Споведзь
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00818-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Споведзь». Краткое содержание книги:
За два тыдні мы справіліся з дрыўмі. Наперадзе была вялікая работа — накасіць і застагаваць на тры галавы сена. А зіма доўгая — з кастрычніка да мая. Вакол сяла ніякіх сенажацяў не было. Касілі ў тайзе на колішніх дзялянках, пакуль яны не пазарасталі хмызам і падлескам. У гушчары ўрмана, куды і сонца не заўсёды прабівалася, школа мела свае «надзелы». Калі мне іх перадавалі, я не ўяўляў, як тут касіць па пнях, па ламаччы, сярод няспаленых лаўжоў. Успаміналіся нашы надрэчныя заліўныя лугі, нават балоты здаваліся раем. Але нікуды не дзенешся — трэба адрабляць свае трыста рублёў. А тайга гудзе і звініць хмарамі вялізных аваднёў, ліпкіх сляпнёў і плоймаю камарэчы. Толькі і робіш, што хвошчашся веццем, а заедзь сячэ спіну, рукі, твар, працінае шапку. Як тут касіць, калі дыхаць ад камароў немагчыма? Старыя сібіракі расказвалі, што некалі селавы сход вялікаму злачынцу выносіў самы страшны прысуд: на суткі пакінуць прывязанага ў тайзе. На тым месцы знаходзілі непазнавальны труп, як кажухом укрыты гнусам.
Мне рабілася страшна, але трэба было касіць. Пад маім началам было пяць тэхнічак. У нас — касавіца мужчынская работа, а ў Сібіры — асноўныя касцы жанчыны, ды яшчэ якія касцы! Мы выехалі на сваім транспарце. Дзялянка наша была кіламетраў за сем ад сяла. Распрэжаныя конь і быкі адразу рванулі ў хмызнякі, каб хоць трохі ацярэбвацца ад заедзі. Пакуль здымаў косы, падбіваў клінкі і мацаваў ручкі, мае жанкі ва ўсім белым, у тоўстых шарсцяных панчохах і мяккіх чырках нацягалі ламачча і яловага лапніку, развялі куродым, палеглі на траву і пачалі качацца ў дыме. Я не разумеў, дзеля чаго яны вэндзяцца: грэцца няма патрэбы — дзень ясны, сонечны і гарачы. Гукнулі мне: «Иди, окурись». Я адмахнуўся: «Лепш закуру». Жанчыны з крынічкі прынеслі гладышку сцюдзёнай вады, напіліся і ўзяліся за косы. Я пайшоў паперадзе, але на сярэдзіне пракоса мне пачалі падразаць пяты. Спыніўся, нібы памянташыць касу, яны, смеючыся, пайшлі наперад, а мяне апанавала цёмная хмара заедзі. На тэхнічках не было ніводнага авадня ні сляпня. Чаму? У мяне пад тонкаю кашуляю з сіняга штапелю не было ніводнага жывога месца, на шчоках і руках пухлі цвёрдыя белыя пухіры, камары лезлі ў вочы і ў рот. Я махаў касою, а мяне секла і секла заедзь, нібы таго асуджанага на кару. Здавалася, яшчэ трохі — і можна звар’яцець ад укусаў, гулу, звону і невыноснага свербу.
Бязмужняя, чорная, як цыганка, Мінадора, усміхаючыся, пакрыквала на мяне: «Варушыся, хадзяйсцвеннік, бо з’ядуць, а нам атвячаць. З такім касцом да снегу не адкосімся!» Я ў той дзень быў самы няшчасны: ссечаны заеддзю, знясілены, прыгнечаны сваім становішчам і здзеклівымі кепікамі маіх падначаленых. Хацелася ўсё кінуць-рынуць і некуды бегчы. Але куды пабяжыш у намордніку з кароткаю шворкаю? Нават гнус апанаваў мяне аднаго, а жанкі косяць спакойна, глядзяць на мае пакуты і толькі пасміхаюцца. Высокая, касцістая, з мужчынскім тварам і буйным васпаватым носам Дуся Груенка падышла да мяне і спагадліва сказала: «Трэба ж было надзець белую кашулю, акурыцца разам з намі, а так з’ядуць».
Я дацярпеў да абеду. Жанкі паселі на траве палуднаваць, а я не мог спыніцца ні на хвіліну, нарэшце ўзяў сваю торбачку з хлебам і двума драбкамі цукру і палез на высокую разлапістую асіну і з палёгкаю ўздыхнуў. Жанкі мае качаліся ад рогату. А мне было добра — авадні так высока не ўзляталі. Я выціраў гарачы пот, змешаны з крывёю ад укусаў. Злазіць было страшна, але трэба зноў ісці на пакуты. Гэта быў дзень кары. Успомню цяпер, і працінае боль і сверб. Потым апранаўся ў светлае, акурваўся, мазаў рукі дзёгцем, і мы даволі хутка дакасілі свае дзялянкі. Калі пачалі звозіць на валакушах сена да стога, зноў з мяне пакпіла Мінадора: «Хадзяйсцвеннік, давай баганы». Я паціснуў плячыма і развёў рукамі: што такое баганы, пачуў упершыню. «Навошта ж наймаўся, калі і баганоў не ведаеш?» Выручала тая ж добрая і спагадлівая Дуся: узяла сякеру, паказала тры рагатыя асінкі, мы ссеклі іх, паставілі казялкамі і на іх пачалі накладаць сена, каб з сярэдзіны яго прадзімала ветрыкам. Работа ў нас ішла спорна: у тайзе, як вялікія шаломы, стаялі школьныя стагі, жанкі больш не кпілі з мяне, нават палагаднела злосная на ўсіх Мінадора.
Адкасіўшыся, я сядзеў у завозні — перацягваў хамут, ушываў старыя аброці. Хоць было і лета, дырэктар сабраў усіх настаўнікаў. На канікулы ніхто не раз’язджаўся, бо не пускала гаспадарка: соткі, гароды, дровы, сена. Я здзівіўся. Відаць, нешта тэрміновае. Праз паўгадзіны Яўген Паўлавіч зайшоў да мяне. Патаптаўся, паглядзеў на маю работу і неяк збянтэжана загаварыў: «Ведаеце, толькі што ў газетах апублікавана выдатная праца таварыша Сталіна: «Марксізм і пытанні мовазнаўства», і ёсць загад райана тэрмінова вывучыць яе і прымяняць пры выкладанні ўсіх прадметаў. Мы чыталі, чыталі і заблыталіся ў гэтых індаеўрапейскіх мовах, у тэорыі Мара. Я — гісторык. Гэтага мы не праходзілі. Можа, вы дапаможаце разабрацца ў гэтых прамудрасцях? Хадзем. Там ужо чакаюць настаўнікі». Я паглядзеў на разгубленага дырэктара і з усмешкаю спытаў: «Не баіцеся, што саб’ю вас з марксісцкіх пазіцый? Я якраз вывучаў мовазнаўства па Мару». — «Не ўдасца, — усміхнуўся Яўген Паўлавіч, — марксізм я ведаю добра. Калі трэба, падпраўлю».