Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Трэба ж было даўмецца да такога нахабства, думаў Цімошкін, каб палезці нават у партыю. Хлопец заўжды лічыў, што такім, як Блішчынскі, не месца нават у камсамоле, што для гэтага ў яго не вельмі чыстыя рукі і бруднае сумленне, а ён — на табе — ужо здабыў рэкамендацыі ў партыю. I першы рэкамендуе яго непасрэдны камандзір, начальнік артылерыі маёр Андрэеў.
Цімошкін пакутліва згадваў, як усё гэта магло здарыцца, і тады з забыцця нечакана выплыў адзін Грышкаў учынак, які некалі непрыемна ўразіў яго. Тое адбылося яшчэ ў абароне ў Малдавіі. Неяк трапіўшы ў штаб, Цімошкін захацеў пабачыць свайго земляка і пайшоў шукаць яго па камандным пункце. Блішчынскі, пэўна, вяртаўся з хутара, і хлопец спаткаў сяржанта з поўнай пілоткай абрыкосаў, якую ён нёс перад сабою між штабных зямлянак. На яго, вядома, накінуліся пісары, што з вясны сядзелі тут у зямлі і, апроч кукурузы і свіное тушонкі, не бачылі іншае ежы. Але Блішчынскі, смеючыся, адбіўся, выкруціўся і неўзабаве нырнуў са сваёю пілоткай у зямлянку маёра Андрэева. Цімошкін чуў праз завешаныя палаткаю дзверы, як маёр няёмка аднекваўся, а пасля гэтак жа нязвыкла дзякаваў пісару, відаць, узяўшы тыя абрыкосы. Хутка Блішчынскі выйшаў адтуль, задаволена ўсміхаючыся, надзеў на голаў парожнюю ўжо пілотку і хітра падміргнуў земляку. Хлопцы на перадавой не мелі такой раскошы, Грышка ведаў гэта, але, як і ўсіх, ён абышоў Цімошкіна, несучы свой пачастунак маёру. Відаць, гэта было не адзін раз, і, вядома, сэрца чалавечае — не камень. Блішчынскі ўмеў падладзіцца, лісіцай падпаўзці да чалавека і паказаць сябе зусім іншым, чым быў сапраўды. Доказ таму — гэтая вось рэкамендацыя.
Цімошкін захутаў шынялём калені, глыбей у каўнер схаваў падбародак і зноў сказаў сам сабе: ліха яго бяры! Хацелася не думаць аб гэтым, забыцца, выкінуць земляка з галавы, але думкі самі сабой настойліва таўкліся ў свядомасці.
Бач ты яго, нацэліўся на афіцэрскія курсы. Вядома, разлік тонкі: праз некалькі месяцаў вайна скончыцца, і ён гэты час перабудзе дзе-небудзь у тыле, будзе вучыцца. Ён клапоціцца ўжо цяпер, як уладкавацца ў пасляваенным жыцці (у тым, што выжыве, ён быў упэўнены), у яго ўсё разлічана на шмат год, спланавана, абдумана. А Цімошкіну з Ванем Шчарбаком трэба толькі адно — дажыць да канца вайны. Толькі б адужаць як гэтае крыважэрнае фашысцкае кодла, дачакаць перамогі, выжыць, убачыць хоць бы адзін мірны дзень без страху і крыві, і болей, здаецца, нічога не трэба. Яны згодны на ўсякую працу, на любое месца ў жыцці, ім усюды быў бы жаданы рай пасля таго пекла, якое яны перажылі на фронце.
Балела, ныла, торгала Цімошкінава рука, адубелі ногі ў закасцянелых ад марозу ботах; вецер, здавалася, наскрозь пранізваў яго несамавіты шынелак. Скрозь шархацела, віравала завея, у сцірце, пэўна, ад сцюжы, папісквалі мышы. У хлопца ўсё скалянела, але ён ужо прывык да холаду, голаду і болю, наставіў каўнер, трываў і думаў. Спакой і развагі аб Блішчынскім разварушылі ў Цімошкіна затоеныя мары пра далёкае, недасяжнае пасляваеннае жыццё.
Дзіўна ўсё ж уладкаван чалавек. Іхнія жыцці ледзь не на валаску віселі ў той час, скрозь былі ворагі, цяжка было дажыць да вечара, каб як ратавацца далей, а яго думкі забягалі далёка наперад — у той запаветны час, калі ўжо не будзе вайны. I ведаў жа ён, што сёння кожную гадзіну іх магла напаткаць смерць, але ўсё роўна не меў сілы ўтрымаць свае думкі-клопаты толькі на тым, як здабыць паратунак. Думалася, што будзе ж некалі — і мабыць ужо недалёка — канец вайны, перамога, і настане іншае, не падобнае на вось гэта — звычайнае людское жыццё. Хацелася ўжо цяпер асэнсаваць яго, даўмецца, што трэба яму ад таго жыцця і якім ён хоча яго для людзей і сябе?
Цудоўныя, пэўна, гэта будуць часы, думаў Цімошкін. Людзі стануць з людзьмі як браты, знікнуць фанабэрыя, пагарда, хцівасць і зайздрасць. За час вялікіх пакут людзі навучыліся спагадваць чужому гору, падпарадкоўваць свае імкненні вялікай мэце, у асабістым задавальняцца малым. Усё ж такіх, як Блішчынскі, няшмат, а мільёны франтавікоў уведалі на вайне вялікае пачуццё братэрства — тое цудоўнае і светлае, што людзі набывалі, не трацячы, у гэтую ліхасць. I захаваць бы, зберагчы на доўгія гады гэты франтавы набытак, не даць бы на яго забыцца, не дазволіць яго збэсціць такім трутням вайны, як Ёлішчынскі. Гэта было б цудоўна, і — верыў Цімошкін — людзі зразумеюць і дамогуцца свайго.
Яго ж дачыненне да тае будучыні ўяўлялася хлопцу дужа няпэўна. Калі, можа, пашанцуе выжыць яму, дык, мабыць, ён пойдзе вучыцца. Вядома, трэба будзе працаваць, але дзе і кім — ён не ведаў яшчэ і думаў, што ўрэшце гэта не так ужо і важна. Знойдзецца недзе кавалак хлеба, будзе таварыш побач, спакой мірнага дня — і хіба гэтага мала для звычайнага людскога шчасця? Праўда, можа здарыцца так — і гэта вельмі магчыма, — што побач апынецца Блішчынскі. Але чорт з ім. Рана ці позна людзі ўбачаць, які ён, зразумеюць і выкрыюць яго; у Цімошкіна цяпер лаяцца з ім не было ніякай ахвоты. Агідная гэта справа — лаяцца з чалавекам, ды яшчэ земляком, хадзіць, на яго даказваць ці нават выступаць на сходах, выкрываць, тым больш што вельмі нават могуць і не паверыць яму. Урэшце, ці варта ўжо так непакоіцца з-за якога аднаго вырадка, калі навакол столькі харошых хлопцаў. Так думаў Цімошкін, трошкі супакоіўшыся ў адзіноце і спачыўшы.