Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
Трохі азадачаны, ён спыніўся ў некалькіх кроках ад лесу, абапёрся на знятую з натруджанага пляча вінтоўку. Позіркам ён спрабаваў пранікнуць далей у ветраны змрок начы, але позірк меў сілы на якіх-небудзь сто метраў, не больш. На працягу гэтых ста метраў наперадзе і столькі жа ззаду была прыкметна толькі плаўная крывуляка ўзлеску, які чамусьці здаўся яму знаёмы. Ды яны ж сёння пляліся тут з Зоськай! Яна яшчэ тут ванітавала, і ён, не ў стане нічым памагчы, стаяў і глядзеў на скалечаную агнём сасну на ўзлеску. Вунь, здаецца, і пагарэліца, голае сучча якой чорнымі рагулямі тырчыць у прыцьмелае поле. Чорт ведае куды яго занесла!
Трэба было павяртаць назад, абысці хвойнік і выходзіцьда Нёмана, але Антон, яшчэ не разумеючы навошта, пайшоў да ўзлеску. Каля дрэў было зацішней ад настырнага ветру ў полі, ён падышоў да сасны і прысланіўся да яе чорнага шархоткага боку. Усё ж адчувалася стома, трохі кружылася ў галаве, цягучы ветраны гул не спыняўся ў вушах. Даўшы сабе кароценькі адпачынак, Антон чамусьці перастаў думаць пра тое, як выйсці да Нёмана і дзе перабрацца на яго левы бераг. Яго думкі пайшлі іншым кірункам, і перад вачмі паўстала знаёмая крывуляка ўзлеску, за ёй — тое самае поле з шушай, дзе, напаўзавеянае снегам, ляжыць цяпер цела Зоські. Пад раніцу яго, мабыць, зусім замяце снегам..
Дзіўна, але ён ужо не адчуваў да яе нядаўняй варожасці, у глыбіні ягоных пачуццяў нарадзіліся новыя адносіны да яе, падобныя болей на шкадаванне і ціхі, невыразны сум. Ён гаротна ўздыхнуў, падумаўшы, што ўсё магло скончыцца інакш, калі б… Але надта шмат рознага ўключала ў сябе гэтае калі б, каб тут пра яго думаць. Адно несумненна: вайна парушыла спрадвечныя адносіны паміж людзьмі, паставіла чалавека ва ўмовы, калі не падпарадкавацца яе злой волі не было ніякай магчымасці. Во і тут: хіба ён хацеў яе забіваць? Проста ён сам хацеў выжыць, а выжыць удваіх зрабілася немагчыма.
Ноч няспынна адмервала свае хвіліны, яму трэба было ісці, а ён усё стаяў пад сасной, хаваючыся ад сцюдзёных парываў ветру, які самотна шархацеў па кары дробным снегам. Штосьці не давала яму павярнуць у другі бок і пакінуць гэту мясціну. Трошкі прыплюшчыўшы вочы, ён усё бачыў у ветраным змроку знаёмую грушу з крушняй камення ў снезе… Гэта было зусім недалёка адсюль, адразу за хвойнікам. Калі ісці хуткім крокам, уся дарога туды зойме дваццаць хвілін. Нясмела напомніўшы аб сабе, дзіўнае гэта жаданне стала хутка набіраць сілу і ахапіла яго ўсяго. Ён разумеў усю недарэчнасць гэтай задумы і пытаўся: навошта туды ісці? Але нясмелы голас сумнення неўзабаве прымоўк, капітуліраваўшы перад уладай жадання. Антон яшчэ вагаўся, але ўжо ведаў, што доўга не вытрывае. Яму стала патрэбна яшчэ раз пабачыць мёртвае цела Зоські, пераканацца, што яна не пакутавала доўга, што наўкола ціха-спакойна, яго ніхто не шукае, і пасля з палягчэлай душой адпраўляцца за Нёман.
Нервова скалануўшыся ад нецярпення, ён зразумеў марнасць супраціўлення гэтаму жаданню і закінуў за плячо вінтоўку.
Далей увесь шлях па полі да грушы быў яму добра знаёмы, ды і лінія ўзлеску не дала згубіць напрамак, ён абышоў хвойнік і апынуўся на княжаводскім полі. Тут трэба было прайсці па прамой не болей як адзін кіламетр. Цёмная, без зорак, ноч, здаецца, і яшчэ пацямнела, няспынна сыпаўся снег, калючыя ягоныя крупінкі балюча сцябалі па настылых руках і твары. Мароз, мабыць, стаў большы, Антон пільна ўгледзеўся ў паўзмрок і яшчэ зводдаль пазнаў раскідзістае сучча грушы, якім непрытульна пагойдваў вецер. На ранейшым месцы пад грушай грувасцілася знаёмая крушня. Але ён толькі зірнуў на грушу, камяні крушні і прабег каля іх у поле, дзе, аднак, чамусьці не ўбачыў таго, што хацеў убачыць. Вельмі добра памятаў, як Зоська ўпала, раскінуўшы на снезе чорныя рукі, і ляжала так, бачная здалёку. Цяпер жа прыблізна на тым самым месцы нічога не было відаць, і ён падумаў: як хутка яе замяло снегам. Але снег з самага вечара сыпаўся дробны, нават у ямках яго намяло не шмат, ля мяжы і крушні ён быў толькі па костачкі. Трохі занепакоены, Антон прабег далей, чым трэба было, павярнуў назад. Дзіўна, падумаў ён, няўжо ж ён так памыліўся ў адлегласці. Але ён памятаў добра, што Зоська адышлася перад яго стрэлам метраў на пяцьдзесят ад грушы, інакш у паўзмроку ён бы ў яе не пацэліў. Дык дзе ж яна магла быць? Шырокай васьмёркай Антон абабег поле, зноў зайшоўшы ад грушы, дакладней прыкінуў напрамак стрэлу.