Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
— Во, здаецца, тры. Корпус тры. Так, здаецца?.. Дзяўчынкі абедзве разам зірнулі ў яго паперку і пацвердзілі, што корпус сапраўды трэці, і сказалі, што ведаюць, дзе гэты дом.
— Там Нэлька злая жыве, за грыбам-пясочніцай, — сказала чарнявая з марожаным. — Мы вам пакажам.
3 некаторай няёмкасцю ён скіраваў за дзяўчынкамі. Яны абышлі рог дома, за якім аказаўся вялізны падворак і далей яшчэ мноства такіх жа пяціпавярховых дамоў з зялёнымі пляцоўкамі, дарожкамі, радамі маладых, некалькі гадоў назад пасаджаных дрэўцаў. На лаўках каля пад’езда сядзелі старыя і жанчыны, скрозь гуляла, шумела гаманкая дзятва, дзесь між будынкаў бахаў валейбольны мяч, і па асфальце імчалі хлапчукі на веласіпедах. Дзяўчаткі ішлі поруч, і меншая, заглядваючы ў ягоны твар, запыталася:
— А чаму ў вас, дзядзя, адна рука?
Другая адразу ж перапыніла яе сцішаным голасам:
— Як ты не разумееш, Ірка? Дзядзеву руку на вайне адарвала. Праўда, дзядзя?
— Праўда, праўда. Здагадлівая ты, маладзец.
— А ў нашым дварэ жыве дзядзя Коля, дык ён на адной назе ходзіць. Другую ў яго немцы адарвалі. Ён на маленькай машыне ездзіць. Маленькая такая машынка, трошкі большая за матацыкл.
— А майго дзядулю фашысты на вайне забілі, — сумна ўздыхнуўшы, паведаміла меншая.
— Яны хацелі знішчыць усіх, але нашы салдаты не далі. Праўда, дзядзя?
— Праўда, праўда, — сказаў ён, з прыемнасцю слухаючы іх мілы дзіцячы шчэбет аб тым, што яму было блізка і знаёма. Меншая трошкі абагнала яго і павярнулася, усё махаючы вакол сябе сеткай з пакетам.
— А ў вас, дзядзя, ёсць медалі? У майго дзядулі было шэсць медалёў. На картачцы бачыла.
— Шэсць — гэта добра, — сказаў ён, каб не адказваць на яе прамое пытанне. — Значыцца, герой твой дзядуля.
— А вы? Вы таксама герой? — усмешліва жмурачыся ад сонца маленькім цікаўным тварыкам, дапытвалася меншая.
— Я? Ды які я герой! Я не герой. Так…
— Вунь гэты дом, — паказала чарнявая цераз зялёны падворак з маладымі ліпкамі на такі ж, як і ўсе тут, пяціпавярховы дом з шэрай сілікатнай цэглы. — Трэці корпус.
— Ну дзякуй вам, дзяўчаткі. Вялікае дзякуй! — сказаў ён, амаль што расчулены. Яны абедзве разам ахвотна праспявалі сваё «паясаласта» і пабеглі па дарожцы ўбок, а ён, раптам усхваляваўшыся, запаволіў крок. Значыць, ужо блізка! Чамусьці захацелася адсунуць на нейкі час далей і гэты дом, і сустрэчу з тым, пра каго ён думаў, успамінаў, не забываўся ўсе гэтыя трыццаць гадоў. Але ён сцяў у сабе зачаткі маладушных пачуццяў — калі прыехаў, дык трэба ісці, хоць бы зірнуць адным вокам, павітацца і ўпэўніцца, што жыве чалавек, які і для яго, калі разабрацца, азначае нямала.
Спярша ён падышоў да рога і зверыў нумар у паперцы з тым, што чырвонай фарбай быў намалёваны на шурпатай цэгле. Дзяўчаткі яго не ашукалі: сапраўды, на сцяне было выведзена з падцёкам К-3. Ён схаваў пісьмо ў кішэню, старанна яе зашпіліў на гузік, узяў чамаданчык. Цяпер трэба было знайсці кватэру, што, мабыць, таксама не проста ў гэткай аграмадзіне на сто ці болей кватэр.
Не дужа рашуча, азіраючыся па баках, ён скіраваў да першага пад’езда; перад дзвярыма спыніўся, сагнаўшы шэрага ката, які лянотна разлёгся ў цяньку ля парога. Перш чым адчыніць дзверы, аглядзеў розныя надпісы на іх, аб’явы пра нумар паштовага індэкса, пра тое, што, ідучы з дому, трэба выключаць электрапрыборы, прачытаў надрукаваную на машынцы аб’яву. «У сераду 26 чэрвеня ў чырвоным кутку мае адбыцца агульны сход жыхароў, прысвечаны добраўпарадкаванню тэрыторыі двара». Вышэй над уваходам быў прыбіты нумар пад’езда з нумарамі кватэр у ім — ад першай да 20-й. Значыць, патрэбнай яму кватэры тут не было, і ён прайшоў уздоўж дома, прамінуў другі пад’езд і завярнуў у трэці.
На лавачцы ля дзвярэй сядзелі дзве старыя, гледзячы на гарачыню цёпла апранутыя бабулі, адна нават з валёнкамі на нагах; другая трымала ў руках кіёк. Яны вельмі ўважліва, амаль падазрона ўгледзеліся ў яго, прыпыніўшы сваю ціхую гаворку. Але ён не запытаўся нічога — ён ужо ведаў, дзе што трэба шукаць, і зірнуў на шыльдачку над дзвярыма. Кватэры ад 40-й да 60-й — значыць, патрэбная была тут.
Зноў адчуўшы, як варухнулася ў грудзях сэрца, адчыніў дзверы і ўвайшоў у пад’езд.
На першай пляцоўцы было чатыры кватэрных нумары — ад 40-га да 44-га, і ён паволі скіраваў вышэй. Ля акна віселі соты паштовых скрынак, з якіх дзе-нідзе тырчалі газеты, ён прыгледзеўся да іх нумароў і ўзрадаваўся: пяцьдзесят другая была тут, на трэцім паверсе.