Я верю Копылу, это обычная история обычной белорусской деревушки».
Я не буду распавядаць пра пікет БРCМ — лепш, чым напісала сама «Народная Воля», не скажаш:
Каму трэба асвяжаць памяць?
Пазаўчора ў разгар працоўнага дня ля офіса «Народнай Волі» сабралася з дзесятак актывістаў Мінскай гарадской арганізацыі так званага Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ). Па сутнасці, гэтую акцыю можна назваць пікетам. Паколькі дазволу на правядзенне яго ўлады не давалі, то ўдзельнікаў мерапрыемства магла разагнаць міліцыя ў адзін момант…
Але ж на гэты раз не апазіцыя ладзіла пікет! Ніхто і не думаў разганяць маладзёнаў. Хвілін трыццаць яны пазіравалі перад тэлекамерамі Першага канала і СТБ.
Журналісты «Народнай Волі» ўдзячны Алене Хадыка, першаму сакратару Мінскай арганізацыі БРСМ, якая разам са сваімі сябрамі зайшла ў прыёмную галоўнага рэдактара (у гэты час ён вырашаў службовыя пытанні па-за межамі рэдакцыі) і пакінула ў падарунак цэлы камплект кніг гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць». Вось толькі з прыпіскай «Освежите свою память», наклеенай на вокладцы кожнай кнігі, атрымаўся казус. Праблема з памяццю не ў журналістаў «Народнай Волі», а ў тых жа бээрэсэмаўцаў. Замест таго каб сказаць, што ў мемуарах Іллі Копыла «Нябышына. Вайна», на іх меркаванне, ёсць факты, якія не адпавядаюць сапраўднасці (калі на самай справе такое ёсць), яны, як і заідэалагізаваныя тэлевізіёншчыкі, настойліва парэкамендавалі вывучаць гісторыю з «праўдзівых крыніц».