Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Прадчуваючы нешта агідна-нядобрае, Цімошкін ужо не стрымаўся на месцы і кінуўся цераз гурбу да сябра. Раскідваючы ботамі снег, ён падбег да яго, увесь час узіраючыся ў хлопцаў твар, урэшце сустрэў яго позірк і не спазнаў яго. Страшна было бачыць, які стаў Іванаў твар! Напэўна, ад стомы, бруду і поту, што заліваў яго шчокі, выраз стаў звераваты, вочы глядзелі з лютым, нейкім вар’яцкім бляскам. Ад гэтага яго выгляду ў Цімошкіна ўраз засмуцілася радасць сустрэчы — ён ужо пэўна ведаў, што ў сябра сталася кепскае.
Нічога не кажучы, Цімошкін падхапіў на хлопцавай спіне яго ношу, і, хістаючыся, яны ўдвух пайшлі да сцірты. Ледзьве дабраўшыся да застрэшка, Шчарбак, не прамовіўшы і слова, разам з ношаю апусціўся бокам на салому. Цімошкін асцярожна паклаў у доле чалавечыя ногі і ўпершыню зірнуў на таго, хто нерухома ляжаў побач з сябрам. I хлопец жахнуўся. У акрываўленым шызым шынялі за Шчарбаковай спіной ціха стагнаў збялелы, не падобны да сябе маёр Андрэеў.
На некалькі секунд, здаецца, хлопец скамянеў, панішчаны тым, што ўбачыў, пасля зірнуў на Блішчынскага. Зямляк ціснуўся да сцірты, глядзеў на двух чалавек у доле і кусаў вусны. Але, намогшыся, ён зараз жа змяніў разгублены выраз твару, неяк фальшыва ажывіўся, апусціўся перад нерухомым маёрам і загаварыў па-жаночы хуценька, вінавата і адначасна фальшыва:
— Таварыш маёр! Таварыш маёр! Вы жывыя?
Тады ў доле нядобра прастагнаў Шчарбак. Павольна, пэўна, ледзьве пераадольваючы стому, ён узняўся на рукі, затым на калені, прыступіў на адну нагу, на другую… Твар яго стаў яшчэ страшнейшы — да часу пастарэлы, счарнелы і ўпарты хлапечы твар, — марудна паднімаўся ён, несучы ў вачах поўны нянавісці і злосці погляд, скіраваны ў бок Блішчынскага. Цімошкіна Шчарбак чамусьці не заўважаў, нібы яго і не было тут. Адчуваючы, што здарылася жахлівае, хлопец, не цямячы нічога, вінавата стаяў побач.
А Шчарбак тым часам устаў і, не зводзячы лютага позірку з Блішчынскага, счырванелай рукой намацаў ззаду свій кабур, дастаў пісталет і знясіленым павольным рухам тузануў узад і наперад затвор.
— Скідай шынель, воўчая душа! — сіпатым прастуджаным голасам сказаў ён Блішчынскаму. Той, хіснуўшыся, ускочыў ад маёра, ускінуў перад тварам рукі з тонкімі дрыготкімі пальцамі і замармытаў агідна і жаласна:
— Стой, стой! Што ты?! Завошта? Я ж нічога… Клянуся!..
— Клянешся? Ах ты падлюга, здрадніцкая морда!.. Клянешся? А маёра хто кінуў? Хто сам ратаваўся? Не, не выйдзе, гніда!
Ён сагнуў руку з пісталетам, скіроўваючы яго ў грудзі Блішчынскага, і тады, можа, за якое імгненне да стрэлу, нейкая сіла штурхнула Цімошкіна да сябра. Ён схапіў яго за руку і, сам не ведаючы чаму, загаманіў:
— Стой, Ваня! Стой! Не трэба! Потым! Чуеш? Потым. Шчарбак ірвануў ад яго руку.
— Прэч! Не замінай!
Але ўжо гэтае кароткае імгненне прамаруджання дало, пэўна, Грышку магчымасць апамятацца, і ён закрычаў другім, абураным голасам:
— Што ты робіш?! У каго страляеш?! Разбярыся, зразумей, дурань. Завошта губіш!!!
Ці гэта зрабіла сваё ўражанне, ці тое, што Цімошкін паспеў крыкнуць, што тут недалёка немцы, але Шчарбак апусціў пісталет.
— Ах ты, сабака! — калоцячыся ад злосці, хрыпеў Шчарбак. — Ён яшчэ абураецца, ён выкручваецца. Глянь во! — паказаў хлопец у дол, дзе па-ранейшаму нерухома ляжаў маёр. — Во што ты нарабіў, свалата прадажная. А яшчэ сяржант! А яшчэ пісар! Ну чакай! Ад мяне ты не ўцячэш. Я цябе з-пад зямлі дастану!
— Ды што ты? Што ты на мяне накінуўся? Я яго кіламетр цягнуў. Але ж ён памёр! Зразумей! Памёр… я думаў. Таму і паклаў. Як жа несці! Немцы вакол. Сам жа ведаеш, чалавек ты!
Ён ужо зразумеў, што небяспека мінула, і нават паспрабаваў фальшыва ўсміхнуцца, каб упэўніць Шчарбака, што той памыляецца.
Іван нервова запіхаў у кабур пісталет і, не зводзячы з пісара цяжкага позірку, зморана і злосна хрыпеў:
— Свайго камандзіра, свайго начальніка параненага кінуць пад самым носам у ворага! От свалата, от жа нягоднік! А што цяпер? — Ён цяжка і павольна апусціўся на калені перад маёрам. — Рукі памарожаны, ногі, пэўна, таксама. Ну, дай цяпер рады. Як дасі?
Цімошкін таксама падаўся да маёра — шызы шынель таго на плячах і грудзях быў у рудых падмёрзлых плямах крыві, пабялелы твар здаваўся зусім нерухомы, толькі пад вокам неспакойна торгалася нейкая маленькая жылка. Маёр даўно, відаць, страціў прытомнасць і ціха стагнаў у часе кароценькіх неглыбокіх уздыхаў.
— Цяпер ты яго панясеш, воўчая душа, — паднімаючы ад параненага голаў, сурова сказаў Шчарбак. — Адсюль і да канца.