Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
— Ты мяне не паважаў i паважаць ніколі не будзеш,— адвёў вочы Расціслаў.— Я часамі нават здзіўляюся, чаму ты столькі церпіш мяне, не звядзеш са свету. Можа, толькі таму, што асцерагаешся Данілы.
— Не толькі.
— Дык яшчэ чаму?
— Каб бачыць усе хады адкрытага галіцка-валынскага віжа, які з-за псовай службы гатоў прадаць i маці родную.
— I табе дзякуй за шчырасць,— схіліў галаву Расціслаў.— Але ведай: цяпер гэты віж-здраднік можа памагчы табе. Канечне, за паслугу: цяпер я павінен быць першым тут пасля Данілавага сына. Ды ты не крыўляйся, не пахмыляйся, болей падумай не толькі пра нябеснае, але i пра зямное. Пра маладую жонку i малое дзіця. Клопат пра сям'ю — не малая турбота. Дзеля яе, бывае, трэба ісці i на тое, на што душа i не згаджаецца...
— Асабліва, калі ў цябе такая жонка, як Раксана!
— Не заракайся! I тваё цялятка рана-позна будзе з рагамі!
— Кепская тая дамова, дзе вала бадзе карова!
— А не бывае, каб цябе што-небудзь ды не баданула. А цяпер ты i сам можаш сябе бадануць...
«Што ж,— нявесела падумаў Усяслаў,— бадай, нікчэмец кажа горкую праўду...»
7
Князя Ізяслава адспявалі, адслужылі па ім малітвы ў царкве, ушанавалі яго шэсцем дружын у баявых даспехах, а пасля ягонае дагледжанае лекарам цела паклалі ў выдзеўбленую з вялікага шэра-цёмнага каменя ракудамавіну, накрылі яе абчасанай каменнай глыбаю, замуравалі i паклалі спаць вечным сном у царкве побач з саркафагамі яго бацькі, маці, жонкі i сыноў.
Навагародскі люд — кавалі, залатары, купцы, чэлядзь i іхнія сем'і з вакольнага горада, а таксама смерды, лоўчыя, ^ортнікі, варшчыкі жалеза з блізкіх i далёкіх сельскіх паселішчаў,— дык вось люд, які імкнуўся трапіць калі не да княскага хорама i ў царкву, то хоць бы ў дзяцінец, каб на свае вочы ўбачыць князя-нябожчыка i жалобна-ўрачыстыя пахавальныя цырымоніі, спакваля разышоўся па сваіх хацінах; Навагародак апусцеў, заціх у смутку; дружыннікі па-ранейшаму трымалі ўсё пад пільным назіркам, каб без іхняга ведама ніводзін чалавек з падазронымі намерамі не змог вышмыгнуць з Навагародка ці пранікнуць у яго, найперш употай абсочваючы Расціславаў дом. Расціслаў, не здолеўшы паслаць у Холм свайго чалавека ў першы дзень князевай смерці, не супакоіўся: паспрабаваў упіхнуць у людское скопішча, а пасля выімкнуцца на холмскі шлях не абы-каго, a дружынніка, Усяслававага Любаміра. Але пільная варта i яго перахапіла, a калі добра прыціснулі, дык той прызнаўся, што Расціслаў хацеў праз яго перасцерагчы Андрэя-дворскага: князь Ізяслаў памёр, а перад смерцю наказаў Усяславу запрасіць у Навагародак князя з Літвы, так што не ўпускайце свайго, не давайце Навагародку i Літве вырасці ў вялікую сілу, шліце свае дружыны i з імі садзіце тут на пасад аднаго з Данілавых сыноў!..
«Як ты мог паслухаць змея i здрадзіць Навагародку? — сам дапытваючы з выбітымі зубамі i паламанай рукою Любаміра, ледзь не тросся ад гневу i крыўды Усяслаў.— Чым ён цябе спакусіў? Навагародак — твой жа родны горад, а ты...»
«Ты, баярын, вінаваты»,— адказаў той, моршчачыся ад болю.
«Я? Чым?»
«Ты адабраў ад мяне Любку».
«Дык ты з-за гэтага прадаў сваю душу? З-за помсты мне?»
Той замаўчаў, можа, i ўражаны, што яго гэтак знявечылі, а Бялян, які быў на допыце, ажно ўзарваўся: «На кол яго! Альбо гайню выжлаў спусціць на яго, паршывага сабаку!»
«Дурань ты, якая не была б любая табе дзяўчына, што пайшла за другога, але здраджваць з-за гэтага роднаму гораду, сваёй вотчыне — злачынства,— паўшчуваў Усяслаў.— Ідзі, падумай-паразважай. Захочаш крывёю змыць сваю віну — дам табе такі шанец. Не адумаешея — сам вырашу твой лес».
«Дарэмна, баярын, ты да яго такі мяккі,— стрымана, але незадаволена прамовіў рашучы i без літасці да здрадніцтва Бялян.— Змяюк ёсць змяюк. Не ўкусіў цяпер — джгне пазней. Ды i іншых такіх трэба было б перасцерагчы».
Ён — найперш з-за Любкі, каб не азмрачаць ёй настрой i не пакідаць на яе сэрцы камень быццам яе віны за Любаміраў лес — сказаў Беляну: «Давай дадзім яму выратавальны шанец. Усё ж ён добры дружыннік, a калі перагарыцьперадумае, дык, можа, i добрым чалавекам стане».
Праўда, калі хто-небудзь з гасцей шчыра ці наўмысна з хітрасцю пытаў, ці паслалі ў Холм ганца, Усяслаў моўчкі ківаў галавою: так. A калі князі i баяры з падуладных Навагародку ваўкавысцкай, слонімскай, гарадзенскай, свіславіцкай, здзітаўскай зямель улучвалі спрыяльную хвіліну i пыталіся пра новага ўладара Вялікага княства Навагародскага, дык ён прасіў ix пачакаць, а на такі ж запыт захмялелых гасцей за жалобным сталом меў іншы адказ: «Не будзем тут разводзіць такую гутарку», a калі запрошаныя, праўда, паасобку, пры развітанні прасілі ўсё ж сказаць ім хоць слова пра лес навагародскага пасаду, дык ён толькі намякаў: «Усё хутка вырашыць наша веча».